Тру́дзіць ‘стамляць, натруджваць рукі, прычыняць боль’ (ТСБМ, Гарэц.), трудзі́ць ‘мучыць, стамляць, турбаваць’ (Ласт.; докш., Бел. дыял. 2), ‘нудзіць, цягнуць на ваніты’ (Брасл. сл.), трудзі́цца ‘цяжка працаваць; пакутаваць’ (Сл. ПЗБ, ТС), ‘мучыцца’ (Гарэц., Бяльк., Барад.), ‘цярпець боль, пакутаваць’ (Варл.), ‘пакутаваць, цяжка хварэць’ (Пан.), ст.-бел. трудити ‘абцяжарваць, таміць’, ‘гнясці, прыносіць боль’, трудитися ‘знемагаць ад працы’, ‘мучыцца’, ‘турбавацца’ (ГСБМ), трудитися под солнцемъ ‘працаваць, пекліцца, гадаваць’ (Альтбаўэр). Параўн. укр. труди́ти ‘стамляць, турбаваць, непакоіць’, рус. труди́ть ‘прыгнятаць, стамляць, мучыць работай; непакоіць; муляць’, польск. trudzić ‘турбаваць, непакоіць, абцяжарваць’, кашуб. truʒëc ‘турбаваць’, чэш. trudit ‘засмучаць, прыгнятаць, мучыць, прымушаць’, серб. тру́дити ‘абцяжарваць, турбаваць’, дыял. ‘раз’ятрываць (рану)’, харв. trúditi ‘ператамляць (частку цела)’, балг. тру́дя се ‘працаваць; імкнуцца’, макед. труди се ‘працаваць, прыкладаць намаганні, старацца’, ст.-слав. троудити ‘турбаваць, непакоіць; пераадольваць, прыкладаць намаганні, цярпець’, троудити сѧ ‘стамляцца, знемагаць’. Прасл. *truditi ‘змушаць да цяжкай працы, напружваць, турбаваць’, дэнамінатыўнае ўтварэнне ад прасл. *trudъ (Борысь, 644), гл. труд1. Сюды ж трудзя́шчы ‘працавіты’ (Жд. 1, ТС, Ян., Сцяшк. Сл.), трудʼа́шчы ‘тс’ (Вруб.) — “неаславянізм” з шырока распаўсюджаным у народнай мове суфіксам (гл. Цыхун, Выбр. пр., 286), трудзя́га ‘працаўнік’ (Мат. Гом., Юрч.) з суф. ‑яга “з экспрэсіяй спачування, захаплення, ці, наадварот, асуджэння” (Сцяцко, Афікс, наз., 130), трудлі́вы, трудзя́ка ‘тс’ (Ян.), трудзі́мы ‘тс’ (ТС), трудалюбі́мы ‘тс’ (Ян.) з рэдкай суфіксацыяй (гл. любім), магчыма, адаптаванае рус. трудолюбивый ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)