Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Калу́ша ’чаромха’ (Сцяшк. Сл.). Мясцовая трансфармацыя больш шырока вядомага калакалуша. Хаця, магчыма, неабходна меркаваць пра непасрэднае ўтварэнне суфіксам ‑ух‑а ад кал ’гразь, балота’? Гл. усю праблематыку пад калакалуша.

Калцо́ ’кольца’ (Сержп. Прымхі), ’кружок’ (Сл. паўн.-зах.), ’прывязь у выглядзе абручыка, зробленая з вітак, гужбы ці іншага матэрыялу для звязкі бярвення ў плыты’ (круп., касп., З нар. сл.). Гл. кальцо, кольца.

Калчада́н ’агульная назва мінералаў, якія з’яўляюцца сярністымі, мыш’яковістымі, а таксама сурменістымі злучэннямі металаў’ (ТСБМ). Тэрмін запазычан з рус. мовы, дзе праз франц. calcédoine узыходзіць да с.-лац. calcidonius, chalcedonius lapis. У сваю чаргу апошняе да χαλκηδών — мясцовай назвы ў Малай Азіі, прым. χαλκηδόνιος гл. Мацэнаўэр, Cizí sl., 210, дзе ў сувязі з рус. халцедон звяртаецца ўвага на рознае паходжанне рус. слоў.

Калча́н ’скураная або драўляная сумка, чахол для стрэл’ (БРС, ТС, ТСБМ). Ва ўсх.-слав. мовах запазычанне з тат. kolčan ’тс’, гл. Міклашыч, 123; Бернекер, 1, 543. У бел. мове, мяркуючы паводле крыніц, кніжнае запазычанне з рус. мовы.

Калчачэ́я ’месца, дзе збіраюцца людзі, дзе гуляюць дзеці’ (слаўг., Яшк.). Утворана з талчачэя ’тс’, фанетычная трансфармацыя, відаць, не без уплыву наступных ‑ч‑. Талчачэя, у сваю чаргу, таксама лакальна абмежаванае (слаўг.), параўн. больш шырока вядомае рус. толчея ў падобным значэнні.

Калыба́ ’зыб на рацэ’ (гом., Яшк.). Дастаткова блізкія формы адзначаны ў рус. мове: раз. колыбка ’гайданка (на моры, возеры, рацэ)’ і асабліва адзначае Джэмсам colliboke ’хвалі’. Хутчэй за ўсе незалежныя ўтварэнні, вытворныя ад kolybati (аб якім гл. пад калываць).

Калыбе́ль ’калыска’ (чырв., ваўк., Бір., Працы IM, 6; Бяльк., ДАБМ, Шэйн), калбель, кальбель (Бір. Там жа; Жд. 3; Сл. паўн.-зах.), калюбель (кір., Нар. сл.). ТС адзначае формы кольбель, колбель, калыбель і колыбель. Формы з у прадстаўлены ў дастаткова абмежаваным арэале: калубель (чырв. З нар. сл.; Мал., Сл. паўн.-зах.; Сцяц.; дзятл., слон., Сцяшк.; в.-дзвін., Шатал.), калубень (Жд. 2). У іншых слав. мовах: укр. палес. колибелька ’калыска’, якая стаіць на падлозе’, колыбель у рус. літар. мове і гаворках; у шэрагу гаворак таксама адзначаюцца формы колубель і колубень. Паводле Трубачова, Эт. сл., 10, 165, вытворнае з суф. ‑el ад kolybati (гл. калываць), аднак лінгвагеаграфія за ўсх.-слав. паходжанне, калі не за бел.-рус. інавацыю. Параўн. яшчэ калы́бка (гл.).

Калы́бка ’калыска’ (Нік., Оч.; ЭШ), калыпка (Сл. паўн.-зах.). Адносна рэаліі Нікіфароўскі (Оч., 324) удакладняе, што калыбка гушкаецца з аднаго боку ў другі, а зыбка хістаецца ў вертыкальным напрамку; відаць, пры аналізе лексемы неабходна мець на ўвазе гэты культурны аспект, паколькі zybъka, безумоўна, праславянская лексема з больш шырокім арэалам, як і kolěbъka. Апрача бел., адзначаюць рус. дыял. колыбка; што датычыць фактаў укр. мовы, апрача ст.-укр. колыбка (з XVII ст.) і палес. колибка ’калодка ў коле’ (спецыфічнае значэнне, параўн. яшчэ бел. калыска ’паглыбленне ў бервяне’, гл. ніжэй) надзейных фактаў як быццам няма. Гэта, аднак, можна тлумачыць як натуральную страту больш архаічнага, параўнальна з калыска, утварэння. Слова ведаюць яшчэ ў кашубскім рэгіёне: славін. kolipkă, памор. ku̯ólibka, kuólïbka з больш новых запісаў Сыхты kolibka ’калыска’, што вельмі цікава ў арэальным аспекце. Паводле Трубачова, Эт. сл., 10, 165, вытворнае з суф. ‑ka ад дзеяслова *kolybati (гл. калываць); статус слова (паўн.-слав.? дыял. прасл.?) акрэсліць цяжка.

Калыва́ць ’вагаць, хістаць’ (БРС; зах.-бел., Весці), калывацца (БРС, ТСБМ, Бір.; Сл. паўн.-зах.; Сцяшк., Федар.). Магчыма, сюды і ашм. калыта́цца ’ківацца’ (зуб… калытайацца), калі гэта не з калатацца ’калаціцца, трэсціцца — ківацца’. Фанетычна дакладная паралель ва ўкр. коливати ’хістаць, калываць’, ’ісці павольна, хістаючыся’, што неабходна разглядаць як бел.-укр. інавацыю на базе больш архаічнага *kolybati (рэканструкцыю дазваляюць зрабіць зафіксаваныя ў рус. і каш. арэалах лексемы, статус укр. колибати, якое прыводзіць Фасмер, 2, 299, няясны). Паводле Трубачова, Эт. сл. 10, 164, да шырока вядомага прасл. kolěbati. Звяртаецца ўвага (там жа, 130), што ‑y‑ ў *kolybati хутчэй за ўсё дыфтангічнага паходжання, калі гэта сапраўды ў адносінах ‑ě‑, ‑oi‑ ў kolěbati. Той факт, што ад *kolybati утвораны інтэнсівы kolysati/kolyxati (больш шырока вядомыя ў славянскіх мовах), безумоўна, сведчыць на карысць вялікай архаічнасці формы *kolybati. З даўніх прапаноў спробы знайсці і.-е. адпаведнікі (Патабня, Цупіца) падтрымкі не знайшлі, як і меркаванні Міклашыча, а пазней Бернекера аб сувязі з kolo. Слаўскі (2, 347) не выключае магчымай сувязі з гукапераймальнымі ўтварэннямі (аналагічныя думкі яшчэ ў Бернекера і Скока) тыпу польск. дыял. klebotać, chlebotać ’калываць, хістаць, муціць’, рус. хлебать і асабліва дыял. хлебестать ’калывацца, хістацца і да т. п.’; БЕР (2, 550) дапускае і.-е. праформу *k​ol‑ што вельмі няпэўна; спосаб утварэння няясны. Трубачоў (Эт. сл., 10, 130, 395) прымае як найбольш верагодную версію, якая была распрацавана Голубам–Копечным (176) і Махэкам₂ (268), дзе kolěbati разглядаецца як прэфіксальнае. Пры гэтым пярэчанні датычаць у першую чаргу самога факта такога рашэння, паколькі ў дэталях этымалогія Махэка дастаткова абгрунтаваная. Сапраўды, падобныя прэфіксальныя ўтварэнні (тыпу ўкр. ковертати) сустракаюцца сярод дзеясловаў руху, другая частка злажэння добра параўноўваецца Махэкам з літ. láibas ’тонкі, высокі’, лат. laībs ’тонкі, слабы’, што з семантычнага пункту погляду таксама сумненняў не выклікае. Трубачоў (Эт. сл., 10, 164) адзначае, што, калі тлумачыць *ko‑lěb‑ < *loib‑, як Махэк₂, 268, фанетыку кораня *lyb можна разумець як экспрэсіўную трансфармацыю *loib‑ > *lŭb‑ > *lyb‑, а гэта знаходзіць аналогію ў літ. мове, дзе, магчыма, роднаснае láibas мае экспрэсіўны варыянт lùiba, luibà; аб адносінах ui/аі (< і.-е. оі) гл. Буга, Rink., 1, 459; 2, 263; а lùiba спецыяльна 1, 298.

Калыглу́з ’балаваны хлопец, свавольнік’ (Бяльк.), ’расхлябаны чалавек’ (Жд. 2), калыглас ’гарэза, вісус’ (Касп.); Насовічам адзначана форма колыглаз з яўнай народнай этымалагізацыяй, параўн. ілюстрацыю: «У гстого колыглаза по коллю вопи ходзюць», параўн. яшчэ смал. колыглаз: «Что с ним поделаешьон такой колыглазему хоть глаз коли!» (СПНГ, 14, 207). Цыхун (Бел.-польск. ізал., 149) прыводзіць форму калыгвуз, мяркуючы аб сувязі бел. лексемы і польск. kalauz ’вядучы, завадзіла’ ў тым плане, што крыніца запазычання лексем была аднолькавай. Слаўскі не разглядае гэтай лексемы, няма яе і ў слоўніку Карловіча, а Варшаўскі слоўнік разглядае як запазычанае з тур. kelaguz, kelavuz і да т. п. ’камандзір, правадыр’. Геаграфія бел. слова сведчыць хутчэй аб запазычанні з польск. перыферыйнага дыялекту, а не з турэцкай мовы непасрэдна, апрача таго, неабходна лічыцца з уласна беларускай гісторыяй слова (гл. вышэй заўвагу адносна народнай этымалогіі).