Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Глумі́ць, глумі́цца. Гл. глум.

Глу́пства ’дурасць, лухта, недарэчнасць’ (БРС, Касп.). Зыходзячы са словаўтваральных асаблівасцей (суфіксацыя), можна лічыць, што гэта слова запазычана з польск. мовы. Параўн. польск. głupstwo з ідэнтычнай семантыкай.

Глухі́ ’глухі’. Агульнаславянскае слова праславянскага характару. Параўн. рус. глухо́й, укр. глухи́й, чэш. hluchý, славац. hluchý, в.-луж. hłuchi, н.-луж. głuchy, польск. głuchy, балг. глух, макед. глув, серб.-харв. глу̑х, славен. gluh, ст.-слав. глоухъ. Прасл. *gluxъ. Асноўнае значэнне слова ’глухі’, але адзначаецца таксама ’пусты’, ’бясплодны і да т. п.’ Агляд форм гл. у Трубачова, Эт. сл., 6, 146. Аб гэтым слове напісана многа, але, паводле Трубачова (там жа, 146–147), найбольш пераканаўчым трэба лічыць тлумачэнне прасл. *gluxъ як экспрэсіўнай змены першапачатковага і.-е. *k̑lou̯s‑ (якое адносіцца да групы слав. слоў. *sluxъ, *slušati). Такое тлумачэнне даў у свой час Махэк₂ (170), які знайшоў у літ. мове адпаведныя дублетныя формы. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 417; Траўтман, 91; Слаўскі, 1, 295–296; Фрэнкель, 1, 159 і наст.

Глушы́ць. Да глухі́ (гл.).

Глы́ба ’глыба’ (БРС). Слова вядома толькі ў рус. і бел. мовах (гл. Трубачоў, Эт. сл., 6, 160). Паводле Трубачова (там жа), роднаснае слову *glyza (гл. глы́за). Ранейшая версія (роднаснасць з лац. glēba ’ком зямлі’), якую прапанавалі Брандт, РФВ, 22, 119; Бернекер, 1, 310; Фасмер, 1, 147, не вельмі верагодная, паколькі тут назіраецца неаднолькавы вакалізм.

Глыбо́кі ’глыбокі’ (БРС), укр. глибо́кий, рус. дыял. глыбо́кий, чэш. дыял. hlyboký, балг. дыял. глибо́к і г. д. Прасл. дыял. *glybokъ. Гэта вельмі архаічная форма, варыянт да *glǫbokъ ’тс’ (параўн. грэч. γλύφω, лац. glūbō). Гл. Фасмер, 1, 417–418; Трубачоў, Эт. сл., 6, 160. Параўн. глабіна́.

Глы́за ’глыба’ (БРС, Байк. і Некр.). Роднаснае слова (як і ў выпадку з глы́бай) знаходзіцца толькі ў рус. мове. Параўн. рус. глы́за ’глыба, ком’, якое засведчана ў многіх дыялектах рус. мовы. Трубачоў (Эт. сл., 6, 161–162) звязвае з *gluza, *gluzъkь (*gluza ’шышка’) і *glyba (гл. глы́ба). Раней Трубачоў (Слав. языкозн., V, 178) меркаваў, што гэта слова, магчыма, праславянскі дыялектызм бел. мовы, адзін са шматлікіх словаўтваральных варыянтаў агульнай зыходнай асновы, параўноўваючы глы́за з прасл. не толькі *glyba, але і *gluda (рус. глу́да), прасл. *gluta (славен. gluta).

Глыну́ць. Гл. глыта́ць.

Глыта́ць ’глытаць’ (БРС, Шат., Касп.). Параўн. укр. глита́ти ’тс’, рус. глота́ть, ст.-рус. глътати, чэш. hltati, балг. гъ́лтам, серб.-харв. гу̀тати, славен. goltáti. Магчыма, сюды і польск. дыял. glutać. Прасл. *glъtati ’глытаць’. Найбольш блізкая роднаснасць з лац. glūtiō ’тс’. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 6, 157–158; Бернекер, 1, 309–310; Фасмер, 1, 414–415; Махэк₂, 169.

Глядзе́ць ’глядзець’. Рус. гляде́ть, укр. гляді́ти, чэш. hleděti, ст.-польск. ględzieć ’тс’. Звычайна параўноўваюць з такімі формамі, як с.-в.-ням. glinzen ’блішчаць’, лат. glenst, glendêt ’глядзець, шукаць’ і інш. Гл. Фасмер, 1, 418; Бернекер, 1, 303; Траўтман, 92–93; Праабражэнскі, 1, 129–130; БЕР, 4, 247–248; Махэк₂, 167. Падрабязны агляд праблематыкі гл. у Трубачова, Эт. сл., 6, 123.