Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Гандлява́ць (Нас., Шат.). Гл. га́ндаль.

Гандля́р (БРС). Гл. га́ндаль.

Гандо́ла ’гандола’ (БРС). Рус. гондо́ла, укр. гондо́ла ’тс’. Першакрыніцай запазычання з’яўляецца іт. gondola, якое трапіла ў рус. мову яшчэ ў Пятроўскую эпоху. Адтуль, здаецца, лексема пранікла ў бел. і ўкр. мовы. Гл. Фасмер, 1, 436. Падрабязна аб гісторыі слова Шанскі, 1, Г, 126–127.

Гандэ́лак ’закусачная’ (Сцяшк.). Па паходжанню памяншальная форма ад дыял. га́ндэль ’гандаль’, запазычанага з польск. мовы (гл. га́ндаль). Гандэ́лак ’закусачная’ утварылася на базе іншага значэння зыходнага га́ндэль, менавіта ’гандлёвае прадпрыемства’, вядомага ў польск. мове.

Гане́ц ’ганец, пасланец’ (БРС, Бяльк.). Укр. гіне́ць, гоне́ць, рус. гоне́ц ’тс’, польск. goniec, чэш. (ст.-чэш.) honec і г. д. Слав. утварэнне (*gonьcь) ад дзеяслова *goniti (аб марфалагічнай характарыстыцы дзеяслоўных фармацый гл. Махэк₂, 171). Агляд форм у слав. мовах гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 28.

Га́ніць ’ганіць, ганьбаваць’ (БРС, Нас., Шат., Касп., Бяльк.). Укр. га́нити, рус. га́нить ’тс’ (толькі ў зах. і паўд. гаворках, гл. СРНГ, 6, 134–135), польск. ganić, чэш. haněti, haniti. Гэта слова сустракаецца толькі ў зах.- і ўсх.-слав. мовах (у паўднёвых славян няма). Паходжанне яго спрэчнае. Лічыцца роднасным са слав. дзеясловам *ganjati: *goniti: *gъnati ’гнаць, ганяць’. З іншага боку некаторыя этымолагі думаюць пра запазычанне з ням. (с.-в.-ням.) hōna або роднаснасць з *gadъ, *gaditi. Агляд версій гл. у Слаўскага, 1, 254–255. Шатэрнік (гл. заўвагу ў яго слоўніку), здаецца, хоча лічыць бел. слова запазычаннем з польск. ganić. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 392.

Га́нка ’загана, недахоп; строгая вымова’ (Нас.). Гэта слова, паводле яго семантыкі, наўрад ці можа з’яўляцца памяншальнай формай ад га́на (параўн. ган, гл.). Хутчэй трэба меркаваць, што яно — аддзеяслоўны назоўнік, утвораны суфіксам ‑к(а). Параўн. дзеяслоў ганіць (гл.).

Гано́к ’плыт’ (Касп.). Параўн. рус. дыял. гоно́к ’тс’, але таксама га́нок. Дакладна аб этымалогіі слова, хоць яно і здаецца празрыстым, нічога пэўнага сказаць нельга. Яно можа паходзіць ад дзеяслова гнаць. Але бянтэжыць рус. дыял. форма га́нок ’тс’, якая можа ўказваць на фармальную сувязь са словам га́нак (гл.). Гэта апошняе ў дыялектах мае шмат значэнняў (параўн., напр., для рус. мовы агляд у СРНГ, 6, 135). Але ўсё ж такі здаецца, што зыходным трэба лічыць *гоно́к (: goniti ’гнаць’), якое пазней у гаворках у выніку дээтымалагізацыі асацыіравалася з іншым словам (га́нок, га́нки ’ганак’).

Гано́рны ’ганарлівы’ (БРС). Укр. дыял. (зах.) гоно́рний. Як сведчыць націск у гэтых словах, яны, пэўна, з’яўляюцца запазычаннямі з польск. мовы. Параўн. польск. honorny ’тс’ (ад honor). Польск. honorny добра засведчана ў многіх польск. гаворках (гл. Карловіч, II, 189).

Ганта́ль ’ганталь’ (БРС, Сцяшк. МГ, Шат.). Укр. гонта́ль ’тс’, рус. дыял. (на тэрыторыі Літвы) го́нталь. Знешне падобнае на ўтварэнне ад гонт (гл.), суф. ‑аль. Але вельмі падазронае падабенства з фармацыямі тыпу ўкр. бретна́ль ’цвік для дошак’, гухна́ль ’цвік для падковы’, польск. hufnal і г. д., якія запазычаны з ням. Brettnagel, Hufnagel і дзе другая частка ням. складаных слоў (Nagel) прадстаўлена як ‑nal. Калі прыняць, што гонт некаторыя этымолагі выводзяць з ням. gant (дыял.), то можна лічыць, што магло існаваць і ням. (дыял.) gantnagel, з якога магло атрымацца (дысіміляцыя або выпадзенне аднаго з двух n — n) або *гонталь, або *готналь. Атрымалася першае.