Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Дзі́да ’кап’ё, піка’ (БРС). Першакрыніцай з’яўляецца тур. džida ’тс’. У бел. мове з польск. dzida (< тур.). Гл. Слаўскі, 1, 192.

Дзік ’дзік, вяпрук’ (БРС). Рус. дыял. дик, укр. дик ’дзікая свіння’, польск. dzik ’тс’. Да слав. *dikъ ’дзікі і да т. п.’ Гл. Слаўскі, 1, 204.

Дзі́кі ’дзікі’. Параўн. рус. ди́кий, укр. ди́кий, польск. dziki, в.-луж. dziki, балг. ди́кый (з слоўніка Герава) і г. д. Прасл. *dikъ. Лічыцца роднасным прасл. *divъ, *divokъ, літ. dỹkas, лат. diks (але, магчыма, балт. лексемы запазычаны са слав. моў). Траўтман, 54; Бернекер, 1, 199–200; Фасмер, 1, 514; Трубачоў, Эт. сл., 5, 29–30.

Дзіра́, дзі́рка. Да прасл. *dira, утворанага ад ітэратыўнага дзеяслова ‑dirati (да *dьrati, гл. драць). Агляд форм у Трубачова, Эт. сл., 5, 30–31; гл. яшчэ Бернекер, 1, 201; Фасмер, 1, 515.

Дзірва́н ’неапрацаванае, зарослае травой поле’ (БРС, Сцяшк.). Старое запазычанне з літ. мовы. Параўн. літ. dirvónas (да dirvà; аб этымалогіі літ. слоў гл. Фрэнкель, 1, 97). Ужо ў ст.-бел. мове сустракаюцца формы дирванъ, дырванъ у значэнні ’аблога’ (формы гэтыя вядомы з XVI ст., гл. Булыка, Запазыч., 96).

Дзі́ўны ’дзіўны’. Гл. дзі́ва.

Дзіця́ ’дзіця’ (мн. л. дзе́ці). Рус. дитя́ (де́ти), укр. дитя́ (ді́ти), польск. dziecię, чэш. dítě (děti), балг. дете́ і г. д. Прасл. *dětę ’дзіця’, *děti ’дзеці’. Паводле Трубачова (Эт. сл., 5, 13), *dětę звязана з *dojiti ў значэнні ’ссаць, смактаць’ (гл. там жа крытычны агляд іншых версій). Фасмер, 1, 516; Бернекер, 1, 196; Траўтман, 51.

Дзы́нкаць, дзвы́нкаць ’бразгаць, брынкаць’ (БРС). Калі гэта не гукапераймальныя ўтварэнні, то можна меркаваць, што гэта запазычанне з польск. мовы. Параўн. польск. dźwięk ’гук’, dźwięczeć ’гучаць’ (параўн. таксама запазычанне з польск. мовы ў ст.-бел. помніках: дзвенкъ ’гук’; гл. Булыка, Запазыч., 94).

Дзьмуць, дзьму́хаць. Формы, што ўзніклі кантамінацыяй на базе старых слав. форм. *duti і *dǫti (*duti ͡*dujǫ; *dǫti: *dъmǫ). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 99–100.

Дзю́ба. Гл. дзю́баць.