Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вікішча ’вікавая салома’ (хойн., Мат. Гом.). Да ві́ка (гл.). Суф. ‑шча ўтварае лексему са значэннем ’лісце і сцябло расліны’. Тое ж і ў картофелішча (ДАБМ, к. 281). Гэта ўласцівасць характэрна паўднёвым бел. гаворкам.

Вікля́ ’тонкі канец жэрдкі, які тарчыць з-пад незакончанай страхі ў нізкай будыніне’ (Касп.). Рус. кір. виклина ’націна’, польск. wiklina ’жаўталоз’, wikla, wiklak ’лазіна’, wikle ’вербалоз’ — польска-беларуска-паўночнаруская ізалекса. Відавочна, лексема паходзіць ад *vitlʼa < viti > віць (гл.). Аб пераходзе tl у kl гл. Брукнер, 613. Параўн. балг. ви́кло > витло (БЕР, 1, 147, 154), серб. ви̏тло, макед. витло ’вір’.

Ві́ко ’вечка рамавага вулля’ (Анох.), як і вэ̑̇чко̂, вэ̑́ко, вʼе̽чко, да ве́ка, ве́чка (гл.). Вакалізм у аснове рэгулярны: прасл. ‑ě‑ > зах.-палес. ‑і‑.

Віко́вішча ’поле пасля ўборкі вікі’ (рэч., лоеў., хойн., Мат. Гом.) да віка (гл.). Утворана пры дапамозе рэгулярнага суф. Nomina loci ‑išče.

Віко́на ’абраз’ (бых., Янк. Мат.). Да іко́на (гл.). Пачатковае ‑в прыстаўное.

Віко́нт ’дваранскі тытул у Францыі, Англіі і інш. краінах’. Слова запазычана з рус. виконт < франц. vicomte < лац. vicecomes ’намеснік выхавацеля’ (КЭСРЯ, 81; Шанскі, 1, В, 97; Даза, 750).

Віко́ўя ’салома ад вікі’; ’ралля, дзе расла віка’ (КЭС, лаг.). Да віка (гл.). Утворана пры дапамозе суф. ‑ov‑ьje для абазначэння ’сцяблы і лісце’. Іншае значэнне ’ралля, дзе расла віка’ з’яўляецца другасным, пераносным. Параўн. таксама ві́каўе (гл.).

Ві́ксва ’балотная трава асака’ (гродз., вілен., Карл.). Рус. йонаўск. віксва, польск. усх. wikswa, vʼiksfa, vʼiksvʼa, vʼiksʼvas ’асака’. Запазычана з літ. viksvá ’асака’ (Развадоўскі, RS, 5, 1922, 1–25; Атрэмбскі, JP, 16, 1931, 84; Зданцэвіч, LP, 1960, 351; Вяржбоўскі, 172–173).

Вікт ’ежа, харчы’ (Гарб.), ст.-бел. виктъ ’харчы’ (1664 г.). Укр. вікт, польск. wikt, wicht ’тс’. Запазычана з польск. wikt < лац. victus ’харчаванне, ежа’ (Булыка, Запазыч., 63).

Віктары́на ’гульня ў адказы на пытанні з розных галін ведаў’ (БРС, КТС). Укр. віктори́на. Запазычана з рус. викторина ’тс’ < лац. victoria ’перамога’ з памяншальным суфіксам ‑in‑.