Брухе́ль ’празмерна тоўсты чалавек’ (Янк. Мат.). Параўн. брухмель. Аднак суфіксацыя ў слове брухель не зусім звычайная, таму не выключаецца, што яно можа быць іншага паходжання — запазычаннем, якое было фармальна адаптавана праз асацыяцыю з брухам. Параўн. польск. burchel, burchla, purchel, purchla ’гуз, пухір на целе’; ’мяккая скурка яйца’; ’яйцо, знесенае без цвёрдай шкарлупіны’ (гэта слова Варш. сл., 1, 236, параўноўвае з purchawka).
Брухіта́ць ’таптаць’ (Сцяц.). Параўн. рус. бруха́ть ’біць, таптаць, пэцкаць’, этымалогія якога не вельмі ясная. Гл. Фасмер, 1, 221.
Брухме́ль ’чалавек з тоўстым жыватом’ (КЭС, лаг.), брухе́ль ’празмерна тоўсты чалавек’ (Янк. Мат.). Бясспрэчна, экспрэсіўныя формы да бру́ха ’жывот’. Прынамсі брухме́ль сустракаецца, напр., у рус. гаворках (таксама ў форме брюхмель!) як назва брызгліны. Можна меркаваць, што назва расліны (ягад) тыпу брухме́ль нейкім чынам асацыіравалася з бру́ха ’жывот’ (аб гэтым сведчыць форма брюхмель у рус. гаворках) і была перанесена на тоўстага, брухатага чалавека. Гл. яшчэ брухе́ль.
Бру́чка (шмат іншых назв., гл. ДАБМ, № 276), бру́ква. Рус. брю́ква, бру́ква, укр. бру́ква, польск. brukiew, чэш. brukev. Зыходнае, магчыма, *bruky (род. *brukъve). Запазычанне з н.-ням. wrûke (Wrûke, Brucke). Брукнер, 42; Праабражэнскі, 1, 48–49; Фасмер, 1, 224; Махэк₂, 69.
Брушты́н. Гл. буршты́н. Фанетычна варыянт брушты́н узнік з буршты́н як вынік дыялектнага спрашчэння групы ‑ршт‑ (якая была цяжкай для вымаўлення).
Брыво́, брыва́ (Касп., Бяльк., Бір. Дзярж.). Рус. бровь, укр. брова́, польск. brew, чэш. brva, ст.-слав. бръвь, серб.-харв. о̏брва. Прасл. *bry (родн. скл. *brъve). І.‑е. *bhrū‑s ’брыво’ (: *bhreu̯‑). Параўн. літ. bruvìs, грэч. ὀφρῦς, ст.-інд. bhrū́ṣ, ст.-англ. brú, ст.-в.-ням. brāwa (ням. Braue, Augenbraue). Бернекер, 91; Траўтман, 38; Слаўскі, 1, 42; Фасмер, 1, 215.
Брыг ’від судна’. Рус. бриг, укр. бриг. Запазычанне з ням. Brigg або англ. brig (< італ. brigantino). Праабражэнскі, 1, 45; Фасмер, 1, 213; Клюге, 100. Гл. яшчэ Шанскі, 1, Б, 195.
Брыга́да. Рус. брига́да, укр. брига́да. З польск. brygada (або ням. Brigade) < франц. brigade < італ. brigata ’тс’. Праабражэнскі, 1, 45; Фасмер, 1, 213; Шанскі, 1, Б, 196.
Брыгва́ ’непраходнае балота’ (Яшкін). Няясна. Хутчэй за ўсё (параўн. значэнне слова) з дрыгва ’тс’, на якое аказала ўплыў нейкая іншая назва.