Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Брунэ́лька расліна чарнагалоў, Prunella L.’ (Кіс.). Запазычанне з польск. brunelka ’тс’ (а гэта з лац. яе назвы Prunella, раней Brunella, параўн. Нейштадт, Определитель, 467). Варш. сл., 1, 213, дае для польск. слова крыніцу ням. Braunelle ’тс’ (але ням. слова, бясспрэчна, з лац., параўн. ням. braun < brūn ’фіялетавы’ < лац. prūnum, гл. Клюге, 97). Параўн. бурнэлька.

Брус, брусо́к. Рус. брус, ‑ок, укр. брус і да т. п., польск. brus, чэш. brus, балг. брус, серб.-харв. бру̑с і г. д. Слав. *brusъ ’брус; тачыльны камень’. Аблаутная форма да *brъs‑ (параўн. ц.-слав. бръснѫти ’скрэбці, брыць’). Далей параўноўваюць літ. braũkti ’выціраць і да т. п.’; ст.-ісл. brúna ’тачыць’ і інш. Бернекер, 91; Праабражэнскі, 1, 42; Брукнер, 42; Фасмер, 1, 220; Слаўскі, 1, 45 (*bhrou‑k̑‑ ’церці, здзіраць’); Махэк₂, 68 (іншая версія). Булыка (Запазыч.) лічыць ст.-бел. брус паланізмам. Няпэўна.

Брусі́ць ’трызніць’ (Касп.). Няясна. Параўн. рус. бруси́ть гаварыць незразумела; трызніць; ілгаць; балбатаць; п’янстваваць; гарэзнічаць’.

Брусле́т ’бранзалет’ (Бяльк., Сцяшк. МГ, Бел. казкі). Таго ж паходжання, што і рус. брасле́т, польск. (архаічнае) braselet і да т. п. Запазычанне з франц. bracelet (< bras ’рука’). У бел. народную мову слова папала праз рус. або польск. крыніцу. Параўн. бранзале́т.

Брусне́ць чырванець; загараць’, брусне́лы. Гл. брусні́ца.

Бруснікі́ ’дружкі жаніха’ (Інстр. II), бру́снік ’тс’ (Шат., Дзмітр.). Як думае Дзмітрыеў (там жа), ад брус, брусок: «острящий хорошо, так и брусник отлично умеет острить языком и устранять препятствия».

Брусні́ца. Рус. брусни́ка, укр. брусни́ця, польск. bruśnica, чэш. brusnice і г. д. Слав. *brus‑ ’брусніца’ тлумачыцца як этымалагічна звязанае з брус (гл.), *brъs‑nǫti ’здзіраць’, *brusiti ’гладзіць, тачыць’ (ягады брусніцы быццам лёгка зрываюцца). Як семантычную паралель параўн. ням. Streichbeere (да streichen гладзіць’). Бернекер, 90; Траўтман, 36; Праабражэнскі, 1, 47; Фасмер, 1, 221; Махэк₂, 70 (апошні лічыць назву «праеўрапейскім» словам). Форму брушні́ца ’брусніца’ (Сцяшк. МГ, Нас., Бяльк.) Кюнэ (Poln., 46) лічыць запазычаннем з польск. brusznica. Да слав. *brusьnica ’брусніца’. Бернекер (90) адносіць па паходжанню і бел. брусне́ць ’чырванець; загараць’, брусне́лы ’чырванаваты; загарэлы’ (Нас.). Гл. яшчэ Лучыц-Федарэц. Бел.-рус. ізал., 64.

Брусяне́ць ’успухаць’ (Юрч.). Рус. брюзг‑, бел. брузг‑ ’апухаць, набракаць’ (гл. бел. бру́знуць). На бел. глебе брузг‑ пераходзіць (фанетычная з’ява) у брузк‑ і далей у бруск‑. Адсюль нейкім чынам (напр., з *бруснуць < *брускнуць) стварылася новая аснова брус‑ ’бракнуць’, якая і дала дзеяслоў брусяне́ць.

Брух ’жывот, страўнік’ (Др.-Падб., Сцяшк. МГ). Зыходзячы з формы слова, запазычанне з польск. brzuch ’тс’. Параўн. бру́ха (там і літ-pa). Параўн. таксама і ст.-рус. брюхъ (паралельна да брюхо), якое можа сведчыць супраць версіі пра запазычанне.

Бру́ха ’жывот’ (Шат., Сцяшк. МГ). Ст.-рус. брюхо, брюхъ, рус. брю́хо, укр. бру́хо, польск. brzuch, чэш. břicho, břich (ст.-чэш. břucho, břuch) і г. д. Слав. *brʼucho (*brʼuchъ) ’жывот’. Этымалогія не вельмі надзейная: лічаць, што першапачатковае значэнне ’выпукласць’, і параўноўваюць з с.-в.-ням. brûsche, ням. Brausche шышка’, гоц. brusts ’грудзі’, ст.-ірл. brú ’жывот’ і г. д. Слав. *brʼucho < bhreu̯‑s‑. Бернекер, 95; Праабражэнскі, 1, 49; Фасмер, 1, 225; Слаўскі, 1, 47.