Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Длуба́нне ’калупанне’ (Нас., Байк. і Некр.). Паводле Кюнэ (Poln., 51), запазычанне з польск. dłubanie ’тс’ (да dłubać). Параўн. длу́баць (гл.). Але форма длу́банне ’тс’ (БРС) можа быць і незапазычанай, утворанай у бел. мове ад запазычанага длу́баць.

Длу́баць ’калупаць, пароць’ (Сцяц., БРС). Запазычанне з польск. мовы. Параўн. польск. dłubać ’тс’ (а гэта да прасл. *dьlbati; гл. Слаўскі, 1, 148; агляд слав. форм гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 206, пад праформамі *dьlbati, *dьlbiti). Гл. яшчэ Кюнэ, Poln., 51.

Для прыназоўнік (БРС). Параўн. рус. для, укр. для, польск. dla, чэш. die і г. д. Паводле Фасмера (1, 517), узнікла скарачэннем з dělʼa (параўн. ст.-рус. дѣля, ст.-слав. дѣлꙗ, укр. ді́ля, бел. дзе́ля). Шмат іншых версій. Агляд у Фасмера; гл. яшчэ Слаўскі, 1, 146–147; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 142–143.

Днець ’днець’. Лексема прасл. характару. Прасл. *dьněti: рус. днеть, укр. дні́ти, чэш. dněti, dníti і г. д. Дзеяслоў, вытворны ад слав. *dьnь ’дзень’. Падрабязны агляд у Трубачова, Эт. сл., 5, 212.

Дно ’дно’ (БРС). Параўн. рус. дно, укр. дно, польск. dno, чэш. dno, серб.-харв. дно і г. д. Прасл. *dъno з больш старога *dъbno. Роднаснымі формамі лічацца літ. dubùs ’глыбокі’, dùgnas ’дно’ (*dubnas). Гл. Фасмер, 1, 519. Падрабязны агляд у Трубачова (Эт. сл., 5, 174–175), дзе даецца новае тлумачэнне і прыводзяцца новыя факты.

До ’назва ноты’ (БРС). Рус. до, укр. до. Запазычанне з італ. do (можа, праз франц. мову). Гэта сістэма нотнага запісу паходзіць ад італьянца Гвіда Арэцца (Guido Arezzo, XI ст.); спачатку нота do называлася ut (гл. Meyers Neues Lexikon, 2. Aufl., Bd. 12. Leipzig, 1975, с. 598a).

До́блесны ’доблесны’ (БРС), до́блесць ’доблесць’ (БРС). Запазычанне з рус. до́блестный ’тс’, до́блесть. У рус. мове до́блесть лічыцца запазычаннем са ст.-слав. доблесть ’тс’ (гл. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 145). У Фасмера (1, 520) рус. до́блесть разглядаецца як спрадвечнае слова, не запазычанне. Таксама Трубачоў (Эт. сл., 5, 40) разглядае гэтыя словы як працяг прасл. *doblʼestь. Вельмі няпэўна.

До́блесць ’доблесць’ (БРС). Гл. до́блесны.

Добраахво́тнасць. Гл. добраахво́тны.

Добраахво́тны ’добраахвотны’ (БРС). Звязана з рус. доброхо́т ’добразычлівец’, доброхо́тный. Хутчэй за ўсё запазычанне з ц.-слав. крыніцы. У рус. мове лічыцца ст.-рус. калькай грэч. εὔνους ’тс’ (гл. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 147). Трубачоў (Эт. сл., 5, 42) адносіць *dobroxъtъ, *dobroxotъ да ліку прасл. лексем. Няпэўна. Сюды адносіцца і добраахво́тнасць, якое або з’яўляецца калькай рус. доброво́льность або самастойным утварэннем ад добраахво́тны.