Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Капы́ціцца ’быць упартым’, ’капрызнічаць, гарачыцца’ (Яўс.), ’спатыкацца (пра каня)’ (Нас., Шат.). Да капыта? Параўн. капыціцца ’спатыкацца (пра каня)’ (ТСБМ). Магчыма, таксама кантамінацыя з капырсціцца (гл.).

Капэ́лія, капэля ’гурт, вялікая кампанія (неадабральна)’ (Бяльк., Бір. Дзярж.). Першапачаткова ’група музыкантаў’ (параўн. капэля) з польск. kapela ў тым жа значэнні ад ранейшага ’група музыкантаў, якая выступала ў капліцы’ (Слаўскі, 2, 52–53). Польск. kapela, ням. Kapelle, с.-лац. caplela (гл. капэля).

Капэ́ля ’група музыкантаў’ (Ант. бел. нар. песні) (гл. папярэдняе).

Капя́к1 ’насып зямлі’ (Нас. Доп.), параўн. бел. капец (гл.) з іншым фармантам, да капаць (гл.).

Капя́к2 ’невялікі стажок сена’ (З нар. сл.). Да капа́ (гл.).

Капялю́х, варыянт да капялюш з тым жа значэннем (Гарэц., Др.-Падб.), таксама запазычанне з польск. kapeluch ’тс’ (Слаўскі, 2, 53–54).

Капялю́ш ’від галаўнога ўбору з палямі’ (ТСБМ, Шат., Бяльк.), з польск. kapelusz, якое з с.-лац. capellus ’тс’ (гл. капялюх).

Капялю́шнік ’лопух, Arctium L.’ (Жыв. сл., Кіс.). Ад капялюш. Параўн. іншую назву той самай расліны: брылёўнік (форма і велічыня ліста). Другое значэнне капялюшнікʼгарлачык жоўты. Nuphar smith’ (Жыв. сл., Кіс.), ’ліст белага гарлачыка, Nymphaca alba L.’ (Нар. словатв.). Назва згодна з тымі ж характарыстыкамі толькі для формы і велічыні кветкі.

Капяра́ччык ’прадавец’ (Жд. 2), да кааперацыя (гл.).

Капяшы́на, капяшчына ’капа сена’ (Нар. словатв.), да капа (гл.). Словаўтварэнне не зусім зразумелае. Магчыма, другаснае ад інтэнсіўнага дзеяслова з -^‑суфіксацыяй: kopa > kopati > kopositi > kopos‑ina.

Кара́, укр. кора, рус. кора, чэш. kura, славац. kôra, польск. kora, балг. кора, серб.-харв. ко̏ра, славен. kóra узводзяцца да прасл. kora, якое мае ў якасці найбольш блізкіх адпаведнікаў лац. corium ’скурка, скура’, cortex ’кара’. Трэба таксама мець на ўвазе адпаведнікі да прасл. skora (Трубачоў, Эт. сл., 11, 44–45).

Ка́ра, укр. кара, рус. кара, чэш. kára, славац. kára, польск. kara, серб.-харв. ка́ра, ст.-слав. кара. Прасл. kara ўтворана ад дзеяслова karati ’караць’. Так, Трубачоў (Эт. сл., 9, 151), які насуперак Слаўскаму, 2, 65, мяркуе, што не karati < kara (тады б мы чакалі kariti, як slaviti < slava).