Брысь 1 выклічнік для адгону ката’, брысюга тоўсты кот’ (Гарэц.). Рус. брысь ’тс’. Гукапераймальнае ўтварэнне (гл. Праабражэнскі, 1, 48; Фасмер, 1, 223). З іншага боку, думаюць пра паходжанне ад дзеяслова рус. брыснуть ’адагнаць кошку’ (Шанскі, 1, Б, 205; < бросать, брыкать, брызгать). Брысюга ’тоўсты кот’, можа, адносіцца і да брысь 2 (гл.).
Брысь 2 ’здаравяка-лайдак’ (Яўс.), здаровы, але гультаявалі чалавек’ (Юрч.), ’здаравяка; моцны, мажны мужчына’ (Гарэц.), ’здаровы, чырванатвары чалавек’ (Сцяц.), чырвоны, як брысь’ (Др.-Падб.). Запазычанне з польск. bryś (памяншальнай формы да brytan ’сабака англійскай пароды’, гл. Брукнер, 43). Да семантыкі параўн. брыта́н.
Брысю́га ’тоўсты кот’. Гл. брысь 1.
Брыта́н ’сабака англійскай пароды’, ’таўсцяк’ (Нас.), чалавек моцнага складу’ (Клім.). Параўн. укр. брита́н ’бульдог, парода вялікіх сабак’. Усё гэта запазычанне з польск. brytan ’сабака’ (першапачаткова ’брытанскі, англійскі сабака’, гл. Брукнер, 43). Адсюль пераносна ’таўсцяк, моцны чалавек’, гл. Кюнэ, Poln., 46. Параўн. брысь 2.
Брыта́ць 1 ’закілзаць’ (Шпіл., Нас.). Рус. брота́ть, заброта́ть, укр. брота́ти ’тс’. З *брътати (< *о‑брътати < *об‑рът‑ати да прэфікса об‑ і рътъ ’рот’). Бернекер, 92; Ільінскі, РФВ, 70, 274; Ваян, RÉS, 22, 9; Фасмер, 1, 219. Параўн. аброць.
Брыта́ць 2 ’заблытваць (ніткі)’ (Сцяц.). Відавочна, таго ж паходжання, што і брыта́ць 1 (гл.). Магчыма, не без уплыву дзеяслова блы́таць (гл.). Але не выключаецца, што брыта́ць ’блытаць, заблытваць’ < блытаць (з нерэгулярным ‑р‑ замест ‑л‑: параўн. брага́ць < блага́ць).
Бры́тва (БРС, Бяльк., Сцяшк. МГ). Укр. бри́тва, рус. бри́тва, польск. brzytwa, чэш. břitva, ст.-слав. бритва, балг. бри́тва, серб.-харв. бри̏тва і г. д. Прасл. *britva ’тс’ (утварэнне суфіксам ‑tva ад дзеяслова *briti, гл. брыць). Гл. Слаўскі, 1, 47; Брукнер, 46; Фасмер, 1, 214; БЕР, 1, 79; асабліва Махэк₂, 74.
Брытва́н ’бляшаны посуд для выпечкі мяса ці цеста’ (Сцяшк. МГ). Запазычанне з польск. мовы (параўн. польск. brytwana, brytfana, brutfana, brotfana < ням. Bratpfanne ’скаварада, патэльня’, гл. Брукнер, 43). Слова запазычана ў XVI ст. (гл. Булыка, Запазыч., 49).
Бры́ца ’расліна Echinochloa L.’ (Кіс.), ’пустазелле з чорнымі зярнятамі’ (палес.; Выг. дыс.), ’пырнік’ (Яўс.). Рус. бри́ца ’Panicum Crus Galli, курынае проса’, укр. бри́ця ’Setaria glauca’, балг. дыял. бри́ца ’від белай пшаніцы’. З слав. *bъrica (вытворнае ад *bъrъ ’проса’). Фасмер, 1, 215; падрабязна БЕР, 1, 79; Геаргіеў, Въпроси, 27.
Брыць ’брыць’ (БРС, Юрч.). Рус. брить, укр. бри́ти, чэш. břiti, серб.-харв. брѝјати, балг. дыял. брѝя, славен. bríti. Аснова *bhrēi̯‑. Параўн. ст.-інд. bhrīṇā́ti ’раніць’, ст.-іран. pairibrīnaiti ’разрэзвае’ і г. д. Бернекер, 94; Праабражэнскі, 1, 45–46; Фасмер, 1, 213; БЕР, 1, 79.
Бры́чка 1 ’павозка, выязная павозка, экіпаж’ (БРС, Сцяшк. МГ, Інстр. I, Бесар.). Рус. бри́чка ’тс’ (з укр. мовы; Шанскі, 1, Б, 198), укр. бри́чка, бри́ка. З польск. bryczka < ням. Birutsche ’лёгкая павозка’ < італ. biroccio, baroccia ’двухколка’. Праабражэнскі, 1, 46; Бернекер, 93; Фасмер, 1, 215; Слаўскі, 1, 45. Іншыя (менш пераканаўчыя) версіі гл. Фасмер, там жа.
Бры́чка 2 ’бручка’ (ДАБМ, 859), бры́ква, бры́кса, брыку́ха (аб распаўсюджанні гл. ДАБМ, № 276). Усе гэтыя назвы (з ‑ы‑ замест ‑у‑) сустракаюцца галоўным чынам на поўдзень ад Бабруйска. Відавочна, нейкая нерэгулярная фанетычная змена (замест бру́чка, бру́ква, бру́кса і г. д.). Экспрэсіўная? Параўн., напр., блутаць — блытаць у дзеясловах. Таксама і ў рус. гаворках (смал.) бры́кса ’бручка’.
Бры́ючы (б. палёт). Відавочнае запазычанне з рус. тэрміналагічнага словазлучэння бре́ющий полёт. Таксама ўкр. бри́ючый, гл. Рудніцкі, 211.