Град ’град’. Параўн. рус. град, укр. град, польск. grad, чэш. hrad, балг. град, серб.-харв. гра̏д, ст.-слав. градъ. Прасл. *gradъ ’тс’. І.‑е. *grōdō‑ ’град’: параўн. арм. karkut ’тс’ (< *ga‑grōdo), лац. grandō ’град’. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 101 (з літ-рай). Параўн. яшчэ Фасмер, 1, 450; Слаўскі, 1, 336; Бернекер, 344.
Града́ ’града (у розных знач.)’ (БРС, Шат., Касп.). З прасл. *gręda. Параўн. рус. гряда́, укр. гряда́, польск. grzęda, чэш. hřada, балг. греда́ і г. д. Прасл. *gręda (значэнні: ’бэлька, перакладзіна, мураваная сцяна, градка, мель, востраў, узвышша і да т. п.’). Роднасным лічацца літ. grindà ’дошка для падлогі і да т. п.’, лац. grunda ’дах, страха, дахавыя кроквы’, ст.-ісл. grind ’рама і г. д.’ Корань *gręd‑ мае аблаўтную форму *grǫd‑, якая прадстаўлена ў бел. груд ’узгорак, груда’, гру́да ’глыба, кавалак, камяк’, рус. гру́да, укр. гру́да́, чэш. hruda, hrud, польск. gruda, grąd і г. д. Агляд гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 120–122, 146–148 (з літ-рай).
Гра́дус ’градус’ (БРС). Ст.-бел. градусъ ’ступень’. Паводле Булыкі (Запазыч., 85), запазычанне з лац. gradus. З лац. мовы запазычана і рус. гра́дус. Гл. яшчэ Шанскі, 1, Г, 156.
Гразі́ць ’гразіць’. Прасл. *groziti ’гразіць і г. д.’ (агляд гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 143): рус. грози́ть, укр. грози́ти, балг. грозя́, серб.-харв. гро̀зити. Дзеяслоў утвораны ад прасл. *groza ’страх; жах; штосьці страшнае; пагроза’; параўн. бел. граза́ ’граза; навальніца’, укр. гроза́, рус. гроза́, чэш. hrůza ’страх, жах’, польск. groza ’небяспека’, балг. гроза́ ’штосьці страшнае’, ст.-слав. гроза ’жах’. Магчыма, гукапераймальнага паходжання (*g‑r‑g̑‑: параўн. грэч. γοργός ’страшны’). Трубачоў, там жа, 141–142 (з аглядам літ-ры). Сюды ж адносіцца і бел. прыметнік гро́зны (прасл. *grozьnъ, гл. Трубачоў, там жа, 144).
Гразь ’гразь’ (БРС, Шат., Касп.). Рус. грязь, укр. грязь, ст.-рус. грѧзь, чэш. hřez, серб.-харв. гре̑з, славен. grêz. Прасл. *gręzь суадносіцца з дзеясловамі *gręznǫti, *gręziti (бел. гра́знуць, рус. гря́знуть, чэш. hřeznouti, серб.-харв. гре̏знути і г. д.). У аснове ляжыць *gręz‑, якое параўноўваюць з літ. grīmsti ’тануць’. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 125–126; Фасмер, 1, 467–468. Аблаўтны варыянт — *grǫz‑ (напр., *grǫznǫti, *grǫzъ): параўн. бел. гру́знуць, груз, рус. гру́знуть, груз, укр. гру́знути, груз (апошняе азначае ’балота’). Гл. Фасмер, там жа; Трубачоў, там жа, 151. Адносна ўкр. (resp. бел.) грязь не пераконвае Слаўскі, 1, 361–362.
Грак ’птушка грак’ (БРС, Шат., Касп.). Параўн. укр. грак, польск. grak ’тс’. Параўн. яшчэ балг. гра́ка ’варона’. Утварэнне ад слав. гукапераймальнага дзеяслова *grakati ’каркаць’, ’лаяць; крычаць, голасна размаўляць і да т. п.’ Гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 102–103; Фасмер, 1, 451. Сюды ж і бел. гра́кнуць ’грукнуць’, гра́кнуцца ’ўпасці’ (БРС, Касп.).
Гра́кнуць ’грукнуць’. Гл. грак.
Грамада́ ’натоўп, гурт; вясковая абшчына’ (БРС, Шат.), таксама грама́да (Касп.). Прасл. *gromada (: *gramada). Параўн. рус. грома́да, укр. грома́да, польск. gromada, чэш. hromada, далей паўд.-слав. (пераважна ў значэнні ’куча’, ’каменне’, ’гара’ і да т. п.): балг. грома́да, серб.-харв. гро̀мада, грома́да, славен. grmáda, gromáda. Роднаснае: ст.-інд. grāma‑ ’натоўп, гурт; вёска, абшчына’, лац. gremium ’бярэмя, ахапак, звязак’. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 103; Фасмер, 1, 460–461, Слаўскі, 1, 347–348 (апошні спецыяльна адзначае сувязь з балт. мовамі, аднак Трубачоў, там жа, мяркуе, што літ. grãmatas хутчэй запазычанне са слав.).
Грамадзя́нін ’грамадзянін’ (БРС). Укр. громадя́нин ’тс’. Утварэнне ад грама́да́ (укр. грома́да). Параўн. Рудніцкі, 740.
Гра́мата ’грамата’ (БРС). Рус. гра́мота, укр. гра́мота, ст.-рус. грамота. Запазычанне з грэч. γράμματα ’тс’. Гл. Фасмер, 1, 451; вельмі падрабязна Шанскі, 1, Г, 158.