Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Смара́гд ‘назва некаторых мінералаў зялёнага колеру’, ‘ізумруд’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ст.-бел. смарагдъ, измарагдъ ‘тс’ (Булыка, Запазыч., Ст.-бел. лексікон). Параўн. стараж.-рус. смарагдъ, измарагдъ, укр. смарагд, шмарагд, рус. смара́гд ‘тс’ з грэч. σμάραγδος, ξμαραγδος, для якіх мяркуецца царкоўнаславянскае пасрэдніцтва, гл. ЕСУМ, 5, 316; Праабражэнскі, 2, 334. Ст.-бел. шмарагдъ, шмаракгдусъ, смаракгдъ праз польск. szmaragd, smaragd узыходзіць да той жа крыніцы; гл. Булыка, Лекс. запазыч., 141. Пасрэдніцтва ід. Smaragd ‘тс’ для сучаснага слова (Шульман, Полымя, 1926, 8, 213) не з’яўляецца абавязковым.

Смарахну́цца (смырахну́цца) ‘спалохацца, спужацца’ (Бяльк.). Да прасл. кораня *merk‑/*mork‑ (гл. марока). Параўн. варыянт гэтага кораня з канчатковым ‑ch‑ у польск. mierzchnąć ‘тускнець, блякнуць; змяркацца’ і ўкр. ме́рхнути, ме́рхти ‘тс’. Брукнер (346) прыводзіць цікавае рус. маск. мараморохи, якое скарыстана ў А. Белага: “… под мараморохом зимы”, якое ён лічыць падваеннем ад морак і зменай на ‑ch‑ заканчэння кораня. Семантыку бел. слова магчыма было б тлумачыць як ‘дайсці да стану непрытомнасці (рус. обморока) ад страху’ — ‘спужацца, спалохацца’.

Смарга́нец, смаргане́ц ‘расліна Holcus L.’ (Байк. і Некр., Кіс.), ‘метлюжок, Poa pratensis L.’ (Кіс.). Няясна, магчыма, да смо́ргаць ‘ірваць’ (гл.), параўн. смарга́ць ‘тузаць’, смарга́ны ‘пацёрты’ (Байк. і Некр.), аднак матывацыя застаецца няяснай. Відаць, звязана нейкім чынам з сморг ‘гарачая пара, прыпар’ (гл.), смарго́вы (гл. наступнае слова), што суадносяць слова з іншай назвай расліны — пажарніца (гл.), параўн. смарганец росце на погорэлом полі (лельч., Арх. ГУ).

Смарго́вы ‘ясны дзень сярод лета, прыдатны дня земляробаў’ (Нас.). Гл. сморг.

Смарда́ ‘парэчкі, смародзіна’ (Бяльк.). Магчыма, вынік моцнай рэдукцыі другога галоснага ў *смарада́ (гл. смародзіна). Але не выключаны ўплыў яшчэ ст.-польск. smard ‘смурод’.

Смаржо́к ‘ядомы грыб з маршчыністай шапкай, Morchella esculenta (Pers.) Fr.; Morchella conila Perg.’, смарчо́к ‘тс’ (ТСБМ), смаржо́к, смаршо́к, смаршчо́к, смарчо́к ‘тс’ (ЛА, 1, Сярж.–Яшк.), сморжкы́ ‘грыбы Morchella’ (Бейл.), а таксама сморж ‘тс’ (малар., Сярж.–Яшк.), ст.-бел. сморщкы ‘тс’ (Скарына). Укр. сморж, смо́ржій, змо́ршка, сморч, рус. сморчо́к, польск. smarz, smardz, в.-луж. smorž, smorža, н.-луж. smarž, чэш. smrž, славац. smrž, серб.-харв. смр́чак, славен. smȓček, макед. смрчка. Прасл. *smъrčь, smъržь (потым з другасным суф. ‑ъk‑). Фасмер (3, 692) звязвае з смаркаць і сморгаць (гл.), што да прасл. *smъrkati, *smъrgati. Мяркулава (Очерки, 168 і наст.) мяркуе, што гэтыя словы з’яўляюцца вымаўленчымі варыянтамі аднаго дзеяслова, магчыма, з экспансіўнай менай заднепаднябенных ‑к‑ і ‑g‑, а семантычна яны выступаюць як сінонімы са значэннем ‘тузаць, шморгаць’ і, не выключана, мелі адценне значэння ‘сцягваць, сціскаць, мяць, моршчыць’, адкуль у аснове назвы грыба магло быць уяўленне як аб нечым памятым, зморшчаным. На карысць гэтага сведчыць сморжкы́ ‘сукруткі’: пэрэкручэная пражка, збыраюцца сморжкы (Уладз.). Рэйзак (586), узводзячы назвы да тых жа праславянскіх дзеясловаў, першасным значэннем лічыць ‘слізкі грыб’, параўн. лат. smur̃gat ‘мазаць, пэцкаць’, літ. smùrgas ‘соплі’, што не ўзгадняецца з вонкавым выглядам грыба, ён таксама звяртае ўвагу на падобнасць славянскіх назваў да ням. morchel ‘смарчок’. Махэк₂ (562) мяркуе, што слова мае “праеўрапейскае” паходжанне.

Смарка́ць, смарка́цца ‘ачышчаць нос’. Параўн. укр. сморка́ти, рус. сморка́ть(ся), стараж.-рус. смъркати, ц.-слав. смръкати, смръкъ ‘смаркачы’, польск. smarkać, smark ‘смаркачы’, в.-луж. smorkać, н.-луж. smarkaś, чэш. smrkati, славац. smrkať, серб.-харв. шмр́кати, славен. smŕkati, smŕk ‘соплі’, балг. смъ́ркам, макед. смрка, шмрка. Прасл. *smъrkъ, *smъrkati (або *smr̥kati) роднаснае літ. smùrgas ‘соплі’, smurkštinti ‘запэцкаць, забрудзіць’, лат. smurgât, новаперс. morg ‘соплі’; усё з і.-е. *smerk‑/*smerg‑ (параўн. сморгаць). Гл. Фасмер, 3, 691; Махэк₂, 562; Шустар-Шэўц, 1323; Сной₁, 586; Рэйзак, 586; Борысь, 562. Сюды ж смаркачы́ ‘соплі’, смарка́ч ‘малады нявопытны чалавек’, смаркуль ‘тс’.

Смарка́ч1 ‘ёрш’ (Мат. Гом.), сморка́ч ‘тс’ (Крыв.). Да смаркаць (гл.), г. зн. слізкая або пакрытая сліззю рыба; параўн. таксама палескія сінонімы: сопе́ль, соплі́вец, слі́нявец, слізуне́ц; гл. Крывіцкі, Зб. Крапіве, 200 і наст.

Смарка́ч2 ‘грыб масляк’ (узд., Нар. словатв.). Да смаркаць (гл.). Таксама як і ў дачыненні да рыб (гл. папярэдняе слова) назва слізкіх грыбоў; гл. Мяркулава, Очерки, 156, 181 і наст.

Смарка́ч3 ‘маленькая лямпа без шкла, газніца, капцілка’ (Шат.; воран., бярэз., Сл. ПЗБ), смарка́чка ‘тс’ (Касп.; в.-дзв., глыб, Сл. ПЗБ), смырька́чык ‘тс’ (Бяльк.), смарка́чык (сморка́чикъ) ‘маленькая свечка, зробленая з рэштак свечачнага лою шляхам макання, якую яўрэі ўжывалі падчас шабасу’ (Нас., Сержп. Прымхі), смарка́чык ‘газніца’ (бярэз., Сл. ПЗБ). Польск. smarkaczka ‘свечка з благога лою, якая хутка тоне ў ім’. Усё да смаркаць (гл.).

*Смаркач, сморка́ч ‘невылегчаны баран’ (драг., З нар. сл.). Гл. маркач.

Смаро́дзіна ‘чорныя парэчкі, смародзіна’ (ТСБМ), смаро́да, смуро́да, смаро́днік, смуро́дзіна, сму́роды, смаро́дніна ‘адна ягада або куст смародзіны’ (ЛА, 1). Укр. сморо́дина ‘чорныя парэчкі’, рус. сморо́дина ‘парэчкі; чорныя парэчкі’, польск. smrodzina, smrodynik, дыял. smardlina, smarglina, чэш. smradinka, smradina, славац. smrdlenka. Параўн. таксама каш. smarʒëna ‘чорныя парэчкі’, smarglëna ‘чаромха’, н.-луж. smrod, smrodyn ‘чаромха; крушына’, серб.-харв. смрдѝка ‘крушына’, славен. smŕdež ‘тс’, балг. смрдлика ‘чаромха’, макед. смрделика ‘від ядлоўцу’. Прасл. *smorda, *smordina ‘парэчкі, чорныя парэчкі’. Да слав. *smordъ ‘моцны пах, смурод’ (гл. сморад); расліна названая так з-за моцнага паху’, аналагічна нова-в.-ням. Stinkbaum пры stinken ‘смярдзець’. Для паўднёваславянскіх моў Мяркулава (Очерки, 213 і наст.) узнаўляе форму з асновай *smord‑ у значэнні ‘расліна з моцным пахам’. Гл. таксама Праабражэнскі, 2, 338; Фасмер, 3, 691–692; Махэк₂, 561; Шустар-Шэўц, 1324; SEK, 4, 321.

Смарчо́к. Гл. смаржок.