Віж 1 ’шпіён, чалавек, які імкнецца непрыкметна выведаць, высачыць пра другіх’ (Янк. I, Жд., 2, КТС), ст.-бел. вижь ’судовы прыстаў, судовы выканаўца, які меў абавязак дастаўляць у суд адказны бок, абвінавачаных і рабіць агляды і дазнанні’ (Гарб.), укр. віж ’камісар, судовы прыстаў (у старых судах)’, польск. widz ’сведка’, ст.-польск. widz ’віж’. Да прасл. vidjь ’той, хто бачыць’ < viděti.
Віж 2 ’глядзі’ (Нас.), рус. вижь ’вось, вось жа, глядзі’, вишь ’тс’, ст.-рус. вижь, ст.-слав. виждь, чэш. viz, макед. види ’тс’ і г. д. Прасл. vidjь.
Віжаванае ’плата віжам за агляд’ (Гарб.) — субстантывізаваны прыметнік да віжаваць (гл.).
Віжава́ць ’выведваць, выглядваць, шпегаваць, сачыць, падпільноўваць, падслухоўваць’ (БРС, КТС, карэліц.; Янк. Мат., Янк. I, Сцяшк. МГ; лаг., КЭС) — дэвербатыўнае ўтварэнне ад віж 1 (гл.) і суф. ‑ovati.
Віжар 1 ’яма ад выгаралага торфу і травы’ (палес., Яшк.). Да вы́жар, вы́жары (гл.).
Віжар 2 ’сузор’е з 7 зорак’ (бых., Мат., АС), відаць, скарочанае вісажар (гл.).
Віжок ’састаўная частка, якая ўмацоўвае саху’ (палес., Тарн.). Укр. віжечки ’каромысел’. Гэту лексему, а таксама роднасныя ёй усх.-палес. pòdwih ’частка сахі, дубовая расоха, якая падпірае адным сваім канцом правую паліцу (жалезнячок)’ (Маш.) і pudwʼiz ’віжок’ (Тарн.). Трубачоў (Этимология, 1964, 5) адносіць да прасл. dvigati. Мартынаў (ВЯ, 1968, 1, 129–130) расчляняе, як pod‑vigъ, звязваючы апошнюю частку з серб.-харв. ви́гови ’силы, путы’, ви̑г ’пастка’ (Зб. Крапіве, 211–212). У сувязі з тым, што Ю. Тарнацкі побач з віжок падае як паралельную форму ужок, можна меркаваць, што яны адносяцца да прасл. ǫz‑jь > ǫž‑ъkъ. Аднак цяжка растлумачыць пачатковы вакалізм у віжок.
Віз ’асётр, бялуга’ (Інстр. II), ст.-бел. визина ’бялужына’ (1582 г.). Укр. виз ’рыба, Acipenser schypa’; ’Huso Huso’, рус. визи́га, вязи́га ’сухажылле ў чырвоных рыб’; ’звязкі ўздоўж хрыбеціна’, виз ’важак у рыб, за якім ідзе касяк асятровых рыб’, польск. wyza, wyzina, в.-луж. wyz ’бялуга’, чэш. vyza velká ’тс’, vyza malá ’калуга’, славац. vyza ’асятровая прэснаводная рыба’, славен. víza ’Acipenser huso’, серб.-харв. виза, балг. виза. Прасл. vyzъ/vyza. Запазычанне з герм. мовы, якое сцвярджаецца этымолагамі (параўн. Гараеў, 48; Голуб, 342; Міклашыч, 398; Брукнер, 640; Махэк₂, 705; Кнежа, 782; Фасмер, J, 313; Шанскі, 1, В, 94; КЭСРЯ, 81; БЕР, 1, 146), вельмі няпэўнае. Ст.-бел. форма визина неабавязкова запазычана з польск. (як мяркуе Булыка, Запазыч., 62). Гэта нармальнае ўтварэнне на ‑ina са значэннем мяса; параўн. бараніна, свініна і г. д.
Ві́за ’урадавы штамп у пашпарце; адзнака ў дакуменце’ (БРС, КТС). Запазычана з рус. ви́за ’тс’. Не выключана магчымасць запазычання праз польск. мову; параўн. польск. wiza ’тс’. Сюды ж візаваць, візі́раваць (БРС, КТС) ’ставіць візу ў дакуменце’.
Візава́ты ’дрэва з сукаватымі слаямі, якое цяжка шчапаецца’ (лаг., КЭС). Не зусім яснае слова. Відаць, мае сувязь з літ. vyžà, лат. vize ’лапаць’, літ. výžti ’плясці’. Магчыма, да вяз (гл.), *вязаваты.
Візаві́ ’адзін насупраць аднаго’; ’той, хто знаходзіцца насупраць’ (БРС). Запазычана з рус. визави ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 76) < франц. vis‑à‑vis ’тварам да твару’ (Фасмер, 1, 313; Шанскі, 1, В, 94).
Візг ’візгат, пранізлівы, рэзкі гук’ (КТС). Рус. визг ’тс’. У іншых слав. мовах маецца глухі варыянт гэтай лексемы visk‑. Звонкасць ‑зг абумоўлена, відаць, інтэрвакальнай пазіцыяй. Да віск (гл.). Сюды ж новаўтварэнні візгат, візгатня, візгатанне, візготны, візгатаць, візгатліва.