Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Гуд ’шкляны, плавільны завод’ (Яшкін). Параўн. у Даля гу́да ’шкляны завод’. Бясспрэчна, звязана з гу́та. Формы гуд, гу́да, магчыма, з’явіліся як вынік уплыву дзеяслова гудзе́ць.

Гудзе́ць ’гусці’ (БРС, Нас.), ’гудзець’ (Касп., Бяльк.), гуд ’гудзенне’ (БРС). Рус. гуде́ть, таксама ’плакаць’, ’іграць на гуслях, шумець’, укр. гудіти, чэш. housti, серб.-харв. гу́дјети і г. д. Прасл. *gǫděti, таксама *gǫsti. Роднасныя формы літ. gaũsti ’гучаць, гусці’. Гл. Фасмер, 1, 470–471; Бернекер, 1, 341; Траўтман, 80; падрабязна Трубачоў, Эт. сл., 7, 80, 85.

Гуж1 ’гуж’ (БРС, Касп., Бяльк.). Ад прасл. *gǫžь; параўн. рус. гуж, укр. гуж, польск. gążew, gążwa, балг. гъж, гъжва і г. д. Паводле Фасмера (1, 471), версія аб роднаснасці з прасл. *ǫza і далей *vęzati не тлумачыць пачатковага гука g‑. Таму лепш параўноўваць са ст.-ісл. kengr ’крук’. Іншыя даследчыкі ўсё ж лічаць g‑ пратэзай. Агляд матэрыялу і літ-ры ў Трубачова, Эт. сл., 7, 93–94.

Гуж2 ’вуж’ (Сцяшк.). З вуж (< *ǫžь); мена пратэтычных гукаў в‑ > г‑ (так і ў некаторых іншых словах: гу́зкі‑ву́зкі) (Сцяшк.).

Гуз1 ’гуля, нарост’ (БРС, Касп., Шат., Бяльк., Сцяшк.), ’тупы канец снапа’ (Нас.). Прасл. *gǫzъ, *guzъ (падрабязна агляд форм у Трубачова, Эт. сл., 7, 91–92) з’яўляецца экспрэсіўным утварэннем, роднасным грэч. γογγύλος ’круглы’, літ. gūžis ’качан’. Гл. яшчэ Бернекер, 1, 343; Слаўскі, 1, 380–381; Траўтман, 101–102; Фасмер, 1, 471–472.

Гуз2 ’гузік’ (Шатал.). Ст.-бел. кгузъ, гузъ, кузъ ’тс’ (Булыка, Запазыч.). Або запазычанне з польск. guz ’тс’ або бел. новаўтварэнне з гу́зік (гл.).

Гуза́рыць ’гуляць, баляваць’ (Жд. 1). Няясна. Ці не з гусарыць (да гуса́р)?

Гуза́ць ’вязаць снапы’, ’біць вяроўкай’ (Нас.). Да слав. *ǫz‑: *ęz‑ ’вязаць’ (гл. вяза́ць < *vęzati, гуж1). Параўн. таксама Фасмер, 1, 471, і падрабязна Трубачоў, Эт. сл., 7, 93–94 (але без бел. дзеяслова). Параўн. яшчэ ў Насовіча гуз ’вузел; сувязь’.

Гу́зік ’гузік’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк.), гу́зік ’тс’ (Сцяшк.). Падрабязны агляд форм гл. Сцяц. Нар., 124. Ст.-бел. кгузъ, гузъ, кузъ, кгузикъ, гузикъ (Булыка, Запазыч.). Запазычанне з польск. guzik ’тс’ (таксама запазычаны ўкр. дыял. гузик, гудзик, рус. дыял. кузик). Гл. Слаўскі, 1, 381–382; Кюнэ, Poln., 59.

Гузы́нства ’сяброўства’ (Касп.). Ці не з *кузынства (да *кузын ’дваюрадны брат’)? Параўн. польск. kuzyn ’дваюрадны брат, сваяк’, kuzynostwo ’сваяцтва’.

Гук ’парастак (на дрэве)’ (БРС), ’невялікая галінка’ (Шат.). У Яшкіна: ’тоўсты сук, разгаліна, ствол з голлем’, ’адгалінаванне дарогі’. Укр. дыял. гук ’парастак цыбулі’. Трубачоў (Эт. сл., 7, 169) параўноўвае з рус. дыял. гук ’мыс, які ідзе вузкай паласой у мора, возера, раку’, далей з укр. гук ’свіное рыла’ і мяркуе аб роднаснасці са слав. *gyčь. Параўн. яшчэ Куркіна, Этимология, 1971, 61.

Гукаўло́ўнік (БРС). Беларускае новаўтварэнне паводле рус. звукоуловитель.