Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Стрыж ‘птушка з доўгімі вострымі крыламі, Apus apus L.’ (ТСБМ, Бяльк.; Сл. ПЗБ, Жыв. св.; стол., Нік.; саліг., Антропаў, Назв. птиц, 365), ‘птушка Hirundo riparia’ (Шымк. Собр.), ‘птушка Cypselus apus, грун, свіргуль’ (Ласт., Некр. і Байк.), стрыг ‘тс’ (Мат. Гом.), стріж ‘ластаўка берагавая, берагулька’ (калінк., хойн., браг., Нікан.; ЛА, 1). Параўн. укр. стриж, дыял. стріж ‘стрыж; казадой’, рус. стриж, дыял. стриг ‘стрыж’, ц.-слав. стрижь ‘каралёк’, польск. strzyżyk, дыял. strziż ‘валавока’, н.-луж. stśěž ‘тс’, чэш. střízlik, дыял. stříž ‘тс’, славац. striežik ‘тс’, stríž ‘ластаўка берагавая’, харв. старое striž ‘птушка Hirundo agrestis’, серб.-харв. strȉjež ‘валавока’, славен. stržek, stréžik ‘валавока’. Прасл. *strěžь і *strižь, гукапераймальнае па паходжанні, як грэч. στρίγζ ‘нейкая начная птушка’, лац. strīx, Р. скл. strigis ‘вушастая сава’; гл. Булахоўскі, ИОРЯ, 7, 119; Праабражэнскі, 2, 398; Фасмер, 3, 778; Шустар-Шэўц, 1368; ЕСУМ, 5, 441. Паводле Булахоўскага (там жа), форма *strižь узнікла пад уплывам *čižь (гл. чыж), супраць Фасмер (там жа). Борысь (585) грэчаскае і лацінскае словы лічыць роднаснымі славянскаму слову і ўзводзіць іх да і.-е. анамапаэтычнай асновы *(s)treig‑ ‘пішчаць, шчабятаць’. Непераканаўча Махэк₂ (589) аб роднасці з лац. requlus ‘каралёк’.

Сук1 ’галіна ствала дрэва і яе астатак у дошцы, бервяне’ (ТСБМ, Ласт., ЛА, 1, Сл. ПЗБ, Сцяц. Сл.), ’засохлая галіна’, ’адростак рота’ (Сл. ПЗБ), ’хвосцік у гарбуза’ (ТС), ’скупы чалавек’ (Скарбы, Сцяц. Сл.). Укр., рус. сук, польск. sęk, в.-луж., н.-луж. suk, славін. sąk, чэш., славац. suk, серб.-харв. су̑к, славен. sọ̑k, балг. сък, макед. сак, ст.-слав. сѫкъ. Прасл. *sǫkъ збліжаюць з літ. at‑šankē ’крук, выступ на дрэве; палка’, ст.-інд. çaŋkús ’востры колышак, драўляны цвік, кол’, кімр. cainc ’сук’ (< ḱanki), ст.-ісл. hár ’уключына’ (< hanha‑), якія да і.-е. кораня *ḱonk‑ ’галіна, галуза’, гл. Покарны, 523. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 798 з іншай літ-рай; Махэк₂, 592; Бязлай, 3, 285–286; Шустар-Шэўц, 1377; Борысь, 542; ESJSt, 14, 862–863. Пра магчымую сувязь з саха гл. Хэмп, Studia etym. Brun. 3, 97–98. Аб семантычным пераходзе ’нешта крывое, сагнутае’ → ’скупы’ гл. Казлова, Этимология–1982, 49.

Сук2 ’кастрыца ў прадзіве’ (ТС), суке́ ’сучкі ў воўне’ (карэліц., Шатал.), сучо́к ’скрутак на крутой нітцы’ (ТС), ’вузел’ (Сл. Брэс.). Рус. дыял. сук ’вузел на вяроўцы, на поясе і г. д.’, чэш. мар. suk ’вузялок’. Аддзеяслоўны дэрыват ад сукаць; гл. Махэк₂, 592.

Сябе́, Р. скл.; Д., М. скл. сабе́, Тв. скл. сабо́ю, займеннік зваротны; указвае на адносіны дзеяння да таго, хто ўтварае (дзейніка) (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.), Р. скл. себе (ТС), ст.-бел. себе ’тс’ (Альтбаўэр). Укр. се́бе́, собі́, собо́ю, рус. себя́, себе́, собо́й, собо́ю, ст.-рус. себе, собѣ, собою, польск. siebie, sobie, sobą, в.-луж. sebje, sebe, sobu, н.-луж. sebje, sobu, палаб. sibě, чэш. sebe, se, sobě, si, sebou, славац. seba, sa, sebe, sebou, серб.-харв. сѐбе, сѐби, со̏бом, славен. sȇbe, se, sȇbi, sebéj, балг. се́бе, си, се, макед. себе (си), се, ст.-слав. себе, себѣ. Прасл. *sebě, В. скл. *sę; *sebe узнікла з *seve пад уплывам Д. скл. адз. л. *sebě; параўн. літ. *savę̃s, sãvo ’сябе’, *sebě ’сабе’ роднаснае ст.-прус. Д. скл. sebbei ’сабе’, оск. sífei, лац. sibī ’сабе’, грэч. σφί(ν) ’яму’, літ. sávei (v — з Р. скл. адз. л., параўн. вышэй); да і.-е. *s(e)u̯‑/*s(e)u̯o‑/se з першасным значэннем ’убаку; апрача’. Гл. Траўтман, 251–252; Фрэнкель, 767; Скок, 3, 211; Фасмер, 3, 586, 588; Шустар-Шэўц, 1278; Бязлай, 3, 220; ESSJ SG, 2, 600.

Сіло́ ‘прыстасаванне ў выглядзе петляў для лоўлі птушак і дробных жывёлін’ (ТСБМ, Ласт., Шат., Бяльк., Др.-Падб., Байк. і Некр., Варл.; глыб., Сл. ПЗБ), ‘прывязка, якой прымацоўваецца біч да цапільна’ (карм., ДАБМ, камент., 829), ‘вуда’ (Байк. і Некр.), ‘пастка’ (Касп.), сіллё ‘з паляўнічай тэрміналогіі’ (Сержп., Грам., 57), ‘сіло’ (Бяльк.; мядз., Нар. сл.; Нар. лекс.), сіло́к ‘сіло’ (ТСБМ), сільё ‘тс’ (Арх. Федар., Сцяшк. Сл.), сіліё ‘сіло’ (Сл. ПЗБ), сіло́, шыло́ ‘тс’ (ТС), ст.-бел. сило: силомъ се ѡобесил (Карскі 2–3, 445). Укр. сило́, сильце́, рус. сило́, сило́к, си́лья, ст.-рус. сило, сильць, польск. sidło ‘тс’, чэш. osidlo, славац. osídlo ‘пастка’, ст.-слав. сило ‘пятля’. Прасл. *sidlo, дэрыват з інструментальным суфіксам ‑dlo ад кораня *sei‑ ‘звязваць’, параўн. сіліць, сіляць (гл.). Роднаснае да сетка і сіт, гл. (Фасмер, 3, 621; Махэк₂, 418; Праабражэнскі, 2, 286). Паралелі ў літ. ãtsailė ‘злучальная планка паміж дышлам і воссю’, atseilis ‘жалеза, якое ідзе ад шворана да восі’, лат. saiklis ‘завязка, саламянае перавясла’, ст.-в.-ням. seid ‘вяроўка’, ст.-інд. sinātі ‘звязвае’ і г. д. (Траўтман, 253; Мюленбах-Эндзелін, 3, 860; Майргофер, 3, 549). Паводле Борыся (544), слова ўтворана ад незахаванага славянскага дзеяслова *siti (< *su‑) з тым жа суфіксам.

Сіні́ца1 ‘пеўчая птушка атрада вераб’іных са стракатым апярэннем’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ‘птушка Parus maior L.’ (Меер Крыч., Арх. Федар., Пятк. 2, ЛП, Яшк. Мясц., Янк. 1, Сл. ПЗБ), ‘сініца’, ‘сіваграк’ (ТС), ст.-бел. синица: оӱпрѧм ꙗко синица (XVI ст., Карскі 2–3, 490). Укр. сини́ця, рус. сини́ца, чэш. дыял. sinice, серб.-харв. си́ница, дыял. сје́ница, балг. синѝца, макед. сеница ‘тс’. У сучаснай польскай мове слова невядома, але Брукнер (491) лічыць, што яно захавалася ў прус. sineco ‘сініца’. Большасць даследчыкаў (напр. Міклашыч, 295; Праабражэнскі, 2, 287; БЕР, 6, 661–663 і інш.) выводзяць ад сіні. Фасмер (3, 625) заўважае, што першапачаткова слова, відаць, абазначала разнавіднасць Parus caeruleus, гл. сінюк. Інакш Булахоўскі (ИАН ОЛЯ, VII, 2, 113), які лічыць, што птушка была названа па сваім крыку zifi; потым назва, паводле народнай этымалогіі, была пераасэнсавана і звязана з сіні; гл. таксама Скок, 3, 251; ЕСУМ, 5, 236. Параўн. сі́ньдзік ‘сініца’(гл.), а таксама рус. дыял. зи́нька ‘гайка, Parus minor’ (Даль), ярасл. си́нька ‘сініца-маскоўка’, што пацвярджае апошнюю версію.

Сініца2 ‘ягада суніца’ (Тур.), ‘ягада’ (Янк. 2; вілен., Шн. 1). З суніца (гл.) пад уплывам сіні або з польск. sinica ‘тс’, якое таксама, паводле Варш. сл. (6, 115), з sunica.

Ся́бар ’друг, прыяцель, таварыш’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сл. ПЗБ, ЛА, 3), ’швагер’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ’кампаньён, супольнік’ (паст., Сл. ПЗБ), ’халасцяк (стары)’ (Мат. Гом.), сябр, себр ’родзіч, брат; сябар’ (Нас.), ся́бер (siaber) ’супольнік у кожнай справе’ (Пятк. 2, Сержп., ЛА, 3): на вяселлі маладым даруюць паўкаровы… паўкалоды пчол або што другое, каб быць сябрамі (Сержп. Прымхі), ’пакупнік і прадавец адзін для другога’ (чырв., З нар. сл.), ’таварыш у мове злодзеяў’ (Арх. Федар.), сябёр ’чалавек, які што-небудзь купіў у другога ці прадаў другому’ (Бір. Дзярж.), ’здаравенны тоўсты чалавек, брысюга; ненадзейны таварыш’ (Бяльк., Юрч.), ся́бра ’ўдзельнік, пайшчык, супольнік, калега’ (Ласт.), ’прыяцель, кампаньён’ (Касп., Варл.), сябрава́ць ’дружыць’ (Касп.), ’працаваць супольна’ (Ласт.), ’узаемна дапамагаць у плытніцкай справе’ (віл., Сл. ПЗБ), сябрава́цца ’прымазвацца, набівацца ў супольнікі’ (Пятк. 2), ’супольна дзяржаць пчол’, сябро́ўскія (сябе́рныя) пчолы ’супольныя пчолы, якімі карыстаюцца два гаспадары’ (віл., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), сябэ́рскія пчолы ’тс’ (ашм., Сл. ПЗБ), сябэ́рка ’суполка на пчол’ (паст., Сл. ПЗБ), ст.-бел. себры ’назва людзей у ВКЛ, якія сумесна карысталіся ворнай зямлёй, прамысловымі ўгоддзямі і інш.’ (Ст.-бел. лексікон), се́бреный ’агульны, супольны’ (там жа). Укр. ся́бер ’удзельнік зямельнага ўладання’, ’кампаньён у гандлёвым прадпрыемстве’, ’сапернік’, ’швагер’, дыял. палес. сябро́ ’няўклюдны, нялоўкі чалавек’, рус. сябёр ’сусед, сябар, пайшчык; член суполкі з правам голаса’, паўн.-рус. сябра́, ся́бра ’суполка, арцель, агульная справа’, стараж.-рус. сѧбръ ’сусед, член адной грамады’, серб.-харв. се̏бар ’земляроб’, ст.-серб. себьр ’селянін, член грамады свабодных земляробаў’, себрь ’палавіншчык, удзельнік, кампаньён’, славен. srebər ’селянін’; сюды ж каш. sibřec są ’падлізвацца, падлабуньвацца’, польск. аргат. siewrać ’размаўляць на зладзейскім жаргоне’. Адзінай этымалогіі, таксама як і адзінай славянскай праформы, няма. Прасл. *sębrъ узнаўляецца на аснове запазычанняў са славянскіх моў: алб.-таск. sëmbër ’здольнік, саўладальнік скаціны’, новагрэч. σεμπρος ’здольнік’, венг. cimbora ’сябар, прыяцель’, арум. simbru ’земляроб, які мае аднаго вала і ўступае ў суполку з іншым уладальнікам вала’, рум. sîmbră ’грамада, абшчына’; узнікла, па адной версіі, з *sem‑ro (з устаўным ‑b‑) і звязана з *sěmьja (Трубачоў, История терм., 166; Каліма, AfslPh, 17, 343). Па іншай версіі, прасл. *seberъ роднаснае гоц. sibja ’роднасць’, ст.-в.-ням. sippa ’тс’, ст.-інд. sabhā́ ’сукупнасць, збор’ (Мее, 14; 342; Атрэмбскі, WSl, 16, 188). Падрабязней агляд ранейшых версій гл. Фасмер, 3, 824 з літ-рай. Гл. таксама Ляпуноў, Сб. ОРЯС, 101, 3, 257–263; Папоўска–Таборска, ZNGd, Slavistyka, 6, 219–226; Гаспарыні, RiS, 8, 3–28 (звязвае семантыку слова з экзагаміяй); SEK, 4, 270 і наст. Няясныя адносіны да літ. sė̃bras ’палавіншчык, таварыш’, лат. sę̄brs ’сусед’ (запазычанні з бел. сябр ці спрадвечныя балцкія формы без насавога?). Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 495. Борысь (Etymologie, 207) значэнне ’прыяцель’ лічыць беларускай семантычнай інавацыяй.

Сачыць ’назіраць, наглядаць за кім-небудзь, чым-небудзь’, ’адшукваць’, ’дапільноўваць’ (ТСБМ, Шат., Касп., Стан., Ласт.), ’цікаваць, высочваць, віжаваць’ (Бяльк., Гарэц.), ’пільнаваць’ (Сл. ПЗБ) ’назіраць, запільноўваць’ (Варл.) ’шукаць у галаве’ (Сержп. Прык.) ’гнаць звера (пра сабаку)’ (Сцяшк.) ’быць падобным на каго-небудзь’: сочыць бацькупадобны да бацькі (віл., глыб., Сл. ПЗБ), сочы́ць ’высочваць’ (ТС). Укр. сочи́ти ’падпільноўваць’, рус. сочи́ть ’шукаць, дапільноўваць’, ст.-рус. сочити, сочу ’адшукваць; весці судовую справу’, польск. soczyć ’паклёпнічаць, цкаваць’, чэш. sočiti ’ненавідзець; раўнаваць; абгаворваць’, серб.-харв. со̀чити ’выявіць, адшукаць’, ’даказаць’, славен. sáčiti ’лавіць’, балг. со́ча ’паказваю’. Прасл. *sočiti. Звязваюць з прасл. *sokъ ’абвінаваўца, выведнік’ і параўноўваюць з літ. sakýti, sakaũ ’гаварыць’, лат. sacît, ст.-в.-ням. sagen ’тс’ і г. д. (Бругман, IF, 12, 38; Траўтман, 255; Мюленбах-Эндзелін, 3, 603; Младэнаў, РФВ, 63, 310; Фасмер, 3, 731). Махэк₂ (566) зыходным значэннем лічыць ’дапільноўваць, адшукваць (звера)’ і супастаўляе з літ. sekù, sèkti ’ісці (следам)’, лац. sequor, ірл. sechur ’тс’, ст.-інд. sáčate ’ідзе следам’. Бязлай (Linguistika, VIII, 1, 71), славенскае слова таксама супастаўляе з літ. sèkti, лат. sekt ’ісці следам’. Аб супастаўленні слав. *sočiti з вышэйпрыведзенымі балцкімі словамі меркаваў яшчэ Фрэнкель (757, 773). Варбат (Марфан., 31–32) падтрымлівае думку Брукнера (394–395) аб зліцці ў слав. sočiti двух вышэйназваных індаеўрапейскіх гнёздаў.

Свет ‘зямля з усім тым, што на ёй існуе; сусвет’, ‘асобная частка сусвету, планета’, ‘чалавечае грамадства’ (ТСБМ, Ласт., Гарэц.), свет, белы свет ‘акаляючая прастора; далёкі край’ (ТС, Сержп., Сл. ПЗБ), той свет ‘замагільная існасць’ (ТС), свет ‘святло; світанне’ (Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), ‘шмат, безліч’ (Сл. ПЗБ, ТС, Гіл.), ст.-бел. светъ ‘планета; сусвет’, ‘зямное ці замагільнае існаванне’, ‘святло, ззянне’. Укр. світ ‘святло, світанак’, ‘сусвет; людзі’, рус. свет ‘тс’, ст.-рус. свѣтъ ‘святло; светач’, ‘сусвет’, польск. świat, в.-луж., н.-луж. swět ‘тс’, чэш. svět, славац. svet ‘свет’, серб.-харв. све̑т, сви̏јет, славен. svȇt ‘свет; людзі’, балг. свят ‘свет’, макед. свет ‘тс’. Прасл. *světъ ‘святло’ > ‘сусвет’, звязанае чаргаваннем галосных са ст.-слав. свьтѣти(сѧ) ‘свяціцца’. Паралелі ў ст.-інд. śvetáh ‘белы, светлы’, авест. spaēta ‘тс’, літ. šviẽsti, šviẽčia ‘свяціць’, лац. vitrum ‘шкло’, ст.-в.-ням. hwîʒ ‘белы’; гл. Траўтман, 310; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1165; Майргофер, 3, 405 і наст.; Фасмер, 3, 575. Шустар-Шэўц (1387) лічыць *světъ дэвербатывам ад прасл. *svьtěti sę, *svítati (гл. свяціць), гл. таксама Мартынаў, Лекс. взаим., 169. Сной₁ (622) тлумачыць семантычны пераход ‘святло’ — ‘свет’ як ‘дзе святло, дзе бачна’, што характэрна і для іншых індаеўрапейскіх моў (Борысь, 623). Пераход ‘акаляючая рэальнасць; святло’ — ‘мноства’, акрамя славянскіх моў, вядомы балтыйскім і фінскім мовам, гл. Непакупны, Связи, 53.

Сем, Р. скл. сямі́ ‘лік і лічба’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ст.-бел. седмь, семь, семъ (Альтбаўэр). Укр. сім, Р. скл. семи́, рус. семь, Р. скл. семи́, стараж.-рус. семь, седмь, польск. siedem, палаб. siděm, каш. sėtme, в.-луж. sedom, sydom, н.-луж. sedym, чэш. sedm, славац. sedem, серб.-харв. се̏дам, славен. sédem, балг. се́дем, се́дъм, макед. седум ‘тс’, ст.-слав. седмь. Прасл. *sedmь. Гэта форма з’яўляецца вынікам змяшэння парадкавага лічэбніка *sedmъ і колькаснага *setь (аналагічна і ў ліч. pętь < pętъ, šestь < šestъ); падрабязна гл. Семерэньі, ВЯ, 1967, № 4, 9 і наст. Слав. *setь заканамерна працягвае і.-е. *septṃ‑, параўн. літ. septynì, лат. septiņi, ст.-інд. saptá, грэч. έπτά, лац. septem, ням. sieben ‘тс’; гл. Траўтман, 257; Мюленбах-Эндзелін, 3, 819; Вальдэ-Гофман, 2, 517 і наст. Прычыну захавання ‑d‑ у заходне- і паўднёваславянскіх мовах (параўн. выпадкі з заканамерным яго выпадзеннем plemę < *pledmę, vymę < *vydmę) і страту яго ва ўсходнеславянскіх (Карскі, 1, 352 адзначае, што д выпадае часам у помніках XI ст.) Трубяцкой (ZfslPh, 4, 375 і наст.) тлумачыць розным часам працякання працэсаў асіміляцыі і скарачэння канцавой групы зычных. Гл. таксама Борысь, 545; Сной₁, 557; Фасмер, 3, 599; Шустар-Шэўц, 1396–1397; БЕР, 6, 579; ESJSt, 13, 797; Нов. в рус. этим., 205; SEK, 4, 259–260.

Скрыль ‘луста, скіба’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Касп., Мядзв., Бяльк., Янк. Мат., Жд. 1), ‘пласт узаранай зямлі’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), ‘вашчына’ (там жа), ‘жменя льну’ (мядз., там жа), ‘губа на дрэве’ (ТС), скрылі́ ‘нарэзаная і падсмажаная бульба’ (Бяльк., Мат. Гом., Янк. Мат.), скрылькі́ ‘суп з бульбы’ (барыс., Жд. 1), скрыль ‘соты з мёдам у раме’ (віл., З нар. сл.), памянш. скры́лік, скрыля́ць ‘рэзаць скрылямі’ (ТСБМ, Касп., Нас., Ласт.; ашм., Стан.; Сл. ПЗБ). Рус. зах., паўд. скрыль ‘трэска, лучына, луста хлеба’, польск. дыял. skrzyl ‘бераг, край’, чэш. skřidla, škřidla ‘сланец, чарапіца’, славац. škridla ‘тс’, серб.-харв. скри́ла, шкри́ља, шкриљац ‘тонкая каменная плітка’, славен. skríl ‘сланец’, skríla ‘каменная плітка’, škríl, škríla ‘сланец; ільдзіна’. Прасл. *skridlь або *skridla ‘што-небудзь расшчэпленае, расколатае, адрэзанае’. Мяркулава (Этимология–1982, 46–47) узнаўляе прасл. *skriti ‘рэзаць’, адкуль выводзіцца смал. скрыля́ць ‘шчыпаць’. Сной₁ (575) дзеяслоў рэканструюе як *skristi, skridǫ ‘рэзаць , які да і.-е. базы *skreid‑ ‘рэзаць, шчапаць’. У якасці паралеляў ён прыводзіць гоц. diskretends ‘торгаючы, ламаючы’, ням. бавар. schritzen ‘ламаць, торгаць’, нова-в.-ням. schritz ‘разрэз’. Фасмер (3, 659) звязвае з кроіць, крою (гл.). З прычыны праславянскага і агульнаславянскага характару слова нельга лічыць яго запазычаным з літ. skrỹlis ‘варэнікі; аладкі; абрэзкі цеста’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 39 з літ-рай), параўн. Анікін, Опыт, 283 з літ-рай.