Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Тра́ціць ‘расходаваць (грошы, сродкі)’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Ласт., Бяльк.), ‘пазбаўляцца, страчваць, губляць (у тым ліку час)’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп.; паст., Сл. ПЗБ, Байк. і Некр.), тра́тіті ‘тс’ (Вруб.), тра́ціць ‘пазбаўляць жыцця’ (Нас., Сержп. Прымхі), тра́ціці (tracici) ‘тс’ (Федар. 2), ст.-бел. тратити, тратить ‘расходаваць грошы, сродкі; транжырыць, губляць, страчваць; губіць, пазбаўляць жыцця; марнаваць час’ (ГСБМ), трациц ‘тс’ (Кітаб Луцкевіча). Укр. тра́тити ‘рабіць выдаткі’, ‘губляць, знікаць’, ‘пазбаўляць жыцця’, рус. тра́тить ‘расходаваць’, ‘спажываць’, польск. tracić ‘пазбаўляцца’, ‘несці матэрыяльныя страты’, ‘марнаваць’, ‘пазбаўляць жыцця’, каш. tracëc ‘тс’, чэш. tratiti ‘губляць’, ‘цярпець шкоду, страту’, славац. tratiť ‘тс’, славен. trátiti ‘траціць, марнатравіць’, ‘губляць час’, харв. trȁtiti, серб. тра̏тити, тра̏ћити ‘траціць грошы, час’, макед. траце ‘губляць’: си траче времто. Прасл. *tratiti ‘выкарыстоўваць, расходаваць, нішчыць, марнаваць’, ‘драбіць, церці, праціраць’, ‘вастрыць’ роднаснае літ. trúotas ‘брус, асялок, тачыла’, лат. truõts ‘тс’, гоцк. þrōþjan ‘практыкаваць, рабіць практыкаванні, развучваць’ < і.-е. *trōt‑/*trēt‑ < *ter‑ ‘церці’ (Фасмер, 4, 94–95; Чарных, 2, 258–259; Скок, 3, 493; Голуб-Копечны, 388; Брукнер, 575; Борысь, 639; Сной₃, 800; ЕСУМ, 5, 623). Махэк₂ (649) паходжанне лексемы тлумачыць кантамінацыяй слоў traviti ‘праводзіць час’ і ratiti ‘знішчыць, згубіць, пазбавіцца’, што малаверагодна.

Троп ‘след, крок’ (Нас., Касп., Сцяшк., Др.-Падб., Сл. Брэс.): некруцікі вучуцца хадзіць троп у троп (Нас.), ‘след на роснай траве’ (лун., Шатал.), ‘сцежка, слядзіна’ (Некр. і Байк., Мат. Гом.), ‘жыццёвы шлях’ (Сцяшк.), ‘кірунак, шлях, дарога’ (Адм.), ‘метад, спосаб, шлях да дасягнення мэты’ (Ласт.), у выразах збіць (збіцца) з тропу ‘выклікаць замяшанне, заблытаць’ (ТСБМ), тропу добы́тысь ‘дабраць розуму, скеміць’ (Клім.), шукаць тропу ‘шукаць дарогі’ (Кал.), узяць троп ‘знайсці след’, узяць (ухопі́ць) тропу ‘зведаць, убачыць, заўважыць след’ (ТС). Укр. дыял. троп ‘конская рысь з падскокам’, трип ‘адбітак нагі звера на снезе’, тріп ‘сцежка ў гарах’, польск. trop ‘адбітак следу звера на зямлі ці снезе’, ‘след, каляіна’, ‘след ад ступні’, ‘дарога’, ‘ход каня’, каш. trop ‘след’. Пераважна паўночнаславянскае ўтварэнне. Сюды ж далучаюць а спецыфічнай семантыкай славен. tróp, tropíne ‘жамерыны з вінаграду’, серб. тро̏п ‘тс’, ‘вытапкі масла’, ‘выскваркі сала’, ‘асадак’, ‘адстой’ і выводзяць прасл. *tropъ, утворанае з чаргаваннем галосных кораня ад дзеяслова *trepati ‘ўдараць, біць, трэсці, бразгаць’ з першапачатковым значэннем ‘выбітае, выціснутае, вытрасенае’, гл. тропаць, трапаць. Параўн. таксама лат. trapa ‘натоўп, вялікая колькасць, мноства’, алб. trap ‘сцежка’, ст.-грэч. ἀτραπός ‘сцежка, сцяжынка’ (Борысь, 643; Скок, 3, 506; ЕСУМ, 5, 648; Вербіч, Студіі з ономастики та етимологіі. 2010, 290). Гл. таксама трапа, трэп.

Трут ‘высушаная губа, якая выкарыстоўваецца для высякання агню’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Др.-Падб., Гарэц.; дубр., мсцісл., стаўб., клім., ЛА, 4), ‘чага, бярозавая губка’ (Ласт., Меер Крыч.), ‘губа на альсе’ (гарад., ЛА, 1), сюды ж, відаць, і ў праклёне каб цябе трут еў, як ты абʼідаіш мае дабрыцо! (Варлыга, Прыказкі Лагойшчыны, New York; München, 1966, 104). Укр. трут ‘кнот або высушаны грыб-трутавік (выкарыстоўваецца пры высяканні агню)’, рус. трут ‘перапаленая ў закрытым сасудзе анучка, пры дапамозе якой здабываецца агонь’, стараж.-рус. трудъ ‘губка з дрэва’, чэш. troud, мар. trúd, славац. trúd, славен. tród, харв. trûd, серб. тру̂б, макед. трат, балг. трът ‘трут’, ст.-сл. трѫдъ ‘тс’. Прасл. *trǫdъ ‘гнілізна, парахно’, утворанае ад незахаванага ў славянскіх мовах дзеяслова; супастаўляюць з літ. trandìs ‘караед’, trandýti ‘есціся караедамі’, trendéti ‘быць паточаным моллю’, лат. trenéti, лат. trenêt ‘псавацца, гніць’, ст.-інд. trnátti ‘расколвае, прадзіраўлівае, адкрывае’, ст.-грэч. τερδών ‘шашаль’ (Фасмер, 4, 110; Брукнер, 575 і 577; Махэк₂, 653; Голуб-Копечны, 391; Траўтман, 328; Скок, 3, 514; Глухак, 642; Зубаты, AfslPh, 16, 416; ЕСУМ, 5, 660). Сюды ж: трутаві́к ‘грыб, які паразітуе на дрэвах’ (ТСБМ; клім., ветк., ЛА, 1, Мат. Гом.).

Ту́зін ‘дванаццаць аднолькавых прадметаў’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Шпіл., Ласт., Касп., Гарэц., Др.-Падб., Яруш.; смарг., беласт., гродз., Сл. ПЗБ), ту́зін і тузі́на ‘тс’ (Байк. і Некр.); ту́зін ‘нізка рыбы’ (мядз., ЛА, 1), ту́зень ‘нізка грыбоў’ (валож., там жа), ‘бярэма, вязанка’ (Вушац. сл.), ст.-бел. тузинъ, туженъ, тузанъ, тузина, тужина, тузынъ ‘тузін’ (1498 г., ГСБМ). Апошнія запазычаны са ст.-польск. tuzin ‘тс’, якое са ст.-франц. douzaine (Карскі, Белорусы, 137; Булыка, Лекс. запазыч., 155). Борысь (655) пасрэднікам для польск. tuzin бачыць с.-в.-ням. totzen, tutzen ‘тс’, якое са ст.-франц. dozeine ‘дванаццатка’ < douze ‘дванаццаць’ < лац. duodecim ‘тс’, гл. таксама Фасмер, 4, 115. Махэк₂ (659) крыніцай для польск. tuzin вызначае ст.-чэш. tucen, tucet і tusen, якія з ням. Tutzet, Dutzet, пашыраных у XVI–XVII стст. у сувязі з дванаццацярычнай метралогіяй; засцярогі адносна чэшскага пасрэдніцтва для польск. tuzin падае Сяткоўскі (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 402), мяркуючы аб прамым запазычанні с.-в.-ням. totzen. Іншы погляд у Лаўчутэ (Балтизмы, 133): слова ў славянскія мовы прыйшло з літоўскай мовы (літ. tuzìnas ‘тузін’), пярэчанні гл. Анікін, Опыт, 289–290. Сюды ж чо́ртаў ту́зін ‘трынаццаць, нешчаслівы лік’ (ТСБМ, Сержп. Прымхі).

Тыгр ‘буйная драпежная жывёла Panthera tigris, Felix tigris’ (ТСБМ, Нас.), ‘люты звер’ (Ласт.), ты́гра, тыгры́ца ‘тыгрыца’, перан. ‘злая жанчына’ (Байк. і Некр.), ты́г(а)р, ты́гра ‘Felix tigris’ (Некр. і Байк.), ты́гр(ыс) ‘тс’ (Пятр.), ст.-бел. тигрисъ ‘тс’ (ГСБМ). Параўн. укр. тигр, рус. тигр, рус.-ц.-слав. тигръ, ст.-слав. тигръ ‘тыгр’ (у Супрасльскім рукапісе: рѣка тигрьска ‘рака Тыгр’), якое ўзыходзіць да с.-грэч. τίγρις ‘тыгр’, апошняе было запазычана з нейкай авестыйскай лексемы, роднаснай ст.-перс. tiɣri‑ ‘страла’, tiɣra‑ ‘востры’ < і.-е. *(s)tei̯g‑ ‘калоць, басці’, ‘завостраны’ (Фасмер, 4, 56; Сной₂, 763; Голуб-Ліер, 495; ЕСУМ, 5, 564). У сучасных славянскіх мовах назвы гэтай жывёлы былі запазычаны з ням. Tiger ці з франц. tigre, якія ўзыходзяць да лац. tigris ‘тс’ (Сной, Фасмер, там жа; Махэк₂, 663; Арол, 4, 70). Ст.-бел. тигрисъ (тикгрисъ) ‘тыгр’ (1517 г.) запазычана са ст.-польск. tygris ‘тс’ у XVI ст. (Булыка, Лекс. запазыч., 144), што захавалася ў суч. польск. tygrys ‘тс’. Форма тыгра ‘тс’ (Я. Колас, М. Гарэцкі, гл. Каўрус, Словаклад) і адпаведныя дыялектныя формы ўтвораны паводле мадэлі сябра, майстра, Пётра, каб пазбегнуць неўласцівага народнай мове спалучэння зычных на канцы слова (Станкевіч, Язык, 781).

Ты́рса ‘від кавылю, кавыль валасісты, Stipa capillata’ (ТСБМ), тырса́ ‘стэпавая трава Stipa’ (Ласт.). Параўн. укр. ти́рса ‘кавыль перысты, Stipa pennata’, рус. ты́рса ‘кавыль валакністы’, ти́рса ‘каласоўнік, мятліца’, польск. tyrsa ‘кавыль’, ‘калаўротнік, пустазелле’. Паводле Лаўчутэ (Балтизмы, 12), глухі варыянт літ. dìrsė, dìrsa ‘каласоўнік, Bromus L.’. Параўн. ды́рса, гі́рса (гл.), варыянт з пачатковым т‑, хутчэй за ўсё, русізм або ўкраінізм, не вядомы народнай мове (гл. Кіс.).

Тырса́ ‘апілкі’ (ТСБМ, Нар. Гом.; парыц., Янк. Мат., ТС; ветк., Ск. нар. мовы), ‘пілавінне’ (рэч., Нар. сл.; капыл., Жыв. сл.; бых., слаўг., касцюк., лун., ЛА, 1), тріса́ ‘тс’ (стол., там жа); ты́рса ‘пілавіны, апілкі, смецце’ (Бяльк., Ян., Растарг., Мат. Маг., Мат. Гом., ПСл; ганц., Сл. ПЗБ; слуц., карм., клім., чэрык., чач., лельч., ЛА, 1); тырс ‘тс’ (чач., ЖНС), ты́рша ‘пілавінне’ (калінк., ЛА, 1, Сл. ПЗБ), ты́рста ‘тс’ (Арх. ГУ). Параўн. укр. ти́рса ‘тс’, рус. ты́рса ‘тс’. Безумоўна, звязана з це́рці (гл.), с (ш) пасля зычнага асновы мае ўзмацняльную функцыю, падобную да аналагічнай у пырса ‘пілавінне’ ад пырсь, пырскаць, гл. Рэдкія дыялектныя формы кі́рса, кірса́ ‘тс’ (гом., ЛА, 1) адлюстроўваюць фанетычныя з’явы варыянтнасці k ~ t на поўдні Беларусі, дзе захоўвалася (гл. Векслер, Гіст., 228), параўн. старое літ. tirti ‘спрабаваць, даследаваць тручы, паціраючы’ (Смачынскі, 689).

Трыбу́х (трабу́х, трябу́х) ‘страўнік’ (ТСБМ, Федар. 4, Бяльк., Касп., Варл., Сцяшк., Сл. Брэс., Пятк. 2, Растарг.), ‘страўнік у жывёл’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1), ‘кіндзюк; страўнік жывёлы, начынены грэцкай кашай са шкваркамі альбо з кавалачкамі сала’ (Ласт., Малч.), ‘вантробы’ (Байк. і Некр., Др.-Падб., Сл. Брэс.), ‘сальцісон’ (Сл. Брэс.), трыбухі́ ‘вантробы (страўнік, кішкі і інш.)’ (Нас., Гарэц., ТСБМ, Ласт., Пятк. 2, Байк. і Некр., Мат. Гом., Мат. Маг., Юрч. Вытв.), трыбухе́ ‘тс’ (Скарбы), трыбушкі́ ‘ўнутранасці дробных жывёл, якія ўжываюцца ў ежу (парасячыя, індычыя, рыбныя)’ (Нас.), трыбу́х/трыбушо́к ‘пуп у птушак’ (гродз., ЛА, 1), трыбу́х ‘пуза, чэрава’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Байк. і Некр., Вруб.), ‘вялікі жывот’ (Сл. ПЗБ, Скарбы, Жд. 1); ст.-бел. требухи ‘трыбухі, вантробы’ (ГСБМ), ц.-слав. трибухъ ‘страўнік, жывот’; сюды ж трыбуха́ч ‘пузаты чалавек’ (в.-дзв., Шатал., Сцяц.; маладз., Янк. Мат.; клец., Нар. лекс., ТСБМ, Сцяшк., Сл. Брэс.), ‘чалавек з вялікім жыватом’ (карэліц., ЖНС; гарад., Сл. ПЗБ); трыбухле́й ‘брухач, пузан’ (зэльв., Нар. словатв.; івац., Сл. ПЗБ); трыбушы́шча ‘таўстун’ (Юрч. СНЛ); трыбушы́на ‘цела, тоўстае чэрава’ (Нас.), трыбу́шнік ‘падчарэўе (сала з ніжняй часткі свіной тушы)’ (дзятл., ЛА, 4), трыбушня́ ‘трыбухатая’ (Сцяц.), трыбуха́тасць ‘тлустасць’ (Юрч. СНЛ). Укр. требу́х ‘чэрава’, ‘страўнік’, ‘вантробы жывёлы’, ‘свіны страўнік, начынены мясам і правялены’, требу́ха́ ‘тс’, трибу́х ‘тс’, трембуха́ч ‘пузан’; рус. требуха́ ‘вантробы’, польск. дыял. trybuch, terbuch ‘чэрава, пуза’, н.-луж. tarbuch ‘тс’, усх.-чэш. terboch ‘тс’, ст.-чэш. teřbuch, teřich (у якім ‑řich пад уплывам břich ‘пуза, чэрава, жывот’), славац. terbuch, trebucha ‘падбародак’, ‘вялікае пуза, чэрава’, славен. trébuh ‘жывот, пуза, кішэчнік’, trebûšec, trebûšek, trebûšič ‘тс’, рэз’ян. tríbu, trebuh, treibuh ‘чэрава, пуза’ (XVI ст.), харв. tr̀buh, чак. trbȕh, серб. тр́бух ‘жывот, кішэчнік’, ‘пуза’, тр́ба ‘страўнік’, тр́бу, трбу̏а ‘тс’, балг. тръбу́х, тъ́рбух ‘жывот, пуза’, макед. трбув ‘жывот; страўнік’, ст.-слав. тръбухъ ‘рэшткі з вантробаў’, ‘кішэчнік’. Этымалогія і рэканструкцыя праславянскай формы няпэўныя (ESJSt, 17, 995). Прасл. *tьrbuch, згодна з Карскім (1, 188), адпавядае найбольш распаўсюджанай форме беларускага слова; рус. требух таксама можна вывесці з прасл. *tьrbuxъ; да апошняга ўзводзяцца некаторыя паўд.-слав. лексемы. Для славенскай мовы адпаведным з’яўляецца *trěbuxъ (Сной у Бязлай, 4, 217–218), для н.-луж. характэрна *tъrb‑ , а для зах.-слав. моў — *terb‑ (пасля метатэзы плаўных з *treb‑). Дапускаючы прасл. *terbuxъ/*tьrbuxъ, Куркіна (ОЛА, Исследов. 1984, 275) тлумачыць семантыку слова як ‘вантробы забітага звера, з якіх даставалі (“выцярэблівалі”) ‘мяса’, гл., аднак, супрацьлеглае дзеянне ў трабі́ць ‘набіваць у трыбух’: трабіць і трабіць трабух (Мова Сен.). Экспрэсіўная суфіксацыя, як у *kъlbuxъ (Глухак, 637), параўн. каўбу́х ‘страўнік жывёлы’ (Сл. ПЗБ), гл. коўб2. Іншыя версіі з’яўляюцца менш пераканаўчымі. Сюды ж, відаць, таксама трыбушно́ ‘сытна, трывала’ (ТС).

Трапло́1 ‘прылада, якой трэплюць лён’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Мядзв., Шат., Касп., Сл. Брэс., Дэмб. 2; глус., Янк. Мат.; нараўл., Арх. ГУ; мёрск., Ск. нар. мовы, Сл. ПЗБ), трэпло́ ‘тс’ (Пятк. 2, Мат. Гом., Сл. Брэс.), трапло́ і трэпа́ло ‘тс’ (Сл. Брэс.; пруж., Сл. ПЗБ); трапло́ ‘мянташка’ (Ласт.), трэ́пла ‘калодачка, падстаўка, слупок — прыстасаванне трапаць лён’ (Сл. ПЗБ; докш., бых., карм., бяроз., пін., бабр., добр., ЛА, 5); трепло́ ‘жменя лёну для трапання’ (петрык., ЛА, 4); трэпло́ ‘трапанне’ (Мат. Гом.). Укр. трепло́ ‘вясло ў плыце’, ‘трапачка для лёну’, рус. дыял. трепло́ ‘тс’. Утворана ад асновы *trep‑ (гл. трапаць1) і суф. *‑lo, які ўтварае пераважна nomina instrumenti (адносна апошняга гл. Слаўскі, SP, 1, 104).

Трапло́2 ‘чалавек, які гаворыць бязглуздзіцу, балбатун, пустабрэх’ (ТСБМ, Шат., Касп.; ашм., Стан., Сцяшк., Брасл. сл., Мат. Гом.), трэпло́ ‘тс’ (Арх. Вяр., ТС, Растарг.), тряпло́ ‘тс’ (віц., ЛА, 2); сюды ж выраз трапло́ вавіло́нскае (астрав., Бел. дыял. 1), траплава́ты ‘які любіць гаварыць недарэчнасці’ (Сл. ПЗБ), траплі́вый ‘балбатлівы’ (Юрч. СНС). Вытворнае ад трапаць2 у значэнні ‘многа гаварыць’ (Саевіч, Derywacja, 230), параўн. укр. трепло́ ‘балбатун, хвалько’, рус. разм. трепло́ ‘балбатун’; утварэнне, аманімічнае трапло1, мажліва, аргатычнага паходжання, параўн. укр. аргат. трепа́ти ‘чытаць, спяваць’ (Горбач, Арго), што не выключае ўплыву т. зв. бурсацкай мовы.

Тру́дзіць ‘стамляць, натруджваць рукі, прычыняць боль’ (ТСБМ, Гарэц.), трудзі́ць ‘мучыць, стамляць, турбаваць’ (Ласт.; докш., Бел. дыял. 2), ‘нудзіць, цягнуць на ваніты’ (Брасл. сл.), трудзі́цца ‘цяжка працаваць; пакутаваць’ (Сл. ПЗБ, ТС), ‘мучыцца’ (Гарэц., Бяльк., Барад.), ‘цярпець боль, пакутаваць’ (Варл.), ‘пакутаваць, цяжка хварэць’ (Пан.), ст.-бел. трудити ‘абцяжарваць, таміць’, ‘гнясці, прыносіць боль’, трудитися ‘знемагаць ад працы’, ‘мучыцца’, ‘турбавацца’ (ГСБМ), трудитися под солнцемъ ‘працаваць, пекліцца, гадаваць’ (Альтбаўэр). Параўн. укр. труди́ти ‘стамляць, турбаваць, непакоіць’, рус. труди́ть ‘прыгнятаць, стамляць, мучыць работай; непакоіць; муляць’, польск. trudzić ‘турбаваць, непакоіць, абцяжарваць’, кашуб. truʒëc ‘турбаваць’, чэш. trudit ‘засмучаць, прыгнятаць, мучыць, прымушаць’, серб. тру́дити ‘абцяжарваць, турбаваць’, дыял. ‘раз’ятрываць (рану)’, харв. trúditi ‘ператамляць (частку цела)’, балг. тру́дя се ‘працаваць; імкнуцца’, макед. труди се ‘працаваць, прыкладаць намаганні, старацца’, ст.-слав. троудити ‘турбаваць, непакоіць; пераадольваць, прыкладаць намаганні, цярпець’, троудити сѧ ‘стамляцца, знемагаць’. Прасл. *truditi ‘змушаць да цяжкай працы, напружваць, турбаваць’, дэнамінатыўнае ўтварэнне ад прасл. *trudъ (Борысь, 644), гл. труд1. Сюды ж трудзя́шчы ‘працавіты’ (Жд. 1, ТС, Ян., Сцяшк. Сл.), трудʼа́шчы ‘тс’ (Вруб.) — “неаславянізм” з шырока распаўсюджаным у народнай мове суфіксам (гл. Цыхун, Выбр. пр., 286), трудзя́га ‘працаўнік’ (Мат. Гом., Юрч.) з суф. ‑яга “з экспрэсіяй спачування, захаплення, ці, наадварот, асуджэння” (Сцяцко, Афікс, наз., 130), трудлі́вы, трудзя́ка ‘тс’ (Ян.), трудзі́мы ‘тс’ (ТС), трудалюбі́мы ‘тс’ (Ян.) з рэдкай суфіксацыяй (гл. любім), магчыма, адаптаванае рус. трудолюбивый ‘тс’.

Тру́ска1 ‘трэска’ (Нас., Некр. і Байк., ТС), труска́ ‘акаліна’ (пух., Сл. ПЗБ), ст.-бел. труска ‘адзінка вымярэння колькасці хмелю’ (Ст.-бел. лексікон), ‘вязанка, пучок’ (ГСБМ), ‘друзачка, трэска’: лукъ в​s трꙋскы зломи​т (XVI ст., Карскі 2–3, 424); сюды ж тру́сачка ‘парушынка’ (Ласт.), трушчы́на ‘гушча, што застаецца на дне (напр., у квасе)’ (Нас., Растарг.), ‘што-небудзь кіслае, салёнае і горкае’ (Растарг.), трушчы́нка ‘жамерыны, макуха ад выціснутага соку, малака ці дробнага насення’ (Нас.), трушчы́ны ‘вашчыны’ (там жа). Параўн. рус. труска́ ‘мякіна, труха’, в.-луж. truska ‘металічнае пілавінне’, ‘кавалак шлаку’, чэш. trůska, struska ‘акаліна’, ст.-чэш. tróska ‘адходы пры апрацоўцы металу’, славац. troska ‘тс’, ‘шлак’, славен. trôl1ska ‘жамерыны’, ‘шлак’, ‘акаліна’, серб. тро̏ска, тру̏ска, харв. trȍska, trȕska ‘акаліна, га́раль на метале’, балг. тру́ска ‘асколкі пры каванні’. Прасл. trǫska ‘асколак, трэска’ (Сной₂, 787), якое ад дзеяслова *truskati < treskati (Махэк₂, 652–653) з далейшай семантыкай ‘разбурацца, распадацца’ (Куркіна, Этимология–1994–1996, 50), параўн. трусіць, трушчыць, гл. Сной₂ (там жа) дапускае асіміляцыю са звонкага варыянта *drǫska, роднаснага літ. drum̃stas ‘мутны’; магчыма, літ. druskà ‘соль’, параўн. смал. аргат. тру́ска ‘тс’, з больш раннім значэннем у лат. druska ‘крышка, крыха’ (Анікін, Опыт, 289), параўн. тру́сачка ‘драбок, шчопаць’: дай трусочки соли (Нас.).

Тру́ска2 ‘ператрус, вобыск’ (Клім.; Горбач, Зах.-пол. гов.). Гл. трус3.