Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Гнэ́мбіць ’біць, таўчы, караць’ (зэльв., Сцяц.). Запазычанне з польск. мовы. Параўн. польск. gnębić ’тс’ (ст.-польск. gnąbić; аб паходжанні польск. слова падрабязна Слаўскі, 1, 300-301). Параўн. ст.-бел. гнембити ’прыгнятаць’ (< польск.; Булыка, Запазыч., 83).

Гню́сны ’гнюсны’ (БРС, Нас., Шат.). Рус. гну́сный, польск. gnuśny ’інертны, вялы’, балг. гну́сен, серб.-харв. гну̏сан, ст.-слав. гнѫсьнъ і г. д. Прасл. *gnusьnъ. Вытворнае ад *gnus‑, якое параўноўваецца са ст.-ісл. gnúa ’церці’, грэч. χναύω > ’скрэбці, драпаць’. Формы тыпу гню́сны (з палатальным нʼ) тлумачацца экспрэсіўным характарам слова. Гл. Фасмер, 1, 422; Трубачоў, Эт. сл., 6, 184; Брукнер, 147; Слаўскі, 1, 305–306.

Гняды́ ’гняды’, таксама гне́ды (Шат., БРС). Рус. гнедо́й, укр. гніди́й, польск. gniady, чэш. hnědý, серб.-харв. гње̑д і г. д. Прасл. *gnědъ ’тс’. Этымалогіі гэтага слова няпэўныя (напр., сувязь са ст.-слав. гнѣтити ’запальваць’ або з словам *gnida і г. д.; агляд у Трубачова, Эт. сл., 6, 167; Слаўскага, 1, 301). Магчыма, нейкі слав. неалагізм па тыпу ўтварэння *blědъ (гл. Слаўскі, там жа).

Гняздо́ ’гняздо’ (БРС, Шат., Касп.). Рус. гнездо́, укр. гніздо́, польск. gniazdo, чэш. hnízdo, серб.-харв. гнијѐздо, балг. гнездо́, ст.-слав. гнѣздо і г. д. Прасл. *gnezdo. Этымалогія слова вельмі няпэўная. Звычайна думаюць пра сувязь з і.-е. *ni‑sdo ’гняздо’ (параўн. ст.-в.-ням. nēst, лац. nīdus, ст.-інд. nīd̥á і г. д.), але няясна, як атрымалася слав. форма (агляд версій гл. Фасмер, 1, 420; Слаўскі, 1, 302; Трубачоў, Эт. сл., 6, 171–173).

Го́гат ’гогат’ (БРС, Касп., Нас.), гагата́ць. Параўн. рус. го́гот, гогота́ть, укр. гогота́ти, гоготі́ти, польск. gogotac і г. д. Гукапераймальнае ўтварэнне. Падрабязны агляд форм у Трубачова, Эт. сл., 6, 195–196. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 425; Траўтман, 74; Бернекер, 1, 319; Шанскі, 1, Г, 114.

Год ’год’ (БРС, Шат., Сцяшк. МГ). Рус. год, укр. дыял. год ’тс’. Паводле Трубачова (Эт. сл., 6. 192), першапачатковае значэнне падыходзячы час’ і сувязь з дзеясловам прасл. *goditi (тут даецца агляд і семантыкі дзеяслова). Вытворным з’яўляецца *godina, якое з рознай семантыкай (’час’, ’гадзіна’, ’надвор’е’, ’дождж’ і г. д.) сустракаецца ва ўсіх слав. мовах (агляд гл. у Трубачова, Эт. сл., 6, 187–188; гл. яшчэ Талстой, ВЯ, 1963, 1, 33 і наст.).

Го́дзе ’годзе’ (БРС, Шат., Касп.), го́дзя ’тс’ (Бяльк.). Рус. дыял. го́де, укр. го́ді ’тс’. У іншых слав. мовах (агляд у Трубачова, Эт. сл., 6, 187) значэнне адпаведных слоў адрозніваецца ад семантыкі ўсх.-слав. лексем. Паводле Трубачова (там жа), гэта вытворнае (прасл. *godě) ад асновы *godъ, для якой Трубачоў (там жа, 192) рэканструюе першапачатковае значэнне ’падыходзячы час’.

Го́дны ’годны, прыдатны’ (БРС, Шат., Касп.). Рус. го́дный, укр. гі́дний. Слова гэта вядома ва ўсіх слав. мовах і мае вельмі разгалінаваную семантыку (дэталёвы агляд у Трубачова, Эт. сл., 6, 192–193). Паводле Трубачова (там жа), большасць гэтых слав. лексем утворана ад прасл. *goditi (дзеяслова з шырокай семантыкай, гл. Трубачоў, там жа, 188–190).

Го́жы ’прыдатны’, ’прыгожы’, ’варты’ (БРС, Касп., Нас.). Усх.-слав. слова (параўн. рус. го́жий ’тс’, укр. го́жий ’тс’). Агляд матэрыялу гл. у Трубачова, Эт. сл., 6, 190 (праформа *godjьjь; вытворнае ад дзеяслова *goditi; параўн. гадзіць).

Го́йдаць. Гл. гайда́ць.