Грама́тыка (БРС). Рус. грамма́тика, укр. грама́тика. У ст.-бел. мове гэта слова ўжываецца, напр., у Скарыны (гл. Булыка, Запазыч., 85). Першакрыніцай запазычання з’яўляецца грэч. мова. Сучасная форма слова адлюстроўвае лац. пасрэдніцтва (grammatica). Непасрэдна гэта слова ўзята з польск. мовы (< лац.). Гл. Фасмер, 1, 451; Шанскі, 1, Г, 157.
Грана́та ’граната’. Запазычанне з рус. грана́та ’тс’, а гэта з ням. Granate ’тс’ (< іт. granata) або непасрэдна з іт. Гл. Фасмер, 1, 452; Шанскі, 1, Г, 159. Ст.-бел. кгранатъ ’граната’ ўзята з польск. granat (< ням. < іт.); гл. Булыка, Запазыч., 151.
Гранато́вы ’цёмна-сіні’ (Сцяц.). Ужо ў ст.-бел. кгранатъ, гранатъ ’гранат; цёмна-сіняя тканіна’, кгранатовый (Булыка, Запазыч., 151). Запазычанне з польск. granatowy ’тс’ (Булыка, там жа), як і ўкр. гранато́вий ’тс’ (націск!). Аб паходжанні ўсёй групы слоў гл. Слаўскі, 1, 339 (с.-в.-ням. grān, gran ’назва пэўнай барвы’).
Грані́ца ’граніца’, ’мяжа’ (БРС, Шат., Касп.). Рус. грани́ца, укр. дыял. грани́ця. Прасл. *granica, вытворнае ад *granь ’вугал, насечка, грань’. Гэта апошняе паходзіць з праформы *ghrō‑n‑ (агляд форм у слав. мовах гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 104–106, які мяркуе, што асабліва трэба звярнуць увагу на значэнне ’галінка’, што дае магчымасць тлумачыць паходжанне гэтай асновы ад і.-е. *ghrē‑: *ghrō‑, *ghǝ‑ ’расці’). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 452–453; Слаўскі, 1, 339–340; Бернекер, 1, 346; Шанскі, 1, Г, 160.
Граф ’граф’ (БРС). Рус. граф, укр. граф. У бел. мове (параўн. ст.-бел. кграфъ ’граф’, вядомае з XVI ст.) запазычанне з польск. graf (< ням. Graf; параўн. Слаўскі, 1, 336), гл. Булыка, Запазыч., 151 (не пераконвае Фасмер, 1, 453, які адмаўляе магчымасць польск. крыніцы непасрэдна для ўсх.-слав. моў).
Графі́н ’графін’ (БРС). Рус. графи́н. Відавочна, у бел. мове запазычанне непасрэдна з рус. (< ням. Karaffine або франц. carafine; крыніцай з’яўляецца іт. caraffina, запазычанае з араб. крыніцы). Гл. Фасмер, 1, 453; Шанскі, 1, Г, 163.
Гром ’гром’. Сюды ж грыме́ць. Параўн. рус. гром, греме́ть, укр. грім, гримі́ти, польск. grom, grzmieć, чэш. hrom, hřměti, ст.-слав. громъ, грьмѣти. У аснове ляжыць і.-е. гукапераймальнае *ghrem‑: *ghrom‑ (апафанічныя варыянты). Параўн., напр., грэч. χρεμίζω, χρόμος ’шум, гук’. Сюды ж і бел. граме́ць (але з іншай рэфлексацыяй ‑рь‑). Слаўскі, 1, 347, 372–373; Фасмер, 1, 455, 460.