Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Калы́м ’выкуп’, ’пабочны заробак’ (БРС, ТСБМ), ’хабар’ (карм., Мат. Гом.). Сюды ж калыміць (ТСБМ, Сцяшк.). Відавочна, запазычана з рус. калым; пры гэтым, відаць, неабходна аддзяліць калым ’выкуп’ як «слоўнікавае» запазычанне, у той жа час як калым ’пабочны заробак’, ’хабар’ сапраўднае запазычанне, магчыма, і рознымі шляхамі.

Калыма́га ’даўнейшая карэта з высока размешчаным кузавам’ (ТСБМ), ’калёсы’ (ТСБМ; карм., Мат. Гом.); як прыклад да адказу на пытанне «Павозка для агульных работ» прыводзіцца ў Інстр. I. Што датычыць лексемы ў ТСБМ, гэта відавочнае «слоўнікавае» запазычанне; адносна паходжання калымага ’калёсы’ гл. каламажка 1.

Калы́ска 1 ’плецены або драўляны дзіцячы ложак (звычайна падвешаны на вяроўках да столі), які можна калыхаць, гушкаць’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Грыг., Касп.; КЭС, лаг.; Мал., Мат. Гом.), колысочка (Радч., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Шат., Яруш.), калыска‑палатнянка ’палатняная калыска накшталт заплечнай ношкі’ (Жд. 3), ’гушкалка’ (Нас.), ’арэлі, гушкалка’ (Сл. паўн.-зах., ТС, Ян.). Укр. колиска ’люлька’ і ’арэлі, гушкалка’, рус. колыска ’тс’, польск. kołyska ’люлька’ (і ст.-польск.; Слаўскі (2, 377) звяртае ўвагу толькі на спарадычныя фіксацыі ў гаворках), чэш. мар. kolíska ’люлька’, славац. kolíska ’тс’. У гаворках не заўсёды паслядоўна слова азначае рэалію з «маятнікавым» рухам, што, відаць, пазнейшае і для этымалогіі неістотна. Лінгвагеаграфія не выключае магчымай экспансіі рэаліі разам з назвай, аднак акрэсліць цэнтр інавацыі (усх.-слав. тэрыторыя?) даволі цяжка. Паводле Слаўскага, 2, 377, паўн.-слав. *kolysъka ад *kolysati (гл. пад. калыхаць).

Калы́ска 2 ’паглыбленне ў адным бервяне, у якое кладуцца іншыя, каб не раскачваліся пры перавозцы’ (Жд. 3). У іншых слоўніках як быццам не адзначаюцца. Апісанне рэаліі не вельмі дакладнае, па гэтай прычыне сувязь з калыска 1 (перанос па функцыі? форме?) уяўляецца не адзіна магчымай, ва ўсякім разе шэраг роднасных лексем сведчыць аб апасродкаванай сувязі, пашырэнні новага тэрміналагічнага значэння. Так, звяртаюць на сябе ўвагу рус. валаг. колыга і калыга ’крыты выгіб (палазок, абручоў і да т. п.)’, дзе сувязь (семантычная з калыска 1) можа быць яшчэ непасрэднай, арханг. колыга ’кожны з двух падоўжаных бакавых брусоў, якія злучаюць пярэднюю і заднюю часткі дроў’. Невялікая надзейнасць такога супастаўлення ў тым, што сувязь з рус. калыга, калыжка і да т. п. з’яўляецца праблематычнай. Бел. хутчэй за ўсё рэгіянальны наватвор.

Калы́ска 3 ’агрэх’ (Мат. Гом.). Ілюстрацыя ўдакладняе: «На полі ў цябе асталася калыска», аднак рэалія застаецца няяснай — ці гэта агрэх пры пасеве, ці пры ўборцы. У іншых крыніцах не фіксуецца. Сувязь з калыска 1 не выключана, развіццё значэння: ’паглыбленне ў глебе’ → ’месца, адкуль цяжка выкасіць што-н.’ → ’агрэх’. Далей, калі назва абагульняецца, ’агрэх наогул’. Іншы варыянт тлумачэння зыходзіць з таго, што калыска азначае ’агрэх пры пасеве’. У такім выпадку слова можна параўнаць з вытворнымі ад лысы, якія ў рус. гаворках з’яўляюцца цікавым матэрыялам для рашэння гэтай задачы. Так, у СРНГ знаходзім лысина ’прагаліна, лужок ў лесе’, лысить ’пакідаць прабел’ і ’пакідаць пры падмятанні падлогі поласы пылу’, лыситься ’праясняцца (пра неба)’. Цікавым з’яўляецца і такі выраз як лысо ’рабіць абы як’, далей, наяўнасць структурна падобных дэрыватаў: лыска ’мянушка жывёл з белай плямай на лбе’ і ’адзнака на кары дрэва сякерай або нажом’. У плане структурна дакладнай паралелі можна прывесці рус. церск. колыснуться ’памерці, прапасці’, аднак статус гэтай перыферыйнай лексемы вельмі няясны (адзінкавая фіксацыя). Апрача таго. прэфіксальны (з ко‑/ка‑) зыходны дзеяслоў з адпаведным значэннем як быццам не зафіксаваны, і гэта таксама зніжае надзейнасць версіі. Па кодле геаграфіі (калі прыняць першую версію) — рэгіянальны наватвор.

Калыха́ць ’рухаць з боку ў бок, гайдаць, хістаць’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Грыг., Касп.; Нік. Напаў.; Сержп. Прымхі, Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Яруш.), ’гушкаць дзіця’ (БРС, ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Сцяшк., ТС; колухаць), калыхацца ’гушкацца (на арэлях)’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк., Сл. паўн.-зах., Яруш.), да апошняга яшчэ і калыханка ’гушкалка, арэлі’ (Жд. 3, КЭС, лаг.) без геаграфіі (ТС; колуханка). Укр. колихати ’хістаць, гайдаць, гушкаць дзіця; гайдаць (па арэлях)’, рус. колыхать ’гайдаць, хістаць, гушкаць дзіця’, пск., асташк., цвяр. ’біць’; колыхаться ’гушкацца (на арэлях)’ адзначана на пагранічнай з беларускай тэрыторыі; польск. дыял. kolychać ’гушкаць дзіця’, якое прыводзіцца Трубачовым, Эт. сл., 10, 165, відавочны беларусізм у польскім перыферыйным дыялекце і пагранічных гаворках, гл. Карловіч, 2, 409–410; Слаўскі, 2, 376 (адносна kolychać, засведчанага ў Сыракомлі і ў любельскіх гаворках) ставіць пад сумненне архаічнасць слова. Славен. koléhati Плятэршнік (1, 424) параўноўвае з рус. колыхать, нягледзячы на фанетычную недакладнасць і значэнні славенкай лексемы (’трэсці, качацца на зямлі’). Статус гэтага слова не вельмі ясны, як і славен. дыял. koléhati se ’вылятаць (з вулея)’, тое ж датычыць і серб.-харв. kolihati, якое ў RHSJ, V, 191, тлумачыцца як ’калыхаць’ да таго ж з паметай «ненадзейнае». У любым выпадку, калі нават пагадзіцца з дакладнасцю паўдн.-слав. фактаў, нельга выключыць магчымасці, што гэта незалежныя параўнальна познія ўтварэнні; на карысць гэтага меркавання — экспрэсіўны характар лексемы. Такім чынам, тут хутчэй усх.-слав. інавацыя (+ магчымыя на поўдні). Лічыцца другаснай, больш экспрэсіўнай формай ад *kolysati, а гэта, у сваю чаргу, інтэнсіў ад *kolybati (гл. калываць), так Трубачоў, Эт. сл., 10, 166. Паводле Слаўскага, 2, 376, тут паўн.-слав. інтэнсівы (з ‑ys‑, ‑ych‑), якія ўзнаўляюцца на базе ст.-польск. kolić ’кружыць, круціцца і да т. п.’ і серб.-харв. око̀лити ’акружыць’, < прасл. kolo (Слаўскі прыцягвае яшчэ макед. дыял. коле ’(ён) гушкае’). На думку Слаўскага, там жа, лексемы *kolysai, *kolychati адносяцца да *koliti, як рус. дыял. ломыхать ’ламаць з трэскам’ да ломить ’ламаць’. Калі з фармальнага боку ў прапанове Слаўскага як быццам усё добра, семантычна аспект выклікае сумненне, на што слушна звяртае ўвагу Трубачоў, Эт. сл., 10, 166, маецца на ўвазе сур’ёзнае адрозненне маятнікавага руху ад кругавога вярчэння, а таксама тое, што форма *kolysati неправамерна аддзяляецца ад *kolybati.

Калычы́ ’гетры’ (гарад., Касп.; Німа калычоў адзець, а сцюдзёна). Цікава, што лексема звярнула на сябе ўвагу Эпімаха–Шыпілы (гл. таксама Сл. Эп.-Шып.). З іншаславянскіх магчымых паралелей серб.-харв. не зусім дакладвае кальаче ’галёшы’, якое ў Слаўскага, 2, 32, разглядаецца як даволі архаічнае запазычанне, параўн. аднак Скок, 2, 37. дзе kaljaće разглядаецца як белградскі неалагізм, вынік кантамінацыі kalošne < galošne і kaljati (да käo, прасл. каlъ). Фактычна (паколькі версія Скока не бездакорная ў фармальным плане) этымалагічная праблема бел. і серб.-харв. слоў аднолькавая: або параўнальна новае запазычанне і яго магчымая трансфармацыя, або даўняе ўтварэнне (хутчэй за ўсё запазычанне). Цяжкасць нашай задачы ў тым, што слова зафіксавана толькі аднойчы, а ілюстрацыя дадатковай інфармацыі не дае. Перыферыйны характар лексемы сапраўды не выключае, што яна рэпрэзентуе архаічную фор%іу запазычання; параўн. ‑c‑ у *xolša, а таксама меркаванні Скока, І, 670, адносна паходжання ‑sri‑ у klašnja⇉(sn < cčbn). Відавочна, што структура бел. лексемы параўнальна з іншымі магчыма роднаснымі (гл. пад калоша) вымушае дапускаць трансфармацыю структуры (у выніку адаптацыі запазычання?). Бачыць тут новае запазычанне з той жа крыніцы, да якой узыходзіць рус. калошы ’галёшы’, няма падстаў як з фармальнага пункту погляду, так і паводле семантычнага крытэрыю. Семантыка бел. слова сведчыць на карысць архаічнага паходжання, паколькі адпавядае даўняму сінкрэтызму значэнняў гэтай рэаліі. Нельга выключыць, што разглядаемая лексема з’яўляецца слав. архаізмам (а поўнач Беларусі — зона магчымай кансервацыі лексічнай архаікі) або слав. інавацыяй; на гэту магчымасць звярнуў увагу Мартынаў (вусн. паведамл.), маючы на ўвазе як семантычную паралель лац. tibiāle (да tlbia ’галёнка’) ’род галёнкавай абмоткі або панчохі’, тое ж і нагавіцы і да т. п. Калі разумець калымы як славянскае ўтварэнне, можна паспрабаваць, як паказвае лац. прыклад, звязваць бел. лексему з гіпатэтычнай назвай галёнкі *kol∼. Цяжкасці такога рашэння відавочныя. Можна прапанаваць разуменне семантыкі, якое выцякае з магчымага супастаўлення з слав. kolo або з дзеясловам *koliti, рэальна зафіксаваны як быццам толькі ў ст.-польск. мове. З пункту погляду рэалій разумець калымы як першапачатковае ’анучы’, ’шырокія абмоткі’ цалкам магчыма, больш цяжка вытлумачыць слова* утварэнне. Ёсць яшчэ і такі варыянт тлумачэння, які дапускае, што слова можа быць мясцовай інавацыяй, напрыклад, семантычнай, калі яно суадносіцца з рус. уладз. калышки ’жаночыя чаравікі з суконных абрэзкаў’, ярасл. ’рэшткі стаптанага і падранага абутку, апоркі’. Параўн. уладз. палички ’чаравікі’. Інавацыя магла адбыцца на базе значэння ’палатняны абутак, якім абмотваюць ногі’.

Калы́шка ’калыска’ (Сержп., Сержп. Грам., Сцяц. Афікс. наз., Янк. 2). Паралелі ў рус. смал., валаг., кур. і інш. гаворках колышка ’дзіцячая калыска, люлька’, ярасл. ’плецены кош’ і інш. Лінгвагеаграфія дазваляе кваліфікаваць разглядаемае слова як бел.-рус. ізалексу; этымалагічна — дэрыват ад колыхати (гл. калыхаць).

Ка́льва ’каліва’ (Сцяц.), кальво ’тс’ (карэліц., Нар. лекс.), кальва ’адно гняздо бульбы’ (Сцяшк.), кальва, кальво ’асобная расліна’ (Сл. паўн.-зах.), кальво ’малая колькасць, трошкі чаго-н.’ (пруж., Сл. паўн.-зах.). Што датычыць формы, параўн. кальбель, калыбель, адносна этымалогіі гл. каліва.

Кальва́рыя ’гара, на якой стаяў ці стаіць касцёл, а таксама многа капліц вакол яе’ (вілен., мін., Яшк.), ’могілкі’ (мін., Яшк.). Слова, відаць, з польскага перыферыйнага дыялекта, у беларускай мове, як паказваюць крыніцы, распаўсюджання не атрымала. Польск. kalwaria ’цыкл малюнкаў або іншых вобразатвораў, якія адлюстроўваюць розныя сцэны мукі Хрыста; месца, дзе яны размешчаны’ з лац. calvāria, (Calvariae locus) назва гары. на якой Ісус Хрыстос быў пакараны на крыжы, а лац. да арамей. gulgoltā (Golgothē — Галгофа); суадносіцца з calva, calvus ’чэрап’, адносна семантыкі параўн. прыклад Дарашэўскага, 3, 484: Lysa Góra.

Ка́львін ’свавольнік, вісус’ (Касп.). Бліжэйшы адпаведнік польск. (гл. першакрыніцу ў Карловіча, 2, 296) kalwin ’недаверак, бязбожнік’, ад імя рэфарматара Кальвіна. Улічваючы, што ў любым выпадку слова з’яўляецца запазычаннем, нельга выключыць, што яно ўтворана ў польск. перыферыйным дыялекце. Спосаб утварэння (ад уласнага імя) даволі вядомы, параўн. лютар (з адмоўнай характарыстыкай) (Цыхун, вусн. паведамл.).

Кальсо́ны ’споднія мужчынскія штаны’ (БРС, ТСБМ; клец., іўеў., КЭС; Сцяц., Сцяшк.). Як паказвае геаграфія, слова ў гаворкі магло трапіць з польск. мовы; польск. kalesony (фіксуецца і ў Віленскім слоўніку) узыходзіць да франц. caleçon ’споднікі’ і ў сваю чаргу перадае італ. calzoni ’споднія штаны’ (ад calza ’панчоха’, лац. calceus, якое да calx ’пятка’). У франц. мове зафіксавана і calçon (з 1680 г.), аднак, відаць, кальсоны да яе не ўзыходзіць. Бел. фармальна ідэнтычнае з рус. кальсоны, ва ўсякім выпадку ў слоўніку літаратурнай мовы, можа быць і русізмам, для якога мяркуюць польскае пасрэдніцтва, параўн. Шанскі, 2, К, 33.