Банк, дыял. ба́нак (Гарэц., Др.-Падб., Шат.). Рус. банк (з XVIII ст.), укр. банк і г. д. Запазычанне праз ням. Bank (або франц. banque) з італ. banco (якое спачатку мела значэнне ’стол мянялы’; < ням.; аб гісторыі слова гл. Клюге, 49; MESz, 1, 239). Фасмер, 1, 120; Шанскі, 1, Б, 33.
Банка́рт ’байструк, пазашлюбнае дзіця’ (Шат., Касп., БРС, Інстр. I, Шн., 3), бэнка́рт ’тс’ (Нас.). Ст.-бел. бенкарт, букарт (Гіст. лекс., 114; Булыка, Запазыч.). Укр. бе́н(ь)карт ’тс’ (з XVI). Запазычанне з польск. bękart ’тс’ (Рыхардт, Poln., 34; Кюнэ, Poln., 44), дзе з ням. Bank(h)art, Bankert (ад Bank ’лаўка’). Гл. яшчэ Шалудзька, Нім., 21; Брукнер, 23–24; Корбут, PF, 4, 402, 512; Варш. сл., 1, 141; Махэк₁, 352; Рудніцкі, 104.
Банке́т. Ст.-бел. банкет, з канца XVI — пачатку XVII ст. (Булыка, Запазыч.). Рус. банке́т, укр. банке́т (ужо з XVI ст.). Запазычанне з зах.-еўрап. моў. Параўн. ням. Bankett (< італ. banchetto), франц. banquet (да гісторыі слова гл. Клюге, 49; MESz, 1, 240; Фасмер, 1, 121). Улічваючы націск у слове, Фасмер адхіляе пасрэдніцтва польскай мовы, але націск ні аб чым у дадзеным выпадку не сведчыць. Няясная фанетычна бел. дыял. форма банкот (Булг.).
Банкоцэтлі ’папяровыя грошы’ (Бесар.). З польск. bankocetel ’тс’ (а гэта з устарэлага ням. Bancozettel ’банкавае пасведчанне, чэк’, гл. Варш. сл., 1, 95).
Банкрат ’дамкрат’ (Бір. Дзярж.). Дыялектная трансфармацыя слова дамкра́т (гл.), мабыць, пад уплывам банка́рт ’байструк’. Жартаўлівае ўтварэнне?
Банкру́т. Рус. банкро́т (з XVIII ст.), банкру́т (з часоў Пятра I), укр. банкро́т, банкру́т. Банкру́т (больш даўняя форма) — запазычанне з франц. banqueroute або гал. bankroet. Больш новае банкро́т узята з ням. Bankrott. Першакрыніцай усіх гэтых слоў з’яўляецца італ. bancarotta ’зламаная лаўка’. Гл. Смірноў, Западн., 55; Фасмер, 1, 121; Шанскі, 1, Б, 35. Аб гісторыі слова гл. Клюге, 49.
Бансю́к ’байструк’ (Некр.). Відаць, з бэнсю́к (вытворнае ад бэнсь ’тс’ польскага паходжання, гл.).
Бант 1 ’бант’. Рус., укр. бант. Лічыцца запазычаннем з польск. мовы (польск. bant, banta < ням. Band; да ням. слова гл. Клюге, 48). Фасмер, 1, 121; Шанскі, 1, Б, 35.
Бант 2 ’жэрдзе, якое прыбіваецца паміж кроквамі’ (Тарнацкі, Studia, Сцяшк. МГ). Паводле Тарнацкага, непасрэднае запазычанне з ням. Band. Параўн. яшчэ ст.-бел. бант ’бэлька’, бел. дыял. ’бэлька ў гумне’ (Чартко, Бел. лінгв. зб., 1966, 147). Параўн. бант 1, ба́нта. Гл. і Фасмер, ZfslPh, 28, 116.
Бант 3, дыял. ’абруч на бочцы’ (ст.-бел. бант ’абруч’, Чартко, Бел. лінгв. зб., 1966, 147). Паводле Чартка, там жа, з с.-в.-ням. bant ’тс’. Параўн. яшчэ Шалудзька, Нім., 21.
Ба́нта ’папярочная планка ў кроквах’ (Шушк.). Укр. ба́нта, ба́нтина ’тс’. Запазычанне з ням. Band (дакладней, з с.-в.-ням. bant) ’звязка, спалучэнне, папярочная бэлька’ праз пасрэдніцтва польск. banta, bant ’тс’. Фасмер, ZfslPh, 28, 116; Шалудзька, Нім., 21; Рудніцкі, 74.