Сморг ‘летні час, гарачая пара’ (Нас.), ‘пільная праца’ (Бяльк.), сморк ‘гарачая летняя пара’ (Бяльк.). Няясна. Магчыма, да смо́ргаць, смарга́ць ‘тузаць, торгаць, шморгаць’, адсюль ‘тое, што непакоіць, прымушае спяшацца’. Параўн. таксама ст.-бел. сморкъ (сморщъ) ‘хмара, смерч’ (Ст.-бел. лексікон), якое збліжаецца з морак ‘змрок’ і далей з марока ‘клопаты, цяжар; нешта заблытанае’ (гл.), чэш. smršt ‘віхор’ і ўсх.-слав. сморч ‘дождж, віхура’. Апошняе Брукнер (503) параўноўвае з рус.-ц.-слав. смркати ‘уцягваць, усмоктваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)