Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Транпыж ’невялікая размечаная палачка для гульні, цурка, чыжык’, ’гульня з такой палачкай’ (Рам. 8). Няясна.

Транса́ва ’дрыгва, багна, топкае месца’ (Скарбы; бераст., ваўк., гродз., ДАБМ; Сл. ПЗБ), трансаві́ца ’тс’ (шальч., Сл. ПЗБ; ваўк., ЛА, 2), ’зарослае трысцём месца на рацэ або на возеры’ (Сцяшк.), транцаві́ца ’тс’ (зэльв., ДАБМ), трэнсэ́віца ’топкае месца на балоце’ (бяроз., драг., ЛА, 5), сюды ж транса́вы, транца́вы ’дрыгвяны’ (маст., Сл. ПЗБ), транса́вы мн. л. ’топкае балота, дзе калышацца верхняе покрыва’ (гродз., бераст., ЛА, 2; Сцяшк.), трансаві́сты ’топкі, гразкі’ (Сцяшк.). З польск. tręsawa, trzęsawica ’дрыгва, багна’.

Транса́кцыя ’пагадненне, здзелка’, ’перавод грашовых сродкаў’ (Булыка, СІС). Інтэрнацыяналам, запазычаны праз рускую мову; ст.-бел. транзакцыя ’ўмова’ (1686 г.) запазычана са ст.-польск. transakcyja, якое з лац. trānsāctio ’пагадненне, здзелка’, ’завяршэнне, заканчэнне’.

Трансля́цыя ’перадача на далёкія адлегласці інфармацыі з месца дзеяння’ (ТСБМ). Праз рускую ці польскую мовы з заходнееўрапейскіх моў, у якія слова прыйшло з лац. trānslātio ’перанос, перамяшчэнне’, ’перадача’, ’перасадка (раслін)’. Сюды ж трансля́тар ’перадатчык’, транслі́раваць ’перадаваць’ (Голуб-Ліер, 486; Даза, 721; ЕСУМ, 5, 620).

Тра́нспарт ’сродкі перавозу грузаў і людзей’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), тра́ншпарт ’тс’ (бярэз., Сл. ПЗБ). Запазычана праз польскую ці рускую мовы з заходнееўрапейскіх (параўн., франц., нідэр. transport, ням. Transport), у якіх утворана на аснове лац. transportāre ’пераносіць, перапраўляць’ (Фасмер, 4, 94; Чарных, 2, 257–258; Цыганенка, 361; ЕСУМ, 5, 620). У народнай мове адаптаванае як пашпарт, гл.

Трантава́ты ’вуграваты’ (Нас.). З польск. trędowaty ’пракажоны’ — у выніку пераносу значэння паводле падабенства.

Трантлі́вы ’смярдзючы’ (паст., Сл. ПЗБ). Няясна; магчыма, на базе адаптацыі польск. trącić ’смярдзець’ (гл. труціць) або літ. tranė́ti ’старэць’, trenė́ti ’буцвець’, адносна апошніх гл. Смачынскі, 686.

Тра́нты ’лахманы, старая падраная адзежа, бялізна’, ’хлам, старызна’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Юрч. Сін., Варл.; малар., ЖНС; люб., Нар. ск.; гродз., касцюк., ЛА, 5; Мат. Маг. 2), ’анучы (іран. жаночыя ўборы)’ (Нар. Гом.), тра́нце ’рыззё’ (Мат. Гом.), тра́нцё ’рызманы’ (Нік., Оч., Шн. 3), тра́нцы ’старое, парванае адзенне, рыззё, лахманы’ (пух., З нар. сл.; Сержп. Грам.), транці́на ’рызман’ (Юрч. Вытв.), тра́ньціна ’адзежына’ (мёрск., Нар. сл.), тра́ньте ’рыззё’ (драг., Нар. лекс.), тра́нды ’тс’ (вільн., Сл. ПЗБ), трэ́нты ’транты’ (Скарбы; дзятл., Сл. ПЗБ), адсюль, відаць, выабстрагаваная форма адз. л. трант ’паношаная, дрэнная вопратка’ (капыл., Нар. словатв.), ’тс’, ’незнаёмы, нікчэмны чалавек’ (лей., Жыв. НС). Параўн. укр. дыял. тра́нти ’анучы, рыззё’, адз. л. трант; серб.-харв. дыял. тра́нци, трањци ’парванае адзенне або абутак’, адз. л. тра́њак. Беларуска-сербская ізалекса, што ўзыходзіць да *tertі ’церці’, параўн. тра́нне ’рыззё’ (Юрч. Сін.), серб. тра̏њав ’штосьці з адзежы ці абутку, зусім зношанае і падранае’ (Элезавіч, 2, 333), сінанімічнае тра̏ља ’тс’, тра̏њав ’парваны’ (падрабязней пра паходжанне і распаўсюджанне сербскіх слоў гл. Івіч, Галип., 147; а таксама Скок, 3, 490, які збліжае гэтыя словы з trȁlje ’кошык’, тра̏ња ’насілкі для гною’). Этымалагічна блізкія рус. труньё ’рыззё, старызна’, трун ’анучы’, ’абарванец’, для якіх Фасмер (4, 109) дапускае сувязь з трух, тереть. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 621, дзе мяркуецца тое ж паходжанне для ўкраінскіх слоў, побач з магчымасцю фанетычнай змены дрант ’лахман; рызман’ (ад драты ’драць, рваць’), што, відаць, уяўляе паралельнае ўтварэнне, гл. серб. драњци ’рыззё, лахманы’. У сувязі з названым малаверагодна вывядзенне з літ. trántas ’адкіды, паношанае адзенне’, якое звязваюць з літ. trem̃ti ’выгнаць’, ’стаптаць, знасіць’, trendė́ti ’псавацца, пакрывацца плесняю’ (Смулкова, Балта-слав. иссл., 1980, 209), што, зрэшты, магло паўплываць на варыянты транды, трэнты. Гл. таксама Лаўчутэ, Балтизмы, 85. Параўн. трамця, гл.

Транца́цца ’ўнікаць, паглыбляцца ў справы’ (Сцяшк. Сл.). З польск. wtrącać się ’ўмешвацца’.

Транцу́к ’яечня’ (Сцяшк. Сл.). Няясна.