Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ільня́нішча ’поле, з якога сабралі лён або на якім папярэдняй культурай быў лён’ (ТСБМ, Мат. Гом., Жыв. сл., 149, любан.), ілья́нішча (полац., Нар. лексіка, 140); параўн. рус. дыял. илля́нище, льня́нище. Утворана сцяжэннем атрыбутыўнай канструкцыі ільняное поле з суф. ‑ішч‑а па ўзору канаплянішча, жытнішча, бульбянішча.

Ільслі́вы, ільслівасць (Др.-Падб., Гарэц.) у выніку метатэзы з ліслівы (гл.).

Ільсні́цца, льсні́цца ’блішчаць, адсвечваць (пра гладкую паверхню)’ (ТСБМ). Рус. лосни́ться, укр. лисні́ти, лисни́тися, дыял. ли́ска́ти, польск. łyskać, ст.-чэш. lščieti se, чэш. lesknouti se, славац. lesknúť sa, славен. lesketati se, серб.-харв. ле̏скати се, балг. лъщя́, макед. дыял. лашти. Ст.-слав. льщати сѫ, ст.-рус. льщатися, ст.-бел. ильснутися (Скарына). З прасл. *lьsknǫti (), суадноснага з *lьskěti (), і‑ пратэтычнае. Прасл. *lьsk‑ < *lъsk‑ (відаць, у выніку кантамінацыі з blьsk‑) звязваецца з іншымі абазначэннямі святла, якія ўзыходзяць да і.-е. *leuk‑/*louk‑; параўн. луч, луна. Праабражэнскі, 1, 470; Фасмер, 2, 521; Махэк₂, 327.

Ільха́ (Ліс.). Гл. вольха.

Ільцы́ (Касп.). Фанетычны варыянт лейцы (гл.).

Ілю́зія. Першакрыніца: лац. illusio ’іронія, насмешка’. У бел. мову слова магло трапіць як праз польск., так і праз рус. мову (Крукоўскі, Уплыў, 77). Для рус., дзе з сярэдзіны XIX ст., Фасмер (2, 127) таксама меркаваў аб польск. пасрэдніцтве; супраць Шанскі (2, I, 49–50), які называе франц. крыніцу.

Ілюміна́цыя, ілюмінава́ць, ст.-бел. иллуминованый (1619 г.), иллюминовати ’высвятляць’ (1697 г.). З лац. illuminatio ’асвятленне’, illuminare ’рабіць светлым, асвятляць’ праз польск. iluminacja, iluminować (Булыка, Запазыч.; SWO, 297). Рус. пасрэдніцтва (Крукоўскі, Уплыў, 77) верагодна для сучаснага значэння ’святочнае асвятленне’. У рус. мове иллюмина́ция з пачатку XVIII ст. з польскай ці заходнееўрапейскіх моў (Біржакова, Очерки, 362; Шанскі, 2, I, 50; Фасмер, 2, 127); для дзеяслова иллюминировать (иллуминовать) магчыма ўкраінска-беларускае пасрэдніцтва (Шанскі, 2, I, 51).

Ілюстра́тар. Ст.-бел. иллюстраторъ, олюстраторъ ’рэвізор’ (1710 г.) запазычана з лацінскага праз польскае пасрэдніцтва (Булыка, Лекс. запазыч., 23) ці непасрэдна (Булыка, Зала зыч.). Сучасная семантычная структура сфарміравалася, відаць, пад уплывам рускай мовы, для якой адпаведную ролю адыгралі нямецкая ці французская. Крыніца: лац. illustrator ’той, хто асвятляе’. Дзеяслоў ілюстрава́ць з лац. illustrare ’асвятляць, упрыгожваць’ праз польск. ilustrować. Тым жа шляхам ілюстра́цыя з лац. illustratio ’выява, жывое апісанне’. Гл. SWO, 297–298; Фасмер, 2, 127; Шанскі, 2, I, 51–52.

Імаве́рны ’праўдападобны, магчымы, верагодны’, імаве́рнасць (ТСБМ, Гарэц.). Рус. дыял. имове́рный, имове́рность, имове́рие ’тс’, укр. імові́рний ’магчымы’, уст. ’даверлівы’, імові́рність. Ст.-рус. имовѣрный ’пэўны, верагодны’, имовѣрство, имовѣрие, першая фіксацыя ў Книгах Законных… XII–XIII стст. (спіс XV ст.). Ст.-слав., ст.-рус. имати вѣроу з’яўляецца ў евангеллях для перадачы грэч. πιστεύειν. Беларуская лексема генетычна звязана са ст.-рус. имовѣрный, словаўтваральнай калькай грэч. εὔπιστος; параўн. аналагічную структуру ст.-рус. достоиновѣрный < ст.-слав. достоиновѣрьнъ, калька грэч. ἀξιόπιστο (Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 174).

Імасць уст. ’форма ветлівага звароту’ (ТСБМ, БРС, Гарэц.), іран. ’пра жонку блізка знаёмага субяседніка’ (ТСБМ), ’важная асоба’ (Марц.), імо́сценька ’ваша міласць’ (Касп.). Сюды ж імо́стачка ’галубка, сястрычка’ (Некр., 223) як форма ветлівага звароту з суф. ‑ачк‑а. Запазычанне з польск. imość < jejmość < jej miłość ’яе міласць’ (Слаўскі, 1, 452); параўн. ягомасць. Імысь ’пападдзя’ (Оч. В. Бел., 1893, 152) — далейшая ступень скарачэння з канкрэтызацыяй семантыкі.