Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ву́лечка ’качаня’ (Мат. Гом.); ’качанятка, часам куранятка’ (Янк. II). Згодна Янкоўскаму (там жа), памянш.-ласк. ад падзыўнога вуль-вуль-вуль (гл.).

Ву́лівок ’яйка з вельмі слабой шкарлупой’ (усх.-палес., З нар. сл., КСТ). Гл. вы́лівак.

Ву́лік ’вулей’ (КСТ), укр. ву́лік ’тс’. Да вуль ’тс’, гл. ву́лей; адносна суфіксацыі параўн. польск. słowik, чэш. slavík, балг. сла́вик (прасл. solvikъ, аб прычынах нарашчэння гл. Мартынаў, Деривация, 56 і наст.).

Ву́ліў ’лівень’ (КСТ). Гл. вы́ліў, адносна фанетыкі гл. ву́зверыцца.

Ву́ліўка ’чарпак для вылівання вады з лодкі’ (КСТ). Гл. вы́ліўка.

Ву́ліца (БРС, Грыг., Байк. і Некр., Шат., Касп., Бяльк., Сцяшк. МГ, ДАБМ, карта 48) ’галоўная вуліца ў сяле’ (КСТ), укр. ву́лиця, рус. у́лица, ст.-рус. улица ’плошча, вуліца, праход’, польск. ulica, чэш. ulice, славац. ulica, в.-луж. wulica, славен. úlica, серб.-харв. у̏лица ’падворак, вуліца’, макед. улица, балг. у́лица ’вуліца’. Прасл. ulica ’прабіты праход, вуліца’, дэмінутыўнае ўтварэнне ад uljь (ulьjь, гл. ву́лей) ’выдзеўбаная калода, вулей’, што ўзводзіцца да балта-слав. aulei̯a‑ (Слаўскі, SP, 199), першапачатковая семантыка ’агароджаны праход’; параўн. ізасему з разарваным арэалам: славен. ulica ’агароджаная з двух бакоў вузкая дарога для прагону жывёлы на выган ці на вадапой’ і рус. уладз., маск., паўн.-рус. улица ’агароджаны праход для жывёлы’, а таксама серб.-харв. (Герцагавіна) улица ’праход да дома, агароджаны з двух бакоў высокай каменнай сцяной’ і палес. ву́личка ’вузкі праход паміж двума будынкамі ці тынамі’ (Лысенка, СПГ). Сюды ж лельч. ву́ліца ’складка ў доўгай світцы ззаду’ (Нар. лекс.). Больш агульнае значэнне ’звонку, па-за хатай’ развілося на базе супрацьпастаўлення «замкнутай» і «незамкнутай» прасторы; інакш Лучыц-Федарэц (Лексіка Палесся, 176 і наст.), які на падставе палес. гу́ліца, гу̀лыца ’двор або яго частка’ і серб. у̏лица ’двор; вуліца’ першапачатковым лічыць значэнне ’двор’, адпаведна гэтаму прасл. ulica збліжаецца з грэч. αὐλή і лац. aula ’двор, падворак’. Параўн. таксама Ваян (Зб. Іўшычу, 390 і наст.), які насуперак Фасмеру (4, 159 і наст.) па акцэнталагічных прычынах адмаўляе сувязь з ву́лей і звязвае з лац. aula; Курціна (Этимология, 1968, 99) услед за Машынскім (Pierw. zasiąg, 158 і наст.) выводзіць прасл. ulica з *ulъ ’роў’, рус. ’овраг’.

Ву́лі-ву́лі-ву́лі выкл. ’падзыўное слова для качак, гусей’ (свісл., Шатал.); ’падзыўное слова для авечак’ (в.-дзвін., Шатал.); ’падзыўное слова для галубоў’ (мсцісл., З нар. сл.). Гл. вуль-вуль-вуль ’тс’.

Ву́лка ’вуліца’ (Нас., Грыг.); ’вулічка’ (Гарэц.); ’завулак, правулак’ (Бяльк., Янк. I, Касп., КСТ); ’дарога, якая праходзіць папярок вёскі, прыблізна пасярэдзіне’ (Шат.); ’праход з асноўнай вуліцы’ (Жд., 3); ’вузкая дарожка, абгароджаная з двух бакоў’ (КЭС), укр. палес. ву́лка ’вулачка’, рус. у́лка ’двор, прастора па-за хатай’, ст.-рус. улъка ’завулак’. Дэмінутыўнае ўтварэнне, паралельнае да вуліца; параўн. га́лка/га́ліца і інш., суфіксацыя на ‑ъka характэрна для паўн.-слав. моў, для паўд.-слав.ica (Слаўскі, SP, 1 94).

Вулка́н. Запазычана з рус. вулка́н (Крукоўскі, Уплыў, 73, 86), што з лац. Vulcanus ’бог агню’.

Вулканіза́цыя ’рамонт гумавых прадметаў шляхам зваркі’. Праз рус. вулканиза́ция з англ. vulkanization (Шанскі, 1, В, 213).