◎ Канто́плі ’апоркі, боты з парэзанымі халявамі’ (стол., Сакал.). Сапсаванае з пантофлі (гл.).
Канто́ра ’калгасная канцылярыя’ (Сцяшк.), ’аддзел прадпрыемства з арганізацыйна-гаспадарчымі функцыямі’ (ТСБМ, Яруш.). З рус. контора ’тс’, якое з ням. Kontor або з гал. kantoor < франц. comptoir ’бюро’, ’прылавак’ < compter ’лічыць’ (Фасмер, 2, 313; Слаўскі, 2, 47).
◎ Кантрані́к ’сірата, батрак’ (брасл., Сл. паўн.-зах.), сапсаванае кантрактнік ’адзін з бакоў кантракту’. Да кантракт ’дагавор, пагадненне’ (ТСБМ, Яруш.), ст.-бел. контрактъ (XVI ст.) ’тс’, якое са ст.-польск. kontrakt ’тс’ < лац. contractus ’умова, абавязацельства’ (Слаўскі, 2, 437).
◎ Канту́ры ’катаванні’, ’пакуты’ (Шпіл.), з польск. tortury ’тс’ (з дысіміляцыяй t…t).
Кантынге́нт ’устапоўленая норма для пэўных мэт’ (ТСБМ), канты́гент ’дзяржаўная пастаўка збожжа, падатак’ (Сцяшк.). З польск. kontyngent ’устаноўленая норма падаткаў’ < лац. contingēns, contingentis ’які выпадае на долю’ — праз ням. Kontingent (Слаўскі, 2, 442), літаратурная форма — з рус. мовы.
Канты́чка ’зборнік духоўных песень і кантаў’, (ТСБМ, Нас., Гарэц., Нік. Очерки) запазычана з польск. kantyczka ’тс’, якое з лац. canticum ’песня, спеў’ (Слаўскі, 2, 46).
Кантэ́нтны, кантэ́тны ’задаволены’ (Федар. 2; КЭС, лаг.), ст.-бел. контентъ (XVI ст.) ’тс’. Запазычана са ст.-польск. kontent < лац. contentus ’задаволены, які абмяжоўваецца чым-небудзь’ (Слаўскі, 2, 435).
Кану́рак ’вузкае месца за печчу’ (Сцяшк.). Узнікла ў выніку кантамінацыі лексем закама́рак і нара́ (гл.).
Кану́ркі, каноркі ’карункі’ (Мат. Гом.)., у выніку перастаноўкі н ⇆ р.
Ка́нуць ’знікнуць бясследна’ (ТСБМ, Сержп. Прымхі), ’працячы, выступіць’ (ТС). Прасл. kapnǫti ’сачыцца, выступаць’, ’капнуць, упасці’ (гл. Трубачоў, Эт. сл., 9, 147–148; Фасмер, 2, 182).