Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ро́галь ’няўдалы хлеб’ (ПСл.). Відаць, з польск. rogal ’рагалік’, успрынятага з адмоўным значэннем. Параўн. мар. rohél, чэш. rohlík, названыя паводле падабенства з рогам; тое ж славац. rožek, а таксама ням. Hörnel, Hörnehek (Махэк₂, 515).

Ро́гат ’гучны, нястрымны смех’ (ТСБМ, Шат., Байк. і Некр., ТС; пух., Сл. ПЗБ), рёгат ’тс’ (Растарг.), ’празмерны рогат’, ’іржанне’ (Нас.), ро́гаткі ’смех’ (Сцяшк. Сл.). Укр. ре́гіт, рус. рёгот ’тс’, польск. rzegot ’кваканне’, н.-луж. rjagot ’бразганне, звон, трэск, шум, кваканне, краканне, гогат’, в.-луж. rjehot ’іржанне’, чэш. řehot, řeht ’іржанне, смех’, славац. rehot ’тс’ — аддзеяслоўныя ўтварэнні з суф. *‑ot‑/‑ъt‑ са значэннем ’грукат’. Да paгатаць (гл.).

Ро́гаць ’утвараць спакойныя гукі (пра свіней)’, ро́хкаць, ро́хаць, ру́хаць, ру́хкаць, кру́хаць, кро́хаць (віц., маг., брэсц., гом., ЛА, 1). Гукаперайманні.

Ро́гач ’дзяржанне, ручка ў касе’, ’дышаль у возе для валоў’ (ПСл) — адсубстантыўны назоўнік з суф. ‑ačь (Слаўскі, SP, 102). Параўн. балг. рога̀че ’ручкі ў плузе’. Да рог1 (гл.).

Ро́гель ’пояс, які злучае дзве кроквы паміж сабой’ (кам., Нар. сл.). З польск., параўн. вялікапольск. rygle ’тс’, якое з ням. Riegel з тым жа значэннем (Басара, Terminol., 2, 51); ‑о‑ ў першым складзе пад уплывам рог, рогі ’перасячэнне схілаў страхі’ (ц.-палес., усх.-палес., Нар. сл.).

Род1, руод, ро̂д, рід ’рад пакаленняў, якія паходзяць ад аднаго продка’, ’асноўная арганізацыя першабытнаабшчыннага ладу’, ’родзічы, сваякі, радня’, ’сям’я’, ’паходжанне, прыналежнасць да пэўнага саслоўя’, ’разнавіднасць, сорт, тып’, ’спосаб, характар, напрамак’ (ТСБМ, Федар. 6, Мат., ТС, Др.-Падб., Бяльк., Ян., Бір., Стан., Бес., Байк. і Некр., ПСл; мін., Шн.; калінк., воран., ЛА, 3; Яшк., Сцяшк., Сл. ПЗБ), ’пол’ (Байк. і Некр.), ’парода (пра жывёлу)’ (ПСл). Укр. рід, рус. род, польск. ród, н.-луж. rod, в.-луж. ród, чэш., славац. rod, славен. rȏd, серб. ро̑д і харв. rȏd, макед. род, балг. род(ъ̀т), ст.-слав. родъ. Прасл. *rodъ, звязанае чаргаваннем у корані з ц.-слав. редъ ’ежа’, ’з’яданне, паглынанне’, славен. redíti ’карміць, гадаваць, вырошчваць’, роднаснае лат. rads ’родзіч’, ’пол’, ’крыніца, пачатак, паходжанне’, ’радня’, raža ’багаты, шчодры ўраджай’, ’поспех’, ’вялікая сям’я’, літ. rasmė̃ ’ураджай’, лат. rasma ’росквіт, урадлівасць’ (Міклашыч, 280, Махэк₂, 514; Фрэнкель, 683), ст.-інд. vrādhant‑ ’які паднімаецца’, várdhati ’расце, множыцца, узмацняецца’, vṛddhás‑ ’які вырас, вялікі, стары’, авест. vərəẟaiti ’расце’, ст.-грэч. ὀρυός, дар. βορυός ’прамы, правільны, сапраўдны’ (Фасмер, 3, 490–491). З гэтых форм выводзяць назоўнік дзеючай асобы і.-е. u̯ródhos‑, якое з асновы цяпер. часу u̯rédhe/o (Траўтман, 234; Фасмер, 3, 491; Бязлай, 3, 190; Покарны, 1167; Младэнаў, 562; БЕР, 6, 296; ESJSt, 13, 771–3). Трубачоў (Дополн., 3, 491), супастаўляе слав. *rodъ з арм. ordi ’сын’, хец. h̬ardu‑ ’праўнук’ і ўзводзіць іх да і.-е. *əordh‑ ’высокі’, ’які вырас’. Ондруш (, 9, 1958, 150) услед за Трубачовым шукае сувязь паміж *rodъ і *orsti ’расці’.

Род2 ’роды’ (віл., Сл. ПЗБ), н.-луж. rod, в.-луж. ród ’нараджэнне’. Да радзі́ць (гл.). Сюды ж ро́ды ’фізіялагічны працэс выхаду плода з цела маці’ (ТСБМ, ТС).

Род3 ’ураджай’ у выразе: дай, Божа, на жытычко род (маг., Шн.; Жд. 2, Ян., Юрч. Вытв.), серб. ро̂д і харв. rȏd, макед. род ’тс’, рус. маск. роди́вый ’які дае багаты ўраджай’, укр. роди́ти, бел. радзі́ць ’даваць багаты ўраджай’. Старажытнае балтаславянскае ўтварэнне, параўн. лат. raža ’багаты ўраджай’ (з *radi̯ā), а таксама славен. rodína, серб. родѝна, харв. rodìna ’ўрадлівасць’, серб. ро́дац ’пладовае, пладаноснае дрэва’. Сюды ж ро́дный ’урадлівы’ (Юрч. Фраз. 2, Юрч. СНС), ро́дны ’пладавіты, ураджайны’ (Нас., Стан.), ’буйны, высокага росту’ (Нас.).

Ро́джаны ’народжаны’ (Янк. 2, Жд. 3, Мат. Гом.) — з прасл. дзеепрыметніка *ordjenъ, які з *orditi > радзі́ць (гл.).

*Ро́дзіва, родзіво: вон з родзіва малы́ ’змаленства’, першапачаткова ’роды’ (ТС), параўн. з укр. ро́диво ’роды’, якое з прасл. *orditi і суф. ‑i‑vo (Вондрак, Vergl. gr., 411).

Ро́дзімка ’ружовыя месцы на шчацэ’ (мазыр., ЛА, 3), ро́дзінка ’тс’ (брэсц., там жа) — у выніку субстантывацыі дзеепрыметніка *rod‑imъ < *roditi > радзі́ць (гл.). Мена ‑м‑ > ‑н‑, відаць, пад уплывам рус. ро́динка ’радзімы знак, радзімка’.

Ро́дзіна1 ’радня’ (Нас., Касп.; ганц., лун., ЛА, 3), ро́дзічка ’тс’ (віц., Хрэст. бел. дыял.). Да радзі́на, род (гл.).

Ро́дзіна2 ’сям’я, род’ (Жд. 3; беласт., віл., воран., Сл. ПЗБ) пад уплывам польск. rodzina ’сям’я’.

Ро́дзіна3 ’радзіма, бацькаўшчына, роднае месца’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ; ТС). Відавочна з рускай мовы, у якой ро́дина ’родная старонка’ упершыню сустракаецца ў Дзяржавіна. Параўн. радзіма (гл.).