Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сарафа́н ’руская верхняя жаночая вопратка ў выглядзе асобай крою свабоднай доўгай сукенкі без рукавоў’ (ТСБМ, Інстр. 1, Сл. ПЗБ), ’доўгая світка’ (Сцяшк.), сарахва́н ’жаночае адзенне’ (Бяльк.), ’сукенка без рукавоў’ (Ян.), сарапа́н ’тс’ (Мат. Гом.). З рус. сарафа́н ’жаночае суцэльнае адзенне без рукавоў’, старое ’мужчынскі кафтан’, ст.-рус. сарафанъ ’доўгі мужчынскі кафтан’. Рус. слова запазычана з усходу праз цюрк. särapa(i) з пярс. serāpā ’пачэснае адзенне’ (Міклашыч, 288; Праабражэнскі, 2, 252; Фасмер, 3, 561).

Сара́ч ’сукно з горшага гатунку воўны’ (стол., Нар. лекс.; Сл. Брэс.). Ад серы (гл. шэры) з суф. ‑ач; назва па колеру тканіны.

Сарачня́ ’сорак (снапоў)’ (старое, ТСБМ), соротня́, сорокня́ ’тс’ (ТС), сарачня́, сарашня́ ’сорак штук чаго-небудзь’ (смарг., пух., Сл. ПЗБ). Да сорак (гл.).

Сарачы́ны ’саракавы дзень пасля чыёй-небудзь смерці’ (ТСБМ, Шат., Ян., Мат. Гом.). Рус. сорочи́ны, укр. сорокови́ни, сорочи́ни ’тс’. Ад со́рак (гл.) (Фасмер, 3, 724).

Сарві́ла ’сарвігалава’ (Бяльк.). Ад сарва́ць < рваць з суф. ‑іла (гл. Сцяцко, Афікс. наз., 42).

Сарвэ́та, сарвэ́тка ’настольнік’ (Байк. і Некр., Касп., Сцяшк., Сл. Брэс., Сл. ПЗБ, Скарбы). Гл. сурвэта.

Саргу́ч ’адростак у выглядзе прадаўгаватых валікаў у свінні пад падбародкам’ (Скарбы). Да серга (гл.). Параўн. рус. серга, серьга ’завушніца; почапка’, таксама ’скурыстыя адросткі пад шыяй у свінні, казы’.

Сарда́к ’безрукаўка’ (Сл. ПЗБ, Нар. сл., Скарбы), ’суконная жакетка без падкладкі’ (Сл. Брэс.), сардачо́к ’безрукаўка’ (Шатал.), ’камізэлька’ (Сцяшк. Сл.), сарда́чык ’кофта, блузка’ (Сцяшк. Сл.). Укр. серда́к, сарда́к ’кафтан з грубага сукна’, ’верхняя цёплая суконная вопратка галіцкіх сялян, расшытая шнурамі’, польск. serdak, дыял. sardak ’скураная безрукаўка ў сялян-горцаў; кафтан, світка’. Апошняе, магчыма, з усх.-слав. (Брукнер, 485). Слова няяснага паходжання. Набліжаюць да сэрца, г. зн. адзенне, якое пакрывае грудзі і спіну, верхнюю частку тулава. Праабражэнскі (1, 434) лічыць першакрыніцай франц. surtout, параўн. рус. сюрту́к, бел. сурду́т (гл.). Не з лапсардак (гл.), рус. лапсердак ’доўгаполы яўрэйскі сурдут’, якое з ідыш. Labserdak, ад lāb ’ліф’ і укр. сердак. Гл. яшчэ Фасмер, 2, 459 з літ-рай.

Сардані́кс ’каштоўны камень з малочна-белымі і бура-чырвонымі палоскамі; разнавіднасць агату’ (ТСБМ). З ц.-слав. сардониксъ, сардоникии, якое з грэч. σαρδόνοξ ’тс’, г. зн. ’камень з Сард, у Лідыі’ (Мацэнаўэр, 304; Фасмер, 3, 605). У сучаснай беларускай мове, відаць, з рус. сардоникс, параўн. Крукоўскі, Уплыў, 73.

Сардзі́на ’невялікая марская прамысловая рыбка сямейства селядцовых’ (ТСБМ). Праз. рус. сарди́н(к)а ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 80) з фр. sardine > італ., лац. sardīna, sarda, літаральна ’сардынская рыба’, ад назвы вострава Сардынія (Фасмер, 3, 562).