Гід ’гід’ (БРС). Рус. гид, укр. гід. Запазычанне з франц. guide ’тс’ (ад іт. дзеяслова guidare ’весці’). Гл. Шанскі, 1, Г, 69.
Гі́дзіць ’гідзіць’ (БРС, Нас., Бяльк.), сюды ж гі́дкі (БРС, Нас., Касп., Бяльк.), гідлі́вы (БРС, Нас., Шат., Сл. паўн.-зах.), гідо́та (БРС). Адносіцца да групы прасл. слоў *gyditi, *gydъ, *gydъkъ (аб якіх падрабязна Трубачоў, Эт. сл., 7, 220–221). Параўн. укр. ги́дити, гидкий, гид, рус. ги́дить, ги́дкий, гид, в.-луж. hidźić, чэш. hyd і г. д. Лічыцца роднасным з *gadъ (< *gu̯ōd(h)). Гл. Бернекер, 1, 374; Фасмер, 1, 405; Трубачоў, Эт. сл., 6, 220, але магчымы і іншыя тлумачэнні.
Гі́дра ’гідра’, ’жывёла з класа паліпаў’ (БРС). Рус. ги́дра, укр. гі́дра. Запазычанне (у бел., магчыма, праз рус. мову) з новай латыні ў першай палавіне XIX ст. Слова ўзнікла на базе лац. hydra ’гідра, вадзяная змяя, міфалагічная жывёла’ (< грэч.). У гэтым значэнні крыніцай рус. слова (> бел.) было ням. Hydra (< лац. < грэч.). Гл. Шанскі, 1, Г, 69–70.
Гіе́на ’гіена’ (БРС). Рус. гие́на, укр. гіє́на. Запазычана ў рус. мове ў XVIII ст. з лац. hyaena або ням. Hyäne (раней у XI ст. было і непасрэднае запазычанне з грэч. мовы — уена). Бел. і ўкр. у новыя часы, відаць, з рус. Параўн. Шанскі, 1, Г, 71–72. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 405.
Гі́ж ’насякомае Oestrus; муха, якая дакучае каровам у гарачыню; іначай зыкоўка’ (Нас.), гіж ’заедзь (авадні, мухі)’ (Бяльк.). Няма ў іншых усх.-слав. мовах. Бел. слова паходзіць з *gyžь, < *gyzjь. Аснова *gyz‑ сустракаецца яшчэ ў назве такога ж насякомага ў бел. (гіз) і н.-луж. мове (gizk). Бел.-луж. *gyz‑ — гэта апафанічная форма (ŭ : ū) да польск. giez ’тс’ (*gъzъ). Лексема гэта толькі зах.- і ўсх.-слав. Роднаснае: літ. gužė́ti ’спяшацца, бегчы натоўпам’, guža ’куча чарвей’. Гл. Слаўскі, 1, 278; Міклашыч, 423; Бернекер, 373; Трубачоў, Эт. сл., 7, 224. Параўн. яшчэ гіжа́ць, гізава́ць, газану́ць. Гл. яшчэ гіз.
Гіжа́ць ’быць надта ўзбуджаным’ (Сцяшк.). Гэты дзеяслоў звязаны з назвай насякомага гіж (гл.). Такая сувязь зразумелая і звычайная. Параўн. у польск. мове giez ’авадзень’, gzić się ’скакаць, бегаць, сваволіць і да т. п.’ (гл. гэта слова ў Слаўскага, I, 387). Сюды ж і гіжува́ць ’бегаць ад укусаў сляпнёў, аваднёў і мух’ (Бяльк.).
Ґіжа́ць ’кішэць’ (Сцяц.), ґіжэ́ць ’кішэць, звінець, гудзець, гаманіць, крычаць’ (Сл. паўн.-зах.). Здаецца, гэтыя словы ўзніклі азванчэннем зычных з кішэць (гл.). Паводле Трубачова (Эт. сл., 7, 224), бел. дыял. гіжа́ць з’яўляцца ітэратывам-дуратывам на ‑jati ад дзеяслова *gъziti (з падаўжэннем ъ > у).
Гіжува́ць ’бегаць ад укусаў сляпнёў, аваднёў, мух’. Гл. гіжа́ць.
Гіз 1 ’муха-сляпень’ (БРС, КЭС). Паводле Трубачова (Эт. сл., 7, 224), можна рэканструяваць прасл. *gyzъ ’сляпень’ на аснове бел. гіз, польск. дыял. giz і н.-луж. gizk ’тс’. Слова *gyzъ роднаснае быццам з *gъzъ (> польск. giez). Але параўн. гіз 2, гіж.
Гіз 2 ’гізаванне’ (Сцяшк.). Як ад гіж ’авадзень’ утвораны дзеясловы гіжа́ць, гіжува́ць (гл.), так і ад гіз ’авадзень’ утвараюцца гіз ’гізаванне’ (параўн. і польск. giez ’авадзень’, giez ’гізаванне скаціны’), гізава́ць (БРС, Касп., Шат., Сцяшк.), гізыва́ць (Бяльк.). Праўда, можна ставіць пытанне: ці гіз не запазычана з польск. giez? Аб гэтым можа сведчыць і дзеяслоў ґізануць ’пабегчы, гізануць’, засведчаны ў Сцяшк. з выбухным ґ. Дзеяслоў гізава́ць Сл. паўн.-зах. лічыць запазычаннем з літ. gizúoti ’тс’; няпэўна. Параўн. Трубачоў, Эт. сл., 7, 224.
Гізава́ць ’гізаваць, бегаць’. Гл. гіз 2.
Гі́каць ’гікаць’, гік, гі́кнуць, гі́канне (БРС). Рус. ги́кать, гик ’тс’, чэш. hýkati ’крычаць ад здзіўлення’, славац. hykať ’плакаць’. Гукапераймальнае (Бернекер, 1, 374; Фасмер, 1, 405; Трубачоў, Эт. сл., 7, 221).