Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Туры́ць ‘гнаць, прымушаць хутка рабіць што-небудзь, імчаць’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Гарэц., Бяльк., Яўс., Ласт., ТС, Варл., Волк., Растарг.), ‘гнаць, штурхаць’ (Вушац. сл.), ‘везці нешта грувасткае’ (ТСБМ, Кал.), ‘бязмэтна траціць, раскідаць’ (Растарг.), ту́рыць (ту́рытсь) ‘прымушаць, паганяць’ (Шпіл.), ‘гнаць (пра самагонку)’ (Зайка Кос.), ту́ріць ‘рабіць нешта непрыстойнае’: культура — дзе стаіць, там і туря (ветк., Palaeoslavica, 23, 1, 173), туры́ты ‘гнаць’ (Сл. Брэс., Арх. Вяр.; драг. З нар. сл.), туры́цца ‘гнацца, бегчы следам, даганяючы’ (Рэг. сл. Віц.). Параўн. укр. ту́ри́ти ‘гнаць, выганяць’, рус. тури́ть ‘падганяць, гнаць, пудзіць’, польск. дыял. turać ‘абарочваць, каціць’, каш. tuřëć ‘хутка ехаць’, серб., харв. tȕřiti ‘штурхаць, піхаць, класці’, славен. túrati ‘піхаць, тузаць’, макед. тури ‘пакласці, паставіць’, балг. ту́рям ‘ставіць, класці’. Прасл. *turiti і *turati ‘піхаць, паганяць, гнаць’ без пэўнай далейшай этымалогіі (SEK, 5, 181); паводле Глухака (645), узыходзіць да і.-е. *tour‑, няпэўна.

Туш1 ‘кароткае музычнае прывітанне (на банкеце ці ўрачыстасці)’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Вруб.). Праз польскую (tusz) ці рускую (туш) мову з нова-в.-ням. Tusch ‘тс’, якое мае анаматапеічнае паходжанне (Голуб-Ліер, 494; Сной₂, 793; Чарных, 2, 274; Арол, 4, 123).

Туш2 ‘фарба для чарчэння ці малявання’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Вруб.). Праз польскую (tusz) ці рускую (тушь) мову з ням. Tusche, якое ўзыходзіць да франц. toucher ‘датыкацца’ або непасрэдна з франц. touche ‘дотык’ (Фасмер, 4, 129; Голуб-Ліер, 494; Арол, 4, 124; ЕСУМ, 5, 688). Сюды ж тушава́ць ‘наносіць цені на малюнак, пакрываць тушоўкай’ (ТСБМ), якое з рус. тушева́ть ‘тс’ па ўзоры ням. tuschen ‘тс’, паводле Віткоўскага (Słownik, 188) — з польскай. Таго ж паходжання і рэтушава́ць ‘падпраўляць, падмалёўваць, заціраць’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.) праз польск. retuszować з франц. retoucher ‘тс’ (ЕСУМ, 5, 67; Глухак, 646).

Ту́чны ‘тлусты’ (Сл. Брэс.; лун., Шатал., Сцяшк. Сл.), ‘сыты, укормлены’, ‘угноены, добра апрацаваны (грунт)’ (Варл.), ‘вельмі сыты, з тлустасцю’ (Юрч. Сін.); памянш. ту́чненькі ‘тс’ (Ласт.), ту́чнае, тучно́е, туча́нае ‘топкае (сала)’ (Мат. Гом.; бялын., Янк. Мат., ЛА, 4), ту́шны ‘пажыўны’ (паўн.-усх., КЭС), ст.-бел. тучный ‘сыты, тлусты’. Параўн. укр. ту́чный ‘тлусты’, рус. ту́чный ‘тс’, польск. tuczny ‘ўкормлены, тлусты’, ‘пажыўны, сытны’, чэш., славац. tučný ‘тлусты, адкормлены, тоўсты’, в.-луж. tučny, н.-луж. tucny ‘тс’, славен. дыял. tučen ‘тс’, харв. tȕčan ‘адкормлены, цяжкі’, балг. ту́чен ‘тлусты, адкормлены’, ‘буйны, сакавіты (пра траву)’, макед. тучен ‘тлусты’, ‘пладародны’, ст.-слав. тоучьнъ ‘тс’. Прасл. *tučьnъ утворана ад *tukъ (гл. тук1) + ьnъ > *tukьnъ (сляды яшчэ ў стараж.-рус. тукьный) ‘тлусты, тоўсты, урадлівы’ (Цыганенка, 494; Шустар-Шэўц, 1556; Арол, 4, 123), параўн. літ. taũkinas ‘замазаны тлушчам, засалены’, лат. tàuks ‘тлусты, адкормлены’ і інш. Паводле Борыся (652), утворана ад *tučiti, гл. наст. слова.

Тутне́ць ‘пульсаваць, рытмічна адгукацца’: тутніць у жылах кроў (Ластоўскі, Выбр. тв., 210), сюды ж тутно́ ‘пульс’ (Ласт.), ст.-бел. тутно ‘напружанне’ (ГСБМ). Параўн. рус. сіб. ту́тнуць ‘гучаць, адгукацца па зямлі (пра тупат)’, польск. старое tętnieć ‘рытмічна адгукацца, гучаць, разлятацца’, харв. tytnjiti ‘адгукацца гулам’, чак. tytńȉt ‘гудзець’: u glȏvȉ tutńȉ, славен. дыял. tutnéti ‘глуха гучаць’, серб. ту́тњити ‘грукатаць, грымець’, балг. тъ́тна ‘грымець, разлягацца, грукатаць’, радоп. татни́ ‘дрыжыць, трасецца (зямля пры землятрусе)’, макед. татни, татони ‘гудзець, разлягацца гулам’, ц.-слав. тѫтьнѣти ‘грымець, гучаць’. Прасл. *tǫtьneti/*tǫtьnati разглядаецца як вынік рэдуплікацыі кораня, які мае гукапераймальнае паходжанне (Фасмер, 4, 127; Брукнер, 571; Скок, 3, 529; Борысь, 633; Рэйзак, Prasl. dialektizacija, 146), дзеяслоў фармальна блізкі да літ. tutnoti ‘калаціць, таўчы’. Меркаванні Фурлан (Бязлай, 4, 252) пра мажлівасць вывядзення з прасл. *tǫtati і дэвербатыва *tǫtъ ‘гром, шум’ ставяць пад сумненне з-за адсутнасці фіксацыі ў славянскіх мовах адпаведных слоў (ESJSt, 16, 975), параўн., аднак, тут2 ‘мера, ступень’ няяснага паходжання (гл.).

Ту́рзаць, ту́рзаті, ту́рзаты ‘тузаць (пра балячку, якая нарывае)’ (Сцяц., Сцяшк. Сл., Скарбы, Федар. 4, Зайка Кос., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.; пін., Нар. лекс.; пін., ЖНС), ‘нарываць’ (слонім., Нар. словатв.), ‘скубсці, разрываць’ (Ласт.), ‘тузаць лейцамі’ (ТС), ту́рзаті ‘тузаць каго-небудзь’ (Чэрн.), ту́рзаті ‘расцягваць кужаль на валокны’ (пін., Шатал.), ту́рзаць ‘торгаць, цягаць рыўкамі, рэзкімі рухамі’, ‘торгаць туды-сюды, імкнучыся адчыніць што-небудзь’, ‘нудзіць, рваць’, ‘не даваць спакою, дакучаць патрабаваннямі’ (Сл. ПЗБ). Параўн. рус. терза́ть ‘раздзіраць, рваць, мучыць’, балг. дыял. то̂рзам ‘палоць’, серб. тр̏зати ‘тузаць, рваць’, славен. trzati ‘торгаць’. Відаць, не можа разглядацца асобна ад тырзаць (гл.) з варыянтнай асновай, што ўзыходзіць да *tr̥gati з чаргаваннем фарманта і.-е. ‑g‑/‑ǵ‑, параўн. ст.-слав. тръѕати ‘тузаць, рваць, раздзіраць’ < прасл. *tъrgati (Шустар-Шэўц, 1519; ESJSt, 16, 990), у выніку трэцяй палаталізацыі прасл. *tъrzati (Сной₂, 790). Меркаванні пра запазычанне з літ. tur̃šinti ‘страсянуць, патрэсці’ (Весці АН БССР, 1971, 1, 96) непрымальныя па семантычных і фармальных прычынах, параўн. Смачынскі, 696. Сюды ж турзы́каць ‘турзаць’ (брасл., Сл. ПЗБ) з ускладненнем асновы суфіксам ‑ык‑. Параўн. торгаць, тургаць.

Туро́к1 ‘юрок або цыганчык — гульня і конусападобная цацка, якая круціцца на спічастым канцы, падганяецца маленькім (з тоненькага раменьчыка) бізунком’ (Нас., Яруш., Гарэц., Байк. і Некр.). Відаць, да тураць, туры́ць ‘хутка ганяць’, гл. Насовіч (644) тлумачыць паходжанне гэтага слова гукаперайманнем.

Туро́к2 ‘закавулак’ (Бяльк.), ‘тупік, вуліца паміж хатамі’ (Растарг., Пал.), ‘вузкая прастора паміж печчу і сцяной, запечак’ (касцюк., ЛА, 4; слаўг., ЛА, 5). Параўн. укр. дыял. туро́к ‘заліў на рэчцы’ (Чарапанава, Геогр.). Не зусім ясна. Магчыма, звязана з турыць ‘заганяць, запіхваць’, гл.

Туро́к3 ‘дзікі голуб-туркаўка, Columbia turtur’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.), слова перадае крык туркаўкі (галубкі). Гукапераймальнае ўтварэнне, параўн. таксама ту́ркаўка1, ту́рчык (гл.).

Туро́к4 ‘мядзведка, Glottotalpa vulg. hatr. ’ (Жд. 1, Рэг. сл. Віц., Сл. ПЗБ). Гукапераймальнага паходжання, параўн. таксама турчок, туркаўка2 (гл.). Параўн. ілюстрацыю: турок — рыжэнькі, у зямлі тырчыць, турчыць ноччу на двары (Сл. ПЗБ).

Туро́к5 ‘конік (насякомае)’ (Рэг. сл. Віц.). Гукапераймальнае ўтварэнне. Сюды ж, відаць, туро́к ‘жарабя’ (круп., Полымя, 1980, 8, 254), ‘падзыўная назва жарабяці’ (Мова Сен.). Ласкальна ад назвы насякомага?

Ту́зін ‘дванаццаць аднолькавых прадметаў’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Шпіл., Ласт., Касп., Гарэц., Др.-Падб., Яруш.; смарг., беласт., гродз., Сл. ПЗБ), ту́зін і тузі́на ‘тс’ (Байк. і Некр.); ту́зін ‘нізка рыбы’ (мядз., ЛА, 1), ту́зень ‘нізка грыбоў’ (валож., там жа), ‘бярэма, вязанка’ (Вушац. сл.), ст.-бел. тузинъ, туженъ, тузанъ, тузина, тужина, тузынъ ‘тузін’ (1498 г., ГСБМ). Апошнія запазычаны са ст.-польск. tuzin ‘тс’, якое са ст.-франц. douzaine (Карскі, Белорусы, 137; Булыка, Лекс. запазыч., 155). Борысь (655) пасрэднікам для польск. tuzin бачыць с.-в.-ням. totzen, tutzen ‘тс’, якое са ст.-франц. dozeine ‘дванаццатка’ < douze ‘дванаццаць’ < лац. duodecim ‘тс’, гл. таксама Фасмер, 4, 115. Махэк₂ (659) крыніцай для польск. tuzin вызначае ст.-чэш. tucen, tucet і tusen, якія з ням. Tutzet, Dutzet, пашыраных у XVI–XVII стст. у сувязі з дванаццацярычнай метралогіяй; засцярогі адносна чэшскага пасрэдніцтва для польск. tuzin падае Сяткоўскі (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 402), мяркуючы аб прамым запазычанні с.-в.-ням. totzen. Іншы погляд у Лаўчутэ (Балтизмы, 133): слова ў славянскія мовы прыйшло з літоўскай мовы (літ. tuzìnas ‘тузін’), пярэчанні гл. Анікін, Опыт, 289–290. Сюды ж чо́ртаў ту́зін ‘трынаццаць, нешчаслівы лік’ (ТСБМ, Сержп. Прымхі).

Ту́рма, ту́рам, турʼю ‘гонячы’, ‘бегучы’ (Нас., Гарэц.). Дзеепрыслоўі ад туры́ць ‘гнаць’ (гл.) па ўзоры бе́гма (< бегчы), бяго́м, ры́ссю.

Турма́ ‘месца зняволення, астрог, вязніца, цямніца’, ‘знаходжанне ў зняволенні’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Касп., Ласт., Брасл. сл., Бяльк., Федар. 4; ашм., Стан., Сл. ПЗБ, Вушац. сл.), ст.-бел. турма (1377 г.) і тюрма ‘турма’ (1528 г., ГСБМ). Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 35), старабеларускае слова было запазычана праз польскае пасрэдніцтва з ням. Turm, дакладней, з с.-в.-ням. turm са ст.-франц. *torn < лац. turrim В. скл., якое са ст.-грэч. τύρρις, τύρσις ‘умацаваны горад’, ‘дом з каменнымі сценамі’ (Фасмер, 4, 137), параўн. у беларускім ідышы turèm ‘вежа’, turme ‘вязніца, засценак, турма’ (Астравух, Ідыш-бел. сл.). Аднак пры гэтым цяжка растлумачыць мяккае пачатковае т‑ у рэдкай старабеларускай форме, што пазней фіксуецца ў народных гаворках у выглядзе тʼурма́ (Вруб.), цюрма́ (гл.), якія, мажліва, пад уплывам рус. тюрьма́ ‘тс’. Меркаванні пра паходжанне са ст.-цюрк. *türmä ‘турма’ гл. Менгес, Language, 20, 2, 69; Арол, 4, 129. Кохман (Studia, 30) дапускае польскае пасрэдніцтва пры запазычанні з нямецкай мовы пры ўмове адаптацыі на ўсходзе (палаталізацыя), чаму пярэчаць па храналагічных прычынах Чарных (2, 277–279) і Гарбуль (246–247), спасылаючыся на больш раннія фіксацыі ў летапісных крыніцах з Пскова і Ноўгарада; параўн. і рус. арханг. турма́ (СРНГ). Сюды ж турэ́мнік ‘зняволены ў турме’, ‘астрожнік’ (Сцяшк.), турэ́мшчык ‘арыштант’ (Бел. дыял. 3).

Тугі́ ‘моцна, да адказу нацягнуты’, ‘шчыльна сплецены, скручаны, звіты’, ‘які шчыльна аблягае, моцна сціскае фігуру, часткі цела’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Ян., Некр.), ‘шчыльны, цвёрды’ (Некр., Сцяшк., Ян., Мат. Гом., ТС), ‘пругкі, які цяжка нацягваецца, сціскаецца’, ‘непадатлівы, скупы на што-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк.), ‘нягнуткі’ (Вруб.), ‘глухі на вуха’ (Нас.), ‘густы (пра кашу)’ (ЛА, 4; докш., Сл. ПЗБ), ‘густа замешаны, цвёрды (пра хлеб)’ (Мат. Гом., ЛА, 4), сюды ж туга́ карова ‘цяжкая для даення’ (З нар. сл.), тугая зіма ‘суровая, цяжкая’: мусі, зязюля, мусі сівая / Тугую зіму чуеш? (навагр., Песні нар. свят.), туга́я глі́на ‘цяжкая для апрацоўкі’ (навагр., валож., свісл., пруж., Нар. словатв.). Укр. туги́й, ту́гий ‘моцна нацягнуты; надуты; моцны; упарты’, рус. туго́й ‘цвёрды, пругкі’, польск. tęgi ‘цвёрды, моцны’, ‘дародны’, кашуб. tąǵi ‘моцны, мажны’, в.-луж. tuhi ‘цвёрды, жорсткі’, чэш. tyhý ‘цвёрды, жорсткі, упарты’, славац. tuhý ‘цвёрды, моцны’, славен. tôg ‘жорсткі, моцны’, ст.-слав. тѫгъ(и) ‘цвёрды, моцны, упарты’. Прасл. *tǫgъ(jь) ‘моцны, упарты’, ‘цвёрды, нягнуткі’ (Фасмер, 4, 114; ЕСУМ, 5, 668; Борысь, 631; Брукнер, 570; Махэк₂, 659; Чарных, 2, 269; Сной₂, 769). Яму адпавядае літ. strangùs ‘пругкі, пруткі’; звязана чаргаваннем галосных з цягнуць, прасл. *tęgti ‘цягнуць, нацягваць’, параўн. Якубовіч, Drogi słów, 170, 181. Сюды ж тужэ́ць ‘станавіцца больш тугім’ (ТСБМ), тугава́ты ‘глухаваты’ (там жа), ‘схільны да запораў’ (смарг., Сл. ПЗБ), тугаву́хі, тугі́й на вуха ‘з дрэнным слыхам’ (Мат. Гом., Жд. 3, Юрч. Фраз.), ту́ганька ‘шчыльна, туга’ (брасл., Сл. ПЗБ), ту́го ‘моцна’: спіце вы туго (Сцяшк.).

Ту́заць ‘торгаць, цягаць рыўкамі, рэзкімі рухамі’, ‘біць, калаціць, трэсці’, ‘рваць (пра вецер)’, ‘не даваць спакою, дакучаць патрабаваннямі’, ‘рытмічна торгаць (пра боль)’ (ТСБМ, Гарэц., Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Шат., Яруш., Чач., Др.-Падб., Сержп. Прымхі, Скарбы₂, Сл. Брэс.), ‘мучыць, мардаваць’ (Ласт.), ‘ванітаваць, нудзіць’ (ТСБМ; лаг., Гіл.; пух., навагр., Сл. ПЗБ); ‘выпростваць мокрую аснову пасля апрацоўкі лугам’ (в.-дзв., Шатал.), ту́заты ‘расцягваць (воўну)’ (пін., Сл. Брэс.), ‘торгаць’ (Клім.), ‘торгаць, балець (пра рану, зуб)’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), тузну́ты, тузыну́ты ‘таргануць, тузануць’ (драг, Нар. лекс.), ту́знуць ‘тузануць’ (ТС), тузну́ць ‘тс’ (мёрск., Нар. сл.), тузяну́ць ‘торгаць, асабліва пры бойцы’ (Шат.), ту́зацца ‘рабіць хуткія, рэзкія рухі, рыўкі’, ‘уздрыгваць’, ‘штурхаць адзін аднаго, піхацца, біцца, змагацца’, ‘дужацца’, ‘важдацца з кім-небудзь’ (ТСБМ, Гарэц., Чач., Касп., Байк. і Некр.; ашм., беласт., Сл. ПЗБ), ‘вырывацца’ (Варл.), туза́ць ‘мардаваць, лаяць’ (Нас.), туза́тыся ‘штурхацца’ (кам., ЛА, 2); сюды ж туза́ла, туза́н ‘удзельнік бойкі’ (Байк. і Некр.), ту́занне, тузаніна ‘валтузня, важданне’ (там жа), ‘клопат, неспакой’ (Варл.). Укр. ту́зати, туза́ти ‘штурхаць, біць’, ту́затися, тузи́ти ‘бароцца, спрачацца’, ‘штурхацца’, туса́ти ‘штурхаць, таўчы’, рус. тузи́ть ‘біць кулакамі’, н.-луж. tuskaś ‘штурхаць’, tusnuś, tłusnuś ‘тс’, ‘трэсці’, ‘ціснуць, мяць’, польск. tuzać, tuzować ‘біць’, ‘лаяць’, ‘разбіваць (ворага)’. Дапускаюць паходжанне лексемы з туз1 — ‘біць казырным тузом, хадзіць з козыра’ (Фасмер, 4, 115; Брукнер, 585). Больш імаверна імітатыўнае паходжанне (Арол, 4, 114), параўн. тузгаць, турзаць (гл.), літ. tūzgénti ‘грукаць, лопаць з глухім гулам’. Сюды ж экспр. тузо́къць ‘тузаць’ (мёрск., Нар. сл.), тузь — пра шморганне (мсцісл., Нар. лекс.), тузе́ль ‘цоп’ (Варл.).