Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Стацяко́л ‘круты, стромкі бераг’ (Сцяшк.). Ад стоці (гл.) з суф. ‑ак і ‑ол.

Стача́ць ‘дастаўляць’ (ТС), сінонім достача́ць, достарча́ць ‘прывозіць, знаходзіць’ (там жа). Параўн. польск. dostarczać ‘дастаўляць’ з ранейшага dostatczać ‘тс’, што ў выніку распадабнення з ст.-польск. statek ‘стан, набытак, маёмасць’ (Брукнер, 514). Формы з ‑р‑, магчыма, запазычанне з польскай або ў выніку паралельнага развіцця. Да статак (гл.).

Ста́чына ‘складчына’ (ТС). Відаць, да ста́чьщь (гл.); менш верагодна ад стачы́ць ‘злучыць, прылучыць’, што да тачыць ‘далучаць’, гл.

Стачы́на ‘жывёліна ў статку’ (ТС), ‘усё хатняе рыззё, гаспадарчае начынне і рабочая жывёла’ (дзісн., Яшк. Мясц.), ‘хатняя жывёла без птушкі, сабак і катоў’ (Нік. Очерки), статчы́на ‘адна асобная жывёліна’ (Ласт.), стачы́ніна ‘тс’ (Касп.). Утворана ад статак (гл.) або ад прасл. дыял. *stoka ‘набытак; маёмасць; жывёла’ (Коннава, ОЛА, Исследов., 1972, 88–89), паводле Скока (3, 450), поствербальнага ўтварэння ў паўднёваславянскіх мовах ад дзеяслова тыпу серб.-харв. steći ‘здабыць, атрымаць’.

Ста́чыць ‘задавальняць’ (Ласт.), ‘быць дастатковым’ (ТС), ста́ча ‘дастатак’ (Сл. рэг. лекс.). Рус. зах., паўд. ста́чить ‘хапаць, быць дастатковым’, польск. starczyć (з XV ст.), ст.-польск. staczyć, чэш. stačit, славац. stačiť ‘тс’. Паўн.-прасл. *statъčiti ‘быць дастатковым’ утворана ад прасл. *statъkъ ‘статак’ (Брукнер, 514; Фасмер, 3, 749; Голуб-Копечны, 348; Борысь, 575).

Стачы́ць ‘сцэджваць, зліваць рэшткі’, сто́чваць ‘тс’ (Нас.). Гл. тачыць3 ‘ліць’.

Стаю́шка ‘дрывотня’ (Сл. Брэс.). Першапачаткова, відаць, ‘загарадка’, тады да наступнага слова.

Ста́я1 ‘чарада птушак’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1), ‘касяк рыб’ (Сцяшк.). Паводле Сл. ПЗБ (4, 584), з рус. стая́ ‘тс’, што патрабуе дадатковай аргументацыі, параўн. ста́я ‘загарадка ў хляве, дзе стаяць коні’ (брэсц., Нар. сл.), ста́я, ста́і ‘загон’ (Сл. ПЗБ). Прасл. *staja; параўн. таксама ўкр. ста́я ‘курэнь пастухоў; загон; рад сціртаў сена’, рус. ‘хлеў; адрына, загон’, стараж.-рус. стая ‘хлеў’, ‘прыстанішча; ложак; шацёр’, чэш. stáj, stáje ‘стойла’, серб.-харв. ста̏ја ‘стойла; загон’, славен. stája ‘хаціна пастухоў; прыстанішча’, балг. ста́я ‘пакой’, макед. стаја ‘канюшня’. Да стаць, стаяць, першаснае значэнне ‘стойла; месца, дзе стаіць жывёла’, ‘стаянка’. Гл. Фасмер, 3, 749; Махэк₂, 574; Сной₁, 603; гл. спецыяльна Лучыц–Федарэц, Лекс. Палесся, 193–194. Трубачоў (Этногенез₂, 212) лічыць кур’ёзным, аднак цалкам рэальным, што назва “рухлівай” групы жывёл утворана ад і.-е. *stā‑ ‘стаяць’. Няма падстаў разглядаць як магчымы субстратны балтызм рус. падмаск. ста́йка ‘хлеў’ (Тапароў, Балтийские яз., 46), параўн. Анікін, Опыт, 283.

Ста́я2 ‘парода, гатунак’ (Бяльк.). Відаць, да стая1 (< ‘з адной стаі, з аднаго гнязда’).

Ста́я3 ‘загон, участак зямлі’ (іўеў., трак., воран., шальч., беласт., Сл. ПЗБ), ‘мера даўжыні ў 100 м’ (Сцяшк.), ст.-бел. стая ‘мера даўжыні, роўная прыблізна 80 м’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. ста́я ‘дзялянка зямлі, загон’, польск. staja ‘пэўная мера даўжыні поля’. Прасл. *staja ‘постаць; паласа поля, занятая пры апрацоўцы’, што да *stati, гл. стаць. Параўн. ЕСУМ, 5, 403.

Стаяро́с жарт. ‘высокі; той, што расце ўгару (расліна і інш.)’ (Варл.), стаеро́савы ‘тс’ (Растарг.), стаяро́савы (стояро́совый) ‘які рос стоячы (гаворыцца жартам)’ (Нас.). Параўн. рус. стоеро́совый жарт. ‘які расце стоячы (пра дрэва)’, стоеро́совый дура́к ‘дубіна, дурань’. Эўфемізм, выкарыстоўваецца як іранічны адказ на пытанне пра тое, што невядома таму, хто гаворыць, або ён не хоча называць; паводле Карскага (2–3, 90), утворана шляхам спалучэння дзеепрыслоўя цяп. часу ад стаяць (гл.) і імя (*рос?, гл. рост, расці). Па падобнай мадэлі ўтворана стаясёрка ‘кабат, кухвайка (кароткая або з кароткімі рукавамі)’ (полац., Садоўскі, вусн. паведамл.) з іранічнай асацыяцыяй (да сраць, гл.).

Стая́ць ‘знаходзіцца на нагах’, ‘не рухацца з месца’, ‘не працаваць’, ‘трываць’, ‘знаходзіцца, размяшчацца’, ‘існаваць, быць (на свеце)’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Сл. ПЗБ), стоя́ць ‘тс’ (ТС), ст.-бел. стоять. Укр. стоя́ти, рус. стоя́ть, польск. stać, в.-луж. stejeć (< stojać), н.-луж. stojaś, чэш. státi, славац. stáť, серб.-харв. ста́јати, славен. státi, балг. стоя́, макед. стои ‘стаяць’. Прасл. *stojati утварылася ад форм цяп. часу і.-е. *stə‑i̯e/o на аснове і.-е. *sta‑ (гл. стаць) (Борысь, 574); адпавядае оск. staít ‘стаяць’, ст.-інд. sthitás ‘той, які стаіць’, грэч. στατόσ ‘тс’, лац. status, далей літ. stóti ‘станавіцца, уступаць’, ст.-прус. postāt ‘станавіцца’, ст.-в.-ням. stân, stên ‘стаяць’; гл. Траўтман, 281; Фрэнкель, ZfslPh, 20, 242; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1052; Фасмер, 3, 769; Бязлай, 3, 313; Шустар-Шэўц, 1352; Махэк₂, 575–576; ЕСУМ, 5, 430–431; Глухак, 579.

Стварэ́нне ‘жывая істота, усё жывое’ (ТСБМ, Ласт., Гарэц., Касп., Сл. ПЗБ, Стан., Сержп. Прымхі). Ужыванне назоўніка стварэ́нне ‘тварэнне, твор’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Стан.) ад дзеяслова ствары́ць (гл. тварыць) у спецыяльным значэнні ‘створанае Богам’. Параўн. польск. stworzenie з аналагічным значэннем, якое, згодна з Сяткоўскім (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 347), лічыцца семантычным багемізмам. Запазычаннем з чэшскай лічыцца польск. stworzyciel ‘тварэц’ (там жа), параўн. таксама ствары́цель ‘тс’ (Нас., Ласт., Гарэц., Стан.), укр. створи́тель ‘тс’, старое макед. створител ‘тс’. Як самастойныя ўтварэнні можна разглядаць створы́цца ‘зрабіцца’ (ТС), стварэ́нне ‘твар, вобраз, выгляд’; стварэння ні знаіць (пра бруднага, замурзанага) (Скарбы), стварэ́нец ‘чалавечая істота’ (Стан.), стварэ́ц ‘творца’ (Ласт.), створ ‘твор’ (Гарэц.).

Ствол ‘надземная частка дрэва ад каранёў да верхавіны’, ‘сцябло’, ‘камель’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ), ‘цэнтральны корань у дрэве’ (ТС), ствалі́на ‘руля (у стрэльбе)’ (Нік. Очерки), цвол ‘тс’ (там жа), ство́льны ‘сцяблісты’ (Бяльк.). Рус. ствол ‘тс’, ц.-слав. стволие ‘крапіва’, в.-луж. stwółk ‘сцябло’, н.-луж. stwoł ‘сабачая пятрушка’, чэш. stvol ‘сцябло’, славен. stvȍl ‘асака’, серб.-харв. цво̀лика ‘сцябло цыбулі’, балг. дыял. ствол ‘балігалоў’, цвол ‘сцябло’. Выводзяць з *stьbolъ, якое роднаснае сцябло (гл.). Гл. Міклашыч, 327; Младэнаў, 608; Махэк₂, 591; Шустар-Шэўц, 1373; Фасмер, 3, 749 з іншай літ-рай; Дзімітрова–Тодарава, Этимология–2003–2005, 49–50. Сюды ж, відаць, ство́лак ‘вільчык, сасновы кругляк’ (Пятк. 1) — ад сво́лак ‘вільчык’ пад уплывам ствол.