Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ікра́1 (рыбная). Рус. икра́, укр. ікра́, польск. ikra, в.-луж. jikra, jikrno, jerk, н.-луж. jark, палаб. jȧkră, чэш. jikry, славац. ikry, славен. íkra, серб.-харв. и̏кра, балг. и́кра, макед. икра, ст.-слав., ст.-рус. икра. Мае дакладныя паралелі ў літ. ìkrai, лат. ikri, ірл. iuchair, iuchrach*ikōr) ’ікра’. Балт. формы, магчыма, са слав. (Трубачоў, Эт. сл., 8, 219). Згодна з найбольш прынятай версіяй, прасл. *jьkra роднаснае і.-е. назвам печані: літ. jãknos, jẽknos, лат. aknas, ст.-інд. yákṛt, yaknás, авест. yākarǝ, грэч. ἧπαρ, ἥπατος, лац. iecur, iecinoris. Старая аснова на ‑r/‑n і.-е. *i̯ek​. Патабня, РФВ, 6, 1881, 153; Фасмер, 2, 125; Покарны, 1, 504; Трубачоў, Эт. сл., 8, 217–220 (з літ-рай).

Ікра́2 ’галёнка’ (леп., навагр., крыч., узд., КЭС), і́кра (Інстр. I), толькі мн. і́кры (Мат. Гом.). Рус. икра́, укр. ікра́ ’кароўе вымя’ (Грынч.), польск. дыял. ikro, чэш. дыял. ikro, славац. дыял. ikra, ikro, славен. ikrna noga, балг. и́кра, макед. дыял. икра. У якасці адпаведнасцей прыводзяць ст.-літ. ikru, усх.-літ. ìkrai, лат. ikri, ст.-прус. yccroy, ірл. orca? Найбольш верагоднай належыць прызнаць этымалагічную сувязь ікра1 і ікра2. Фасмер, 2, 125–126. Брукнер (190) і Слаўскі (1, 447–448) зыходнай лічаць семантычную адзнаку ’набуханне, уздутасці’; параўн. ст.-польск. і дыял. kra ’пухліна’; Трубачоў, Эт. сл., 8, 217–220; Безлай, I, 209. У шмат якіх мовах значэнні ’ікра рыбы’ і ’лытка’ перадаюцца адной лексемай; гл. Каліма, ZfslPh, 9, 1932, 376–378. У гэтым метанімічным пераносе, відаць, можна бачыць семасіялагічную заканамернасць. Не здаецца пераканаўчым збліжэнне з грэч. ἴκριον ’дошка, бэлька’ (Беценбергер, BB, 27, 1902, 162; Голуб-Копечны, 154; БЕР, 2, 63) і лац. ocrea ’галёнка, халява’ (Гараеў, 122; Махэк₂, 226–227).

Ікра́з (Нас., Бяльк.). Гл. якраз.

Ікра́к ’селядзец з ікрой’ (Бяс., 308). Польск. ikrzak ’рыба з ікрой’. Утворана ад ікраны (гл. ікра1) суфіксам ‑ак, параўн. ікрач.

*Ікра́нік, ікря́нік ’мускулісты, ікрысты, з вялікімі ікрамі’ (Бяльк.); параўн. рус. перм. и́кря́ник ’таўстун, здаравяка’. Ад ікра2 (гл.) + суф. ‑нік ці ад *ікраны ’мускулісты, з вялікімі ікрамі’ з суф. ‑ік.

Ікра́ч ’ікра рыбы’ (навагр., Жыв. сл., 11). Відаць, ’рыба з ікрой’; параўн. в.-луж. jikrnač ’самка рыбы’, чэш. jikrnáč, jikernáč ’рыба з ікрой’, славац. ikráč, ikernáč, серб.-харв. и̏кра̄ш ’тс’. Вытворнае ад ікраны (гл. ікра1) з суф. ‑ач, як рагач ’алень’, барадач ’казёл’, вусач ’від рыбы’ (Сцяцко, Афікс. наз., 96). Параўн. ікрак.

Ікура́т (Нас.). Гл. акурат.

Іл1 ’адкладанні найдрабнейшых часцінак мінеральных і арганічных рэчываў на дне вадаёмаў’ (ТСБМ). Рус. ил ’тс’, дыял. церск., уладз. ’гліна’, дан. ’топкая балотная гразь’, урал. ’вельмі мелкі наждак, падобны на рачны ці азёрны іл’, польск. ’гліна’, в.-луж. jił ’гліна, гразь’, чэш. jíl ’гліна’, славац. íl ’тс’, славен. íl ’іл, гліна’, серб.-харв. уст. il ’гліна’ (XVI ст.), балг. ил ’іл, ціна’, ст.-слав., ст.-рус. илъ ’гліна, іл’. Прасл. *jьlъ (старая ŭ‑аснова, параўн. ст.-бел. иловатыи, рус. дыял. илова́й ’мелкая і балоцістая затока’, ’балота, багна’, славен. ílovica ’гліна, суглінак’, серб.-харв. и̏ловача ’гліна’, балг. иловица ’багністая глеба’, макед. иловица ’гліна’) звязваюць з лат. īls ’вельмі цёмны’, грэч. ΐλΰς, р. скл. ‑ύος ’іл, ціна, гразь’ < і.-е. *īlu‑. Гл. Бернекер, 1, 424; Фасмер, 2, 126; Покарны, 1, 499; Безлай, 1, 209; Трубачоў, Эт. сл., 8, 221–222, дзе іншая літ-ра.

Іл2 ’крухмал’ (віц., полац., Нар. сл., 94, 198). Семантычны перанос паводле спосабу прыгатавання, калі крухмал адкладваецца падобна ілу; параўн. рус. смал. ил ’бульбяны крухмал’, калін. ’хлебны іл, хлебная гушча, якая застаецца пасля варкі піва’.

Іла́га ’яловы лес, ельнік’ (в.-дзвін., Нар. сл., 146). Ад ель (гл.) з нерэгулярным суф. ‑аг‑а. Гл. Сцяцко, Афікс. наз., 207.

Ілга́ць ’гаварыць няпраўду; выдумваць, хлусіць’ (ТСБМ), іўга́ць (Бяльк.). Рус. лгать, зах.-рус. илга́ть, польск. łgać, в.-луж. łhać, н.-луж. łdhaś, łgaś, палаб. lȧzĕs, чэш. lháti, славац. lhať, славен. lagati, серб.-харв. ла̀гати, балг. лъ̀жа, макед. лаже. Ст.-слав., ст.-рус. лъгати, ст.-бел. илгати, лгати. І‑ мае пратэтычны характар (Карскі, 1, 262). Прасл. *lъgati, *lъžǫ мае дакладныя адпаведнікі ў герм. мовах: гоц. liugan ’ілгаць’, ст.-в.-ням. liogan ’тс’, lugî ’хлусня’ < і.-е. *leugh‑. Гл. Покарны, 1, 686–687; Бернекер, 1, 751; Фасмер, 2, 469; Слаўскі, 5, 119–122. Іншыя і.-е. паралелі выклікаюць сумненні: ст.-літ. łúginaité ’здрадніцкі’ (Атрэмбскі, LP, 1, 138), літ. lūgoti ’прасіць’, лат. lùgt ’тс’ (Мюленбах-Эндзелін, 2, 517–518; Покарны, 1, 686–687). Гл. ілгун, ілжа, ілжэц.

Ілгу́н, ілгу́ння ’непраўдзівы чалавек, выдумшчык, хлус’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., Нас., Яруш.). Рус. лгун. Утворана ад ілгаць (гл.) з суф. ‑ун паводле мадэлі маўкун, гаварун, вяртун, ядун і г. д. (Сцяцко, Афікс. наз., 68). Параўн. ілжэц.