Мана́рх ’асоба, якая ўзначальвае манархію’ (ТСБМ). З рус. мовы. Аднак ст.-бел. монарха ’тс’ (XVI ст.) — са ст.-польск. monarcha ’тс’, якое з с.-лац. monarcha < ст.-грэч. μονάρχης ці μόναρχος ’адзінаўладны’. Ст.-бел. монархия са ст.-польск. monarchija (Булыка, Лекс. запазыч., 23 і 32). Крукоўскі (Уплыў, 81) мяркуе, што бел. манархія было запазычана з рус. мовы.
Манасты́р ’абшчына манахаў, якая ўтварае царкоўна-гаспадарчую арганізацыю’, ’царква, жылыя памяшканні і тэрыторыя, якія належаць такой абшчыне’ (Шн. 2, Яруш., ТСБМ). Укр. монастирь, манастирь, рус. монастырь, ст.-рус. монастырь — усе са ст.-слав. манастырь, монастырь, якія з с.-грэч. μοναστήρι(ον) μαναστήρι(ον) ’адасобленае жыллё’ (Фасмер, 2, 649).
Мана́ткі ’невялікая маёмасць, рэчы, пажыткі, хатні скарб’ (іран.), ’убранне’ (ТСБМ, Янк. БП, Сцяшк., Яруш., Шат., Касп., Бяльк., Растарг., ТС; КЭС, лаг.), манатье ’анучы, рызманы, лахманы’ (Нікан.), манацье ’манаткі’ (ТС), манацце ’лахманы’ (Ян.); арго: маг., слуц., чарніг., Падолле мана́тка ’кашуля’ (Рам. 9), ст.-рус. манатья, монатия ’мантыя’, запазычаныя з с.-грэч. μαντύας < лац. mantum ’тс’ (Бандалетаў, Этимология–80, 69).
Мана́х 1 ’член царкоўнай абшчыны, які жыве ў манастыры’, (ТСБМ, Нас., Шат., Бяльк.), укр., рус. монах, рус. ц.-слав. монахъ, якое з с.-грэч. μοναχός ’адзінокі’ (Бернекер, 2, 75; Фасмер, 2, 649).
Мана́х 2 ’бутля’ (Ян.), рус. карэл. монах ’доўгая бутэлька з чырвоным віном’, тул. монах с рясой ’чацвяртная бутля з віном’. У выніку семантычнага пераносу паводле падабенства з мана́х 1 (гл.).
Мана́шка ’начны матыль з чорнымі палосамі і плямамі на крылах і брушку, Lymantria monacha’ (ТСБМ), рус. мона́шенка, польск. mniszka ’тс’. З лац. назвы і паводле падабенства колеру.
Манга́л ’жароўня’ (РБС). З польск. mangał або з рус. манга́л ’тс’, якія з крым.-тат., азерб., туркм. maηgal < араб. manḳal ’пераносная печка’ (Заянчкоўскі, PF, 18 (1964), 169; Фасмер, 2, 567).
Мандалі́на ’музычны шчыпковы інструмент з чатырма парамі струн’ (ТСБМ). Паводле Крукоўскага (Уплыў, 84), запазычана з рус. мовы, якое з ням. Mandoline ці франц. mandoline < італ. mandolina. Апошняе з’яўляецца дэмінутывам да mandola ’мандаліна-альт’ (Фасмер, 2, 568) < ст.-італ. mandora < лац. pandūra ’трохструнны музычны інструмент’ (Голуб-Ліер, 301). Варш. сл. (2, 871) польск. mandolina (з якога магло быць запазычана і бел. слова) выводзіць з mando(r)la ’міндаль’ — паводле падабенства да яго быў названы музычны інструмент.
Мандары́н ’вечназялёнае дрэва Citrus unshiu і плады з яго’ (ТСБМ). З рус. мандари́н ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 73), якое з франц. mandarine, англ. mandarin orange, ісп. mandarina. Апошнія ад Mandaro — мясцовая назва вострава Маўрыкій (Махэк₂, 350; Голуб-Ліер, 301; Фасмер, 2, 567–568).
Мандарэння ’красоўка, Atropa Belladonna L.’ (палес., Нар. лекс.). Няясна. Магчыма, скажоная форма з мандрагора (параўн. ст.-бел. мандрагоръ, мандрагора, якое са ст.-польск. mandragorа < лац. mandragora < ст.-грэч. μανδραγόρας ’расліна Atropa mandragora’ (Булыка, Лекс. запазыч., 148).
Манда́т ’паўнамоцтвы’, ст.-бел. мандатъ (мондатъ) ’каралеўскі ўказ’, ’выклік на суд’ (XIV ст.) запазычана са ст.-польск. mandat, якое з лац. mandātum ’даручэнне’ (Булыка, Лекс. запазыч., 57; Жураўскі–Крамко, Зб. Крапіве, 142).