Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Тарнава́ць1 ’малаціць перавернутыя неразрэзаныя снапы’ (Нас.), ’малаціць неразвязаныя снапы’ (Байк. і Некр.), ’малаціць перакуленыя неразрэзаныя снапы’, ’адбіваць калоссе і адкідваць яго ўбок’ (Касп., Стан.). Параўн. рус. дыял. тарнава́ть ’малаціць збожжа ў снапах, папераменна іх пераварочваючы’, торно́вка ’малацьба звязаных снапоў’. Гл. тара́ніць ’біць, разбіваць цэпам перавязь у снапоў дзела лепшага абмалоту’ (гл.), паводле Насовіча (Нас.), звязана з таран2 (гл.). Няясна. Рускія словы выводзяць са сторновать ’тс’, якое суадносяць са стернь (Праабражэнскі, 2, 385; Фасмер, 4, 84), гл. сцёран2, стырня, або са сторона (Новое в рус. этим., 219), гл. старана.

Тарнава́ць2 ’табаніць, прычальваць, прыставаць да берага’ (Ласт.), ’кіраваць, накіроўваць у пэўным напрамку’ (віл., шальч., Сл. ПЗБ), ’тармазіць, затрымліваць (плыт)’ (віл., іўеў., брасл., Сл. ПЗБ), тарнава́цца ’швартавацца’ (карэліц., ЖНС). З мовы плытагонаў, параўн.: “Гануля тарнуй: выкрык плытнікаў на Нёмане, азначаючы каманду прыбіваць плыт да берагу” (Ласт., 698). Няясна; мяркуюць пра сувязь з ням. steuern ’кіраваць’ (Сл. ПЗБ, 5, 90). Гл. таксама тарно, тарнавы.

Тарнава́ць3 ’біцца ў канвульсіях’: тарну я кунвурсія; тарнуе (пра эпілепсію) (чэрв., Сл. ПЗБ; ЛА, 3), ’трэсціся ў ліхаманцы’ (Жд. 1), ’турбаваць, хваляваць’ (Растарг.), тарнава́цца ’калаціцца ад злосці, страху’ (Жд. 1), ’мардавацца’ (жлоб., Нар. словатв.), ’неспакойна стаяць, кідацца ва ўсе бакі’ (чач., ЖНС), ’насіцца, бегаць’ (Ян.), ’гарэзіць, шумець (пра дзяцей)’ (ветк., Ск. нар. мовы), сюды ж таранава́ць ’пра стан, калі чалавек неспакойна сябе паводзіць’ (там жа). Запазычанне, параўн. польск. дыял. tarny ’мурашкі, дрыжыкі (на целе)’, tarnieć ’дранцвець’, tarnąć ’церпнуць’, што, паводле Брукнера (566), з першаснага *tarpnąć, гл. цярпець, церпнуць.

Тарнава́ць4 ’прыстасоўваць, прымяняць’ (Стан.), ’адносіць; рабіць прыгодным для выкарыстання, прымянення’: ён гэта тарнуе да мяне (віл., Стан.), тарнава́цца ’прыстасоўвацца’ (Гарэц., Байк. і Некр.), ’уладкоўвацца, размяшчацца’, ’прыстасоўвацца, дапасоўвацца’ (віл., Стан.). Наватвор 20‑х гадоў на базе тарнаваць3 з першасным значэннем ’турбаваць, хваляваць’; зафіксавана ў першым выданні слоўніка братоў Гарэцкіх (Гарэц. 1) у прыставачным дзеяслове прытарно́ўваць ’прыстасоўваць, дапасоўваць’, параўн. у сучасным ужыванні тарнаванае мастацтва ’ўжытковае, прыкладное мастацтва’ (Беларусіка, 19, 226), з далейшым развіццём значэння ’дастасоўвацца, датычыцца’.

Тарнава́ць5 ’цягнуць, несці, везці цяжкае ці вялікае’ (Мілк.). Відаць, звязана з тараніць3 ’несці’, гл.

Такава́ць ’падклікаць спевам і рухамі самку ў перыяд спарвання (пра глушца і цецерука)’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.; віц., Яшк. Мясц.), токова́ць ’тс’ (ТС). Укр. токува́ти, рус. токова́ть, польск. tokować ’тс’ (з XVIII ст.), каш. tokowac ’праяўляць жаданне супакоіць праявы хцівасці (пра суку)’, в.-луж. tokać (з чэшскай мовы: Шустар-Шэўц, 1512), чэш. tokat ’прывабліваць самку (пра цецерукоў)’, старое tokovati, славац. tokať ’тс’. Выводзіцца паходжанне слова ад гукаў, якія самцы ўтвараюць падчас любоўнай узбуджанасці (Міклашыч, 358; гл. таксама Махэк₂, 646; Рэйзак, 665); гукі самца-глушца параўноўваюць са шчоўканнем пазногця аб няпоўны пачак запалак (Федз.–Доўб., 37–38, 44). Параўн. акрамя чэшскіх і славацкіх дзеясловаў рус. пск. то́кать ’тукаць, стукаць, пастукваць’, таксама ’(пра цецерукоў) такаваць’, укр. то́кот ’сэрцабіццё’, токота́ти, токоті́ти ’мерна і часта стукаць’ і н.-луж. пераноснае tokotaś, tokontaś ’увесь час спатыкацца, хістацца’. Словаўтварэнне, як у кукаваць (гл.); адносіны да ток5 ’такаванка, такавішча (птушак)’ (гл.), з якога выводзілі дзеяслоў Брандт (РФВ, 25, 29–30) і Брукнер (573), застаюцца нявысветленымі. Гл. таксама Борысь, 637.

Талачы́ць ’выконваць талакою працу (вывозіць гной, вазіць бярвенне і пад.)’, ’святкаваць заканчэнне працы’, ’таптаць, мясіць, есці на корані (пра пасевы, траву)’ (ТСБМ), ’таптаць пасевы, траву’ (Некр. і Байк., Шат., Растарг.), ’збіваць, таптаць, мяць, ламаць нагамі (пасевы хлеба, гародніну, сенакос)’ (Нас.), талачы́ць, тало́чыць ’удзельнічаць у супольнай працы’ (Сл. ПЗБ), талачы́цца ’важдацца’ (Жд. 2); сюды ж талачня́ ’цісканіна, таўкатня’ (Ласт.), тало́ча ’тс’ (Сцяшк. Сл.), талачэ́ча ’таўкатня, бязладдзе’ (Адм.). Параўн. укр. толо́чити ’мяць, таптаць (пасевы, расліны); цягнуць, валачы’, рус. толочи́ть ’вытоптваць траву, пасевы’, польск. tłoczyć ’ціснуць; прыгнятаць, гнясці; таптаць’, ’пакідаць адлогам (поле)’, славац. tlačiť ’набіваць, напіхваць’, чэш. tlačiti ’ціснуць, піхаць, прыгнятаць’, в.-луж. tłóčič ’ціснуць, гнясці’, н.-луж. tłocyś ’таптаць, ціснуць’, серб.-харв. тла̏чити ’ціснуць; таптаць; прыціскаць, гнясці’, славен. tlačiti ’тс’, ст.-слав. тлачити ’біць, таўчы, прыгнятаць’. Прасл. *tolčiti ’ціснуць, гнясці, прыціскаць’ — шматкратны дзеяслоў ад прасл. *telkti ’біць, таўчы, гнясці’ або ўтварэнне ад назоўніка *tolkъ (гл. толак), гл. Борысь, 634; паводак Шустара–Шэўца (1509), каўзатыў ад *telkti (гл. таўчы).

Тапы́рыць ’паднімаць, ставіць тарчма, настаўляць (валасы, шэрсць і пад.)’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Гарэц.), тапы́рыць ’апранаць з шыкам’ (Нас.), тапы́рыць ву́шы ’стрыгчы вушамі (пра каня)’ (Жыв. св.), тапы́рыцца ’стаяць тарчма, напружвацца, супраціўляцца’ (ТСБМ), ’распускаць пер’е, настыбурчвацца’ (Шат., Гарэц., Нас.), ’гневацца, злавацца’, ’апранацца з шыкам’ (Нас.), ’задавацца, фанабэрыцца’ (Некр. і Байк.), сюды ж тапы́ря ’капрызнік, капрызніца’ (Юрч. Фраз. 2), тапы́рны ’горды, напышлівы, вычварны’ (Шпіл.). Укр. дыял. топи́рити ’натапырваць’, рус. топы́ритъ ’падымаць дыбка, натапырваць’. Да пы́рыць (гл.), якое, як мяркуюць, роднаснае да пяро́, пе́р’е (ЕСУМ, 5, 598; Фасмер, 4, 81; Махэк₂, 98), што неабавязкова. Пачатак слова ідэнтыфікуюць з экспрэсіўным ‑то‑ ў рус. растопы́ритъ ’развесці, расставіць’ (Фасмер, 3, 446; сумненні гл. Пятлёва, Этимология–1978, 66), або выводзяць з прыстаўкі ото‑ ў рус. отопы́риться ’надуцца, наставіцца, распушыць пер’е’, гл. Тадораў, Зб. Варбат, 361: тут адмаўляецца агульнае паходжанне з рус. топо́рщить ’тс’ (гл. тапоргичыць, тапыршчыць). Несумненна збліжэнне некалькіх этымалагічна розных, але блізкіх па значэнні слоў, параўн. яшчэ тапарашчыць, тапурыць, гл.

Тарато́рыць ’гаварыць вельмі хутка, скарагаворкай’ (ТСБМ), ’гаварыць хутка, гучна’ (мёрск., Нар. лекс.), ’балбатаць, гаварыць абы-што’ (Ласт., ТС), тарахто́рыць ’балбатаць, лапатаць, сакатаць’ (Скарбы); сюды і тарата́рыць, гл. Параўн. укр. дыял. тарато́рити ’балбатаць, плявузгаць’, рус. тарато́ритъ ’лапатаць’, чэш. trátořiti, славац. trátoriť ’шмат гаварыць, балбатаць’. Прасл. дыял. *tortoriti з прасл. *tortor‑, якое з’яўляецца падвоеным індаеўрапейскім коранем *tor‑ ’гучны; выразны’, магчымы варыянт *ter‑ (Анікін, ОЛА, Исследов., 1984, 284–286). З непадвоеным коранем у серб.-харв. тр̀тосити ’балбатаць не змаўкаючы’, рус. дыял. бато́рить ’балбатаць’, гл. таксама гутарыць, што да *toriti, гл. ЭССЯ, 1, 166; Атрэмбскі, Зб. Романскаму, 72; параўн. таксама славен. trtrati ’шумець, мармытаць’ < *tьr‑tьr‑ (Куркіна, Диал. структура, 86: узводзіць да *terti, гл. церці). Індаеўрапейскія адпаведнікі: літ. tarýti > tar̃ti ’вымавіць; сказаць’, грэч. τορός ’прарэзлівы’, *τορέω ’выразна абвяшчаю; прабіваю’, ст.-інд. tāṛá‑ ’гучны; праніклівы’, хец. tar‑ ’казаць; называць’ (Фасмер, 4, 86–87; Махэк₂, 636; Карскі 2–3, 87; Чарных, 2, 229; Новое в рус. этим., 230; ЕСУМ, 5, 521).

Талакно́ ’мука з ачышчанага пражанага аўса; страва з такой мукі’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Касп., Серб. Вічын, Шат., Бяльк., Сержп. Прымхі, Пятк. 2, Сл. ПЗБ, ЛА, 4), ’страва з аўса’ (Жд. 3), ’кісель з аўсянай мукі’ (полац., ЛА, 4), ’зацірка з цёртага канаплянага семені’ (Мат. Гом.), ’страва, прыгатавала з грэцкай мукі і кіслага малака’ (лях., Сл. ПЗБ), талакно́, толокно́ ’страва з аўсянай мукі або патоўчанага канаплянага семені’ (Лекс. Бел. Палесся), толокно́ ’страва з аўсянай мукі’ (ТС). Параўн. укр. толокно́ ’мука з падсушанага аўса, тоўчаных сухароў’, рус. толокно́ ’тоўчаная аўсяная мука, каша з гэтай мукі’, польск. tłokno ’ежа з аўсянай мукі, гарачай вады і малака’. Паводле Сноя (гл. Бязлай, 4, 187), сюды ж славен. *tlakno ’нейкая мучная ежа’, рэканструяванае на падставе запазычання ў ням. бавар. Talken ’аўсяныя крупы’, што да *tolkъno, з якога праз усходнеславянскія мовы было запазычана фін. talkkuna ’аўсяная каша’ (Фасмер, 4, 73). Звязана з таўчы (гл.), паколькі рэдкая словаўтваральная мадэль з суф. ‑ъno (параўн. сукно, валакно і пад.) характэрна для старых назваў вынікаў дзеяння, выражаных зыходным дзеясловам.

Та́яць (та́иць) ’раставаць’ (Нас.), та́яць ’тс’ (Ласт., Бяльк.; ашм., Стан.), та́е, та́я, та́іць, та́не, та́ня ’растае’ (ЛА, 2), ст.-бел. таяти ’тс’ (КГС); сюды ж таць ’тс’ (гл.). Укр. та́яти ’раставаць’, рус. та́ять ’тс’, польск. tajać ’тс’, н.-луж. tajaś ’тс’, в.-луж. tać ’тс’, чэш. tát ’тс’, славен. tájati se ’тс’, серб.-харв. та̏јати ’прасочвацца, працякаць’, макед. дыял. таи ’тс’, ’раставаць’, балг. та́я ’тс’, дыял. та́е ’прапускае (пра порысты, няшчыльны посуд)’. З прасл. *tajati (*ta‑ja‑ti ад асновы цяп. ч. *tajǫ, *taješь) ’раставаць’, роднаснага да ст.-інд. tṓyam ’вада’, грэч. τήκω ’растопліваць; расчыняць’, дар. τάκω ’тс’, лац. tābeo, ‑ere ’раставаць, расцякацца; распадацца, разлагацца’, асец. t‘ayun ’раставаць’, арм. t‘anam ’змочваю, увільгатняю’, ст.-в.-ням. douwen, ням. tauen ’тс’, ст.-англ. þāwian, англ. thaw ’тс’, ст.-ірл. tām ’чума’, вал. tawdd ’растоплены’; усё да індаеўрапейскай асновы *tā‑ ’раставаць, расплаўляцца’ (Фасмер, 4, 30; Чарных, 2, 230; Брукнер, 563; ЕСУМ, 5, 515; Борысь, 625; Шустар-Шэўц, 1494; Бязлай, 4, 147; Трубачоў, Труды, 1, 313–314). Варыянты асновы ў раставаць, растаць.

Тады́ ’ў той час, у той момант’, ’пасля таго’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Касп., Ласт., Некр. і Байк., Бяльк.), сюды ж фанетычныя варыянты тоды́ ’тс’ (калінк., Сл. ПЗБ) і тадэ́ ’тс’ з дыялектнай субстытуцыяй націскнога (Сцяшк.). Ужо ў ст.-бел. з пачатку XV ст. фіксуецца форма без выбухнога тоды ’тады’ (КГС). Укр. тоді́, дыял. тоди́, рус. дыял. тоды́, тады́, тада́, польск. tedy, wtedy, ст.-польск. teda, каш. tedë, палаб. tådĕ, tüdĕ, чэш. tedy, ст.-чэш. teď, tedě, славац. старое і дыял. tedy, в.-луж. (размоўнае), н.-луж. tedy, ted, серб.-харв. та̏д, та̀да, та̀да̄, славен. дыял. tọ̑di; усе з базавым значэннем ’тады; у той час, тыя часы’. Праўдападобна, што яшчэ на праславянскай глебе на базе першапачатковых спрадвечных форм *togda/*tъgda//*togdy/*tъgdy ўзніклі іх дыялектныя варыянты без выбухнога як вынік аналогіі з найменнямі тыпу *kǫdy і пад. альбо на падставе ўласна фанетычнага развіцця каранёвага спалучэння зычных ‑gd‑, менавіта дысіміляцыі, якая спачатку прывяла да з’яўлення на месцы выбухнога фрыкатыўнага гука, а потым з паступовым аслабленнем і да яго поўнай рэдукцыі. Параўн. тагды, гл., а таксама ESSJ SG, 2, 667–671 з літ-рай; ЕСУМ, 5, 590.

Тармасі́ць ’тузаць, торгаць’, ’чапляцца’ (ТСБМ), ’трасці, тузаючы; цягаць, рваць’ (Нас.), ’трасці, тузаць’ (Ласт., Растарг.), ’торгаць за валасы або вуха’ (Варл.), ’растрасаць пражу пасля адпарвання’ (Жд. 2), тармасі́ць ’тармазіць’ (Гарэц.), тормосі́ті ’трасці’ (Вруб.), тармасі́ць, тармашы́ць ’торгаць’ (Некр. і Байк.), тармасну́ць ’трасануць’ (Юрч. Вытв.), тармса́ць ’тузаць, торгаць, трапаць’ (ТС); ст.-бел. тармоси́ти, тормоси́ти ’тармасіць’ (1597 г., КГС); сюды ж тармаса́ ’валтузня, важданіна, тармашэнне’ (Нар. словатв., Федар. 4), тармасава́цца ’валтузіцца’ (Яруш.; навагр., Шн. 2), укр. термо́сити, дыял. тормо́си́ти ’цягаць, тузаць, трэсці; хістаць’, тирмо́сити ’тармашыць’, рус. тормоши́ть ’тс’, польск. tarmosić, дыял. termosić ’тузаць, трасці; мяць, гнясці’, славац. trmosiť sa ’трэсціся, тузацца’, а таксама фармальна адрозныя без суф. ‑os‑, што інтэнсіфікуе дзеянне, укр. дыял. те́рмати ’тармашыць, тузаць, трасці’, чэш. trmácet ’мучыць, стамляць’, дыял. trmati ’тс’, славац. trmať ’вырываць, тармасіць, тузаць’. На падставе апошніх выводзіцца мажлівае прасл. *tr̥mati ’тузаць, рваць’, што з першаснага *tr̥m‑ < і.-е. *ter‑ з пашыральнікам ‑m‑ і значэннем ’церці’ (Борысь, 628). Мяркуюць, што можа быць аддалена роднасным да грэч. τρέμω ’трымчу, трасуся’, лац. tremo, ‑ere ’трымцець’, тахар. A träm ’тс’, тахар. B tremem ’трымценне, дрыжыкі’, алб. дыял. trem ’палохаюся’, літ. trìmti ’дрыжаць ад холаду’ (Фасмер, 4, 84; Махэк₂, 651; ЕСУМ, 5, 554).

Та́бар1 ’стан або абоз цыганоў’, ’умацаваны лагер з абозам’, ’часовая стаянка; бівак’ (ТСБМ, Нас., Ласт.), та́бор ’тс’ (Вруб.), сюды ж вытворныя та́барышча ’месца стаянкі цыганоў; выган, паша’ (Бяльк.), ’скопішча, стан’ (Нас.), та́бірышча ’месца жыхарства’ (барыс., Сл. ПЗБ), табо́ры мн. л. ’лагер’ (вільн., Сл. ПЗБ), та́барыцца ’сяліцца’ (віл., Сл. ПЗБ). Укр. та́бір, та́бур, рус. та́бор, польск. tabor, чэш., славац. tábor, славен. tábor, серб.-харв. та̑бор, балг. та́бор ’тс’, макед. табор. Ст.-бел. таборъ ’абоз, табар’ запазычана ў канцы XVI ст. са ст.-польск. tabor, якое, у сваю чаргу, лічыцца запазычаннем XV ст. са ст.-чэш. tábor. Першапачаткова азначала гусіцкі лагер і паходзіла ад аднайменнай назвы зададзенага гусітамі горада Tábor, якая ад наймення біблейскай гары Thabor (Фавор у Назарэце), гл. Трубачоў, Дополн. (4, 7, з літ-рай.), Голуб-Ліер, 475; Рэйзак, 648. Мажліва, таксама з крым.-тат. tabur ’вайсковы абоз’ (Фасмер, 4, 6–7; ЕСУМ, 5, 499; Булыка, Лекс. запаз., 122), дзе з польск. tabor або венг. tábor (Брукнер, 563). Вывядзенне з тур. tabur ’полк, батальён, пастроены ў выглядзе квадрата’, першапачатковая семантыка ’месца, прастора, якую атаварыў полк’ (Сной₁, 651), абвяргаецца цюрколагамі, гл. Немет, Acta Ling. Hung., 3, 431–436; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 387. Параўн. атабарыцца, гл.

Та́бар2 ’гайня ваўкоў’ (чашн., круп., ЛА, 1), ’гайня, зграя ваўкоў і сабак’ (Жыв. св.). Метанімічны перанос з та́бар1 са значэннямі ’група; скопішча’.