Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Гада́ць ’гаварыць, расказваць’ (Нас.), га́даць ’пляткарыць’ (КЭС). Рус. дыял. (смал.) гада́ть ’гаварыць’, укр. дыял. (лем.) гада́ти ’гаварыць, размаўляць’ (гл. Рудніцкі, 522, 781). Запазычанне з польск. gadać ’тс’ (а гэта да прасл. *gadati, гл. Слаўскі, 247–248). Толькі ў польск. мове, калі не лічыць славен. дыял. gadati ’балбатаць, плявузгае’, слав. *gadati атрымала значэнне ’размаўляць, гаварыць’ (з XV ст.). Можна ставіць пытанне: ці бел. гада́ны ’гавораны, казаны’ (Нас.), якое Насовіч (там жа) выводзіць ад гада́ць, не адлюстроўвае непасрэдна польск. gadany (ад gadać)?

Гадзі́на. Гл. год.

Га́дка ’пагалоска, размова’ (Касп.), ’размова, гутарка’ (Нас.). Запазычанне з польск. gadka ’размова’, ’гутарка, пагалоска, чутка’ (ад gadać), як і многія словы гэтай групы (параўн: гадаць, гаданіна, гаданне, гадула).

Гаду́ла ’пустамеля, балбатун’ (Нас.). Запазычанне з польск. gaduła ’тс’ (ад gadać ’гаварыць’).

Гаду́лька ’гаваруха’ (Касп.). Слова не вельмі яснага паходжання. Бясспрэчна, звязана з гадаць ’гаварыць’, запазычаным з польск. мовы (гл.), але словаўтварэнне вельмі незразумелае. Ад вядомага ў бел. мове гадула ’пустамеля’ (польск. gaduła ’балбатун, пустамеля’, ’балбатлівая жанчына’) мы б чакалі хутчэй гадулка. Утварэнне ад гадула з экспрэсіўным ‑ʼка?

Газ1 ’газ’ (БРС). Рус. газ, укр. газ ’тс’ і г. д. Слова, якое штучна ўтворана брусельскім хімікам І. Б. ван Гельмантам (1577–1644 гг.) на аснове грэч. слова χάος ’хаос’. У рус. мове гэта слова, паводле Фасмера (1, 382), з ням. або гал. Gas ці франц. gaz. Гл. яшчэ Шанскі, 1, Г, 7; Клюге, 233; MESz, 1, 1037. У бел. мову гэта слова папала праз пасрэдніцтва рус. або польск. мовы. Паколькі няма дакладных даных наконт гісторыі яго ў бел. мове, то прыходзіцца толькі меркаваць, улічваючы агульную сітуацыю і ролю, якую ігралі гэтыя абедзве мовы ў фарміраванні лексікі бел. мовы новага часу (асабліва навукова-тэхнічнай).

Газ2 ’тканіна газ’ (БРС). Рус. газ, укр. газ ’тс’. Запазычанне з франц. gaze ’газ, вуаль’. Звычайна першакрыніцай гэтага слова лічаць назву месца Газа ў Палесціне. Гл. Фасмер, 1, 382. Іншыя этымолагі ўказваюць, што ў гэтым месцы ніколі не выраблялі такую тканіну і не гандлявалі ёю. Таму першакрыніцай франц. gaze лепш лічыць іспан. gasa < араб. kazz < перс. käž. Гл. Клюге, 236; Локач, 91; Шанскі, 1, Г, 8 (апошні ў пэўным сэнсе вельмі заблытана перадае сутнасць этымалогій Локача і інш.).

Газ3 ’вельмі шырокі брод у рацэ ці возеры’ (Яшкін). Як відаць з крыніц, якія прыводзіць І. Я. Яшкін (лепел.), слова гэта вядома на вельмі абмежаванай тэрыторыі (параўн. яшчэ ў Яшкіна, там жа, Газ — урочышча на Красенскім возеры на Дзісеншчыне) і, здаецца, з’яўляецца рэліктавым словам. Як лічыць Трубачоў, Эт. сл., 6, 113–114, ёсць сувязь з паўд.-слав. мовамі; параўн. серб.-харв. га̑з ’брод’, славен. gȃz, балг. га́зя ’брадзіць і да т. п.’ БЕР (III, 224) неабгрунтавана разглядае яго як толькі паўд.-слав. лексему. Этымалогія ўсёй групы слоў няясная (некаторыя меркаванні БЕР, там жа: лічыцца цёмным па паходжанню словам; праблематычна звязваць яго з арм. лексемай або думаць, што яно запазычана з дака-мізійскай крыніцы). Трубачоў, там жа, бачыць тут і.-е. *g​ā‑ ’ісці’.

Га́за ’газа’ (БРС, Шат., Бяльк., Касп., Гарэц., Др.-Падб., Яруш.). Укр. гас, газ ’газа’. Польск. gaz, gaza, gas ’тс’. Для ўкр. гас Рудніцкі (579) прымае паходжанне ад слова газолін (і пад уплывам слова гасити, гаснути). Уся група слоў не вельмі яснага паходжання Зразумела, што ёсць сувязь з газ1 (гл.), але значэнне ’газа’ растлумачыць не проста. Параўн. яшчэ балг. газ ’нафта, газа’, якое БЕР (III, 224) лічыць запазычаннем з тур. gaz yaǧi (а гэта калька з англ. gas оіl). Можна ўказаць яшчэ на наяўнасць двух значэнняў і ў рум. gaz ’газ, газа’. Гэтыя значэнні ёсць і ў венг. gáz (гл. MESz, 2, 1037). Для надзейнай этымалагізацыі і значэнняў (яўна другасных) гэтага слова не хапае дакладных гістарычных даных і можна толькі меркаваць, што супадзенне значэнняў ’газ, газа’ тлумачыцца канкрэтнымі тэхналагічнымі дэталямі (можна, напр., меркаваць пра першапачатковы перанос назваў, звязаных з газавым асвятленнем пры дапамозе газы). Здаецца, што першапачаткова перанос назвы для газы меў месца іменна ў рум. мове, што, магчыма, тлумачыцца канкрэтнымі мясцовымі ўмовамі.

Ґаза́ ’лямпа’ (Сцяц.). Бясспрэчнае запазычанне (параўн. і выбухное ґ). Але слова ў такой форме і з такім значэннем няма ў іншых мовах. Таму можна меркаваць, што гэта новаўтварэнне на беларускай глебе: ґа́за ’лямпа’ атрымалася, відавочна, скарачэннем слоў тыпу газні́к, газніца, газоўка. Фармальна бел. слова супадае з польск. gaza ’газа’, але значэнні слоў разыходзяцца.

Газа ’халоднае і хмурае асенняе надвор’е’ (Кліх). Няясна.

Газе́та. Рус. газе́та, укр. газе́та, польск. gazeta і г. д. Запазычанне з зах.-еўрап. моў. Першакрыніцай слова з’яўляецца іт. gazzetta ’тс’ (гэта назва ўтворана ад gazzetta ’дробная манета’: «плата за чытанне зводу навін, газета»). Рус. газета запазычана з франц. мовы (Шанскі 1, Г, 9). Бел. газета запазычанне з рус. мовы. Але бел. дыял. газэ́та (Шат., Бяльк., Сцяшк., Касп., Яруш., Мядзв.) узята непасрэдна з польск. мовы (таксама Слаўскі, 1, 264; ён лічыць, што паланізмам з’яўляецца і ўкр. газе́та). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 382. Іншыя этымалогіі, што прапанаваліся рознымі даследчыкамі, гл. у Шанскага (там жа).

Газні́к газні̑ца ’газоўка’ (БРС), газні́ца (Шат., Бяльк., Касп., Др.-Падб., Яруш., Гарэц., Інстр. I), газу́лька (Шат.). Утварэнне ад газа (гл.), але дэталі гісторыі гэтых слоў пакуль што не зусім ясныя. Можна меркаваць, што гісторыя іх узнікнення і пашырэння на ўсх.-слав. тэрыторыі досыць складаная. Аб гэтым сведчыць тое, што падобныя словы ёсць ва ўкр. мове. Так у Грынчанкі з розных месц Украіны адзначаецца: газни́к, газни́ця, га́сни́к, га́сни́ця ’газоўка’. Вельмі цікавым з’яўляецца і тое, што падобных слоў няма ў польск. гаворках (гл. у Карловіча), але ў рус. ёсць га́сник, га́сни́ца ’газоўка’ (гл. СРНГ, 6, 151–152), га́зник ’тс’ (там жа, 94), як і гас > газ ’газа’ (там жа, 93–94, 150).

Газо́н (БРС). Рус. газо́н, укр. газо́н. Запазычанне ў рус. мове (на пачатку XVIII ст.) з франц. gazon ’тс’ (а гэта са ст.-в.-ням.). Гл. Фасмер, 1, 382 (некалькі іначай гісторыю франц. слова прадстаўляе Шанскі, 1, Г, 10). Не зусім ясна, як франц. слова трапіла ў бел. мову: праз якую мову-пасрэднік? Рудніцкі (785–786) для ўсіх гэтых слоў прымае як непасрэдную крыніцу франц. мову.