Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Распалта́ць ’разабраць (напр., кабана)’, ’анатаміраваць (труп)’, распалта́ч ’той, хто разбірае кабана’, сюды ж ро́спалаць (гл.), ро́спаласць ’разразанне; анатаміраванне’ (Ласт.). У выніку метатэзы ад расплата́ць (гл.). Магчыма, пад уплывам полць (гл.).

Распана́хтаць ’разарваць’ (Ян.). Гл. па́нах.

Распано́шыцца ’разрасціся, раздацца’ (Ядвігін Ш.). Відаць, ад паноша (гл.) ці з польск. rozpanoszyć się ’разбагацець’, гл. Длугаш-Курчабова, 392.

Распаро́шыць ’пусціць на вецер; растраціць’ (Варл.), параўн. ст.-бел. роспоро́шꙋет (1616 г., Карскі, 1, 441). Да порах1 (гл.).

Распарэ́х ’прарэха’ (ганц., Сл. ПЗБ; Ян.) і ’разрэз на адзенні’ (Наша Ніва, 2005, 4 лістап.), ’распорка, дзірка’ (Сцяшк. Сл., Мат. Гом.), роспорэ́х, роспорэ́ха ’разрэз, прарэх’ (ТС). Ад распароць, гл. паро́ць; параўн. серб.-харв. ра́спор ’разрэз’. Незвычайная суфіксацыя прымушае дапусціць кантамінацыю распорак (гл.), прарэх (гл.), параўн. кантамінаваную форму распрарэ́х (ганц., Сл. ПЗБ).

Распаса́жыць ’праматаць, прагуляць’, распасо́жыць ’дарэмна растраціць’ (віл., Нар. сл.), распаса́чыць ’расходаваць’ (Касп.), распаса́дзіць (рыспыса́дзіць) ’растраціць, растранжырыць’ (Юрч.). Няясна; сувязь з пасаг (гл.) невыразная (’растраціць усё, уключна з жончыным пасагам’?). Магчыма, звязана з польск. pasożyt (*pasorzyt) ’паразіт, дармаед’, адносна якога гл. Брукнер, 399, 478.

Распасо́рыць, распашо́рыць ’растраціць’ (Варл.; пух., віл., астрав., Сл. ПЗБ), распасэ́рыцца ’раздурыцца’ (Жд. 2). Гл. пасо́рыць.

Распасце́рціся ’раздацца, раздзьмуцца, раскрыцца, заняць сабой шырокі абшар, шырока сесці або легчы’, ’натапырыцца’ (ТСБМ; шчуч., Сл. ПЗБ; Бяльк.), распасцірацца ’гаварыць многа’ (Растарг.), фіксуецца ў XVI ст. ст.-бел. розъпостри (Карскі, 1, 95). Параўн. польск. rozpostrzeć, rospościerać ’сцяліць’, славен. razprostirati, razprostreti ’тс’, ’распасціраць’. Паводле Брукнера (522), каранёвая частка ў славянскіх мовах часцей за ўсё ў спалучэнні з прыстаўкай *pro‑, параўн. прастора, прасцерці (гл.), з чаргаваннем галосных асновы (< *stre‑, *ster‑, *stor‑, *stъr‑ і інш.), сюды ж распастыры́ць ’распасцерці’ (Сцяц.), распастры́ць ’разаслаць, разгладзіць’ (Сцяшк. Сл.).

Распатвор́ыць ’распусціць пры патуранні, раздурыць’ (Янк. 3., Жд. 1), ’разбэсціць’ (Мат. Гом.), ’распесціць’ (маг., Наша слова, 2002, 16 кастр.), распотворы́ць ’распусціць, даць волю’ (ельск., Жыв. НС). Гл. патвараць, патвор.

Распатла́ны ’раскудлачаны, растрапаны’ (ТСБМ), ’шчыры, самаадданы’ (Сцяшк. Сл.), распэ́тланы ’кудлаты, непрычасаны’ (там жа). Гл. патла́ты. Развіццё значэння ’шчыры’ незразумелае.