Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Скрэ́бці ‘драпаць’, ‘здзіраць, счышчаць’, ‘чысціць, абчышчаць (гародніну, рыбу)’, ‘чухаць’, ‘стругаць’, ‘трывожыць, непакоіць’. (ТСБМ, Касп., Шат., Сл. ПЗБ, Сцяшк., ЛА, 1, 4), скрэбці́ ‘тс’ (ТС), скрабсці́ (Касп., Варл., Шатал., Сл. ПЗБ, ЛА, 1), скрабці́ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1, Др.-Падб.), скрэ́сць (Гарэц., Др.-Падб., Ласт., Юрч.), скрэ́сці (Сл. ПЗБ, ЛА, 1), скрэ́бціся ‘чухацца’ (Жд. 1). Укр. скребти́, рус. скрести́, скресть, славен. škrébati, дзеясловы з інш. ступенню чаргавання гл. на скрабаць. Роднасныя літ. skrebéti ‘шумець, шамацець, шастаць’, skrãbalas ‘бразготка’, ãtskrabas ‘рэшткі’, лат. skrabt ‘скрэбці, скабліць, часаць, драпаць’, skrabstît ‘скрэбці’, с.-н.-ням. schrapen (*skrapôn), ст.-ісл. skrapa ‘драпаць, выкрэсліваць’, англ. scrape ‘скрэбці’, лац. scrobis ‘яма’ (гл. Фасмер 3, 656 з літ-рай; Новое в рус. этим., 210). Сной₁ (636) рэканструюе прасл. *skre(b)ti, якое ўзыходзіць да і.-е. *(s)kerb(h)‑ ‘рэзаць, аддзяляць вострым прадметам’.

Спаць ‘знаходзіцца ў стане сну, спячкі’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк.; ашм., Стан.; Сл. ПЗБ, ТС). Параўн. укр. спа́ти, рус. спать, стараж.-рус. спати, польск. spać, в.-луж. spać, н.-луж. spaś, чэш. spat, славац. spať, серб.-харв. спа̏ти, славен. spáti, балг. спя́, макед. спие, ст.-слав. съпати. Прасл. *sъpati (ад *sъ(p)nъ ‘сон’), роднаснае ст.-інд. svápiti, svápati ‘ён спіць’, англ.-сакс. svefan ‘спаць’, ст.-ісл. sofa ‘тс’, лац. sōpiō ‘усыпляць’; гл. Фасмер 3, 732–733 з літ-рай; Глухак, 571. Гл. таксама Борысь (568), які славянскае слова і роднасныя ўзводзіць да і.-е. кораня *su̯ep‑/*sūp‑ ‘спаць’. Гл. таксама сопці, сапці; паводле Сноя (SR, 36, 1, 107), значэнні ‘спаць’ і ‘дыхаць, сапці’ развіліся ў корані і.-е. *su̯ep‑ вельмі даўно, бо ў праславянскі перыяд матывацыя ‘дыхаць’ > ‘спаць’ не была ўжо актуальнай.

Спець ‘рабіцца спелым, выспяваць (пра гародніну, злакі і пад.)’ (ТСБМ, Ласт., Сл. ПЗБ, ТС). Параўн. укр. спі́ти, рус. спеть, стараж.-рус. спѣти ‘спяшацца, імкнуцца, садзейнічаць’, польск. śpiać ‘спяшацца, наганяць’, в.-луж. spěć ‘удавацца’, чэш. spěti ‘спяшацца’, славац. spieť ‘тс’, серб.-харв. до́спијети ‘даспець, паспець’, славен. spéti ‘спяшацца, спець’, балг. спе́я ‘спець’, ст.-слав. спѣти, спѣѭ. Прасл. *spěti, *spějǫ ‘спець; спяшацца; дасягаць’ роднаснае літ. spė́ti ‘паспяваць; мець час, мець вольны час’, лат. spẽt ‘пераадольваць, магчы’, ст.-інд. sphāyāte ‘ён працвітае, сыцее’, ст.-в.-ням. sputen ‘спяшацца’, лац. spatium ‘прастора, працягласць’, да і.-е. *spe‑ ‘удавацца, добра расці’. Гл. Покарны, 983; Траўтман, 274; Фасмер, 3, 734 з іншай літ-рай; Шустар-Шэўц, 1338; Бязлай, 3, 297; Борысь, 619; ЕСУМ, 5, 375–376. Уваходзіць у гняздо прасл. *spěxъ (гл. спех), *spěšiti (гл. спяшацца), *sporъ (гл. спор1).

Спо́саб ‘прыём, метад’, ‘парадак, характар, манера, склад’, ‘рэальныя ўмовы, сродак, магчымасць ажыццяўлення чаго-небудзь’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Федар. 4), ‘матэрыяльны дастатак, сродкі’ (Варл.), ‘неабходнае для жыцця’ (Сержп. Прымхі), ‘доля’: дзеўка без спосабу (пра векавуху) (Сержп.). Укр спо́сі́б, рус. спо́соб, польск. sposób, чэш. způsob, славац. spôsob, серб.-харв. спосо̀ба. Параўн. пасоба ‘дапамога’ (Нас.), рус. посо́бие, якія з выразу *ро sobě (гл. сябе); Міклашыч, 331–332; Фасмер, 3, 738. Якабсон (гл. у Фасмера, там жа) усходнеславянскія словы лічыць запазычаннем праз польскую з ст.-чэш. zpósob. Аналагічна Кохман, Stosunki, 126. Сяткоўскі (гл. Басай-Сяткоўскі, Słownik, 334) чэшскі ўплыў бачыць толькі ў развіцці абстрактных значэнняў. Борысь (570) рэканструюе паўн.-прасл. *sъposobъ як аддзеяслоўны дэрыват ад *sъposobiti < *posobiti < *ро sobě, параўн. спасобіць ‘падрыхтоўваць, запасаць’ (Нас.), ст.-бел. способяти ‘падрыхтаваць, сабраць’ (Ст.-бел. лексікон).

Спрыт ‘дасканаласць, умельства’, ‘фізічная лоўкасць, паваротлівасць, хуткасць у руках’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ), ‘кемлівасць’ (Ласт.), спры́тны, спры́тнасць (Касп., Байк. і Некр., Гарэц., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС). З польск. spryt, sprytny (Кюнэ, Poln., 99 з літ-рай), якое выступае ў польскай мове з XVIII ст. як запазычанне з франц. esprit ‘дух; задума, розум; здольнасць, талент і да т. п.’; гл. Брукнер, 510; Борысь, 571. Ужо Карскі (Белорусы, 146) сумняваўся ў этымалогіі, прапанаванай упершыню Ліндэ, схіляючыся да выказанай раней Міклашычам (266) думкі пра сувязь з прыць (гл.). Мартынаў (Лекс. Палесся, 16–17) звязвае з гоц. sprauto ‘хутка’, чаму пярэчыць Смулкова (Бел.-польск. ізал., 118–119), якая бачыць тут налажэнне значэнняў розных па паходжанні слоў — паланізмаў спрыт, спрытны і прыткі, прытны (гл.). Гл. таксама Фасмер, 3, 391–392; Булахаў, Бел. мова, 57.

Старана́ ‘бок’; ‘напрамак свету’, ‘край, краіна’, ‘бок (у судзе)’, ‘бок (у адзенні)’, ‘бок гумна; прыстаронак’ (ТСБМ, Ласт., Стан., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), сторона́ ‘бок, бакавіна’, ‘край, мясцовасць’ (ТС), ст.-бел. сторона ‘край, краіна’, ‘напрамак’, ‘супрацьстаўныя групы’, ‘юрыдычная асоба’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 69). Параўн. укр., рус. сторона́, стараж.-рус. сторона, польск., в.-луж., н.-луж. strona, палаб. stárna, чэш., славац. strana, серб.-харв. стра́на, славен. strána, балг. страна́, макед. страна, ст.-слав. страна. Прасл. *storna утворана з суф. ‑na ад прасл. *sterti (гл. прасціраць), якое, у сваю чаргу, ад і.-е. *ster‑ ‘тс’. Гл. Слаўскі, SP, 1, 116; Шустар-Шэўц, 1364–1365; Бязлай, 3, 323. Роднасныя лат. stara ‘паласа’, ст.-інд. str̥ṇā́ti, str̥ṇā́ti ‘разлёгся’, лац. sternō ‘рассыпаць, распасцерці’, sternere ‘сыпаць, сцяліць’. Гл. Фасмер, 3, 768 з літ-рай; Глухак, 586–587.

Сугло́б ’сустаў, патаўшчэнне на суставах’ (усх.-палес., Б. Сачанка), ’гарбаты чалавек’ (Бяльк.), сугло́біна ’высокі сагнуты чалавек’ (Бяльк.), сугло́п, сугло́біна ’высокі, няўклюдны падлетак’ (кіраў., Нар. сл.), сугло́бісты ’сутулы’ (Ян.), сугло́бы ’пануры’ (Ласт.), сугло́біцца ’згорбіцца, скрывіцца’ (Варл.). Параўн. укр. сугло́б ’згіб, сустаў’, рус. смал. сугло́бый, сугло́ба ’хмурны чалавек, нелюдзень’; сюды ж польск. zgłoba ’перашкода, запор; клопат, турботы’, серб.-харв. зглоб ’тс’, славен. zglób ’тс’, балг. сглоб ’стык, злучэнне; сустаў’, макед. зглоб ’згіб; сустаў’. Прасл. *sǫglobъ/*sъglobъ — аддзеяслоўны дэрыват ад *sъ‑globiti ’злучыць’, параўн. укр. згло́бити ’злучыць клінам’, балг. сглобя́вам ’злучаць, складваць, прыводзіць у парадак’, прэфіксальнага дэрывата ад прасл. *globiti < прасл. *globa ’кол, шост, жэрдка’ (Борысь, Prefiks., 118–119; Фасмер, 3, 793). Развіццё значэнняў ’злучэнне, патаўшчэнне’, ’сагнуты, нахілены, гарбаты’ > ’той, хто глядзіць спадылба’. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 466; ЭССЯ, 6, 131–134. Параўн. аглобля (гл.).

Сухо́ты ’туберкулёз’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Ласт., Касп., Шат.; ашм., Стан.; ЛА, 3; Варл., Сержп. Прымхі, Сцяшк., ТС), ’клопат, непрыемнасць’ (ТСБМ), сухо́та ’ліха, гора’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.), ’сухоты’ (Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.), сухата́ ’тс’ (Пятк. 2), сухо́тка ’тс’ (Касп., Пятк. 2), ’хвароба скуры ў дзяцей, сухі лішай’ (Цых.), сюды ж сухо́ты ’схуднелая асоба’ (Юрч. Вытв.), але хутчэй прым.: сухо́ты етый маліц (там жа), параўн. сухо́ткі ’вельмі сухі, высахлы’: гавёс стаў сухоткі (Цых.). Укр. сухо́ти, рус. сухо́ты, польск. suchoty, в.-луж. suchoćina, чэш. souchotiny ’туберкулёз’. Да сухі, першапачаткова nomen abstractum сухо́та, потым мн. л. для спецыялізацыі назвы, што паводле Карскага (2–3, 331), тлумачыцца “множественностью признаков” хваробы. Тая ж матывацыя ў балг. радоп. су́ва бо́лес ’тс’. Меркаванні Цвяткова (Запіскі, 2, 1, 84) пра польскі ўплыў на змену націску не пераконваюць. Гл. сухата.

Струп1 ‘корка на ране’ (ТСБМ, Ласт., Гарэц., Байк. і Некр., Сержп., Федар. 4, Сл. ПЗБ), ‘прышч’ (Сл. ПЗБ), стру́піна ‘засохлы струп’ (Нас.), зборн. стру́пʼя, стру́пʼе ‘адходы пры прадзенні кудзелі’ (Нас., Сл. ПЗБ; мёрск., Шатал.); сюды ж стру́пля ‘праказа’ (Ласт.). Параўн. укр., рус. струп, стараж.-рус. струпъ ‘рана; труп’, польск. strup ‘струп’, strupy ‘воспа; перхаць’, в.-луж. trup, н.-луж. tšup, чэш., славац. strup, серб.-харв. стру̑п ‘парша’, славен. strup ‘яд’, балг. струп ‘струп’, макед. струп ‘кароста’, ст.-слав. строупъ ‘рана, болька’. Прасл. *strupъ ‘струп’ параўноўваецца з ст.-в.-ням. strûben ‘падымацца, стаяць строма, уздымаць, гарчэць’, с.-в.-ням. strúben, с.-н.-ням. strȗf ‘шурпаты, грубы’, ст.-сакс. strûf ‘узлахмачаны’, грэч. στρῡφνός ‘цвёрды, мулкі, моцны’ (гл. Фасмер, 3, 784; там жа і літ-ра), якія ўзыходзяць да і.-е. кораня *streu̯p‑/*streu̯b‑ < *ster‑ ‘мулкі, цвёрды’ (Борысь, 583). На іншую думку, звязана чаргаваннем галосных з ц.-слав. стръпътъ ‘шурпатасць, мулкасць’ і збліжана да грэч. ρύπον ‘бруд, нечыстата’ (Сольмсен, KZ, 37, 600; Покарны, 1004; Бязлай, 335–336). Махэк₂ (584) славянскае слова параўноўвае з літ. raũpas ‘воспа’, raũpsas ‘праказа’, лат. raupa ‘гусіная скура’ і польск. rupić się ‘скрабці’ і мяркуе аб рухомым ‑s‑ і ўстаўным ‑t‑ у славянскіх формах. Гэтую этымалогію лічыць найбольш прымальнай Мяркулава (Этимология–1970, 189 і наст.). Менш верагодныя роднасць з ст.-ісл. hriúfr ‘грубы, няроўны; пракажоны’, hrufa ‘парша’, ст.-в.-ням. hruf ‘тс’, як мяркуе Уленбек (гл. Фасмер, там жа). Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 454.

Струп2 (strüp) ‘верхняя частка даху’ (Тарн.), струпо́к ‘верх, вяршыня’ (Сл. Брэс., Клім.). Да строп (гл.) з палескім пераходам о > у ў закрытых складах. Сюды ж, відаць, і струп у фразеалагізме: пад адзін струп ‘адно пад адным (дзеці з малою розніцаю ў гадах)’ (Янк. БФ., 292).

Струп3 ‘ніжняя частка снапа’ (жыле., Выг.). Няясна.

Се́мя ‘насенне’, ‘род, племя’ (ТСБМ, Нас., Бяльк.), ‘насенне льну’ (Ласт., Шат., Варл., Сл. ПЗБ), се́мʼе ‘тс’ (ТС, Сержп. Прымхі), сюды ж семяно́, семяна́ ‘насенне’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 2), ст.-бел. сѣмѧ ‘насенне’, ‘род, племя’ (Альтбаўэр). Укр. сі́мʼя, рус. се́мя, Р. скл. се́мени, ст.-рус. сѣма ‘семя; нашчадак’, польск. siemię, в.-луж. symjo, н.-луж. semje, чэш. кніжн. semě, símě, semeno, славац. semeno, серб.-харв. сје̏ме, славен. sẹ́me, балг. се́ме, макед. семе ‘насенне’, ст.-слав. сѣма ‘насенне’, ‘род’. Прасл. *sěmę, *semene. Роднасныя: ст.-прус. semen ‘семя’, літ. sémens, sémenys ‘ільняное семя’, лац. sēmen ‘семя, род, патомства’, ст.-в.-ням. sâmô; гл. Траўтман, 253 і наст.; Мюленбах-Эндзелін, 3, 832; Вальдэ-Гофман, 2, 512. Да і.-е. sēmen, якое з суф. ‑men утворана ад кораня *sē‑ (гл. сеяць). Гл. яшчэ Фасмер, 3, 600; Сной₁, 561, БЕР, 6, 606–607; Шустар-Шэўц, 1399–1400; Борысь, 546.