Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сарду́шка ’храпка’ (трак., Сл. ПЗБ). Аўтары слоўніка (4, 369) параўноўваюць з літ. šerdis ’тс’.

Сардэ́лька1 ’тоўстая кароткая сасіска’ (ТСБМ), сардэ́ля ’тоўстая каўбаса’ (Сл. рэг. лекс.). З рус. сарде́лька ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 80), якое ад сардэ́ль ’рыба Engraulis encrasicholus L.’ (гл. Трубачоў, Дополн., 3, 562). Апошняе з італ. sardella < лац. sardīna ’рыба, якая ловіцца каля сардынскага ўзбярэжжа’ (Праабражэнскі, 2, 253; Фасмер, 3, 562).

Сардэ́лька2 ’рыба сардына’ (ТСБМ). Ад рус. сардэ́ль ’тс’. Далей гл. папярэдняе.

Сардэ́чнік ’расліна Leonurus cardiaca L.’ (ТСБМ, Кіс.), ’майнік Majanthenum’ (Інстр. 2), ’фіялка духмяная Viola odorata L.’, ’скочкі Sempervivum tectorum L.’, ’кураслеп Anemone nemorosa L.’, ’фіялка палявая Viola arvensis Murr.’, ’чысцяк веснавы Ramunculus Ficaria L.’, ’рагулька палявая Consolida arvensis Opitz’ (Бейл.), ’лекавая расліна’ (Сцяшк.). Ад сардэ́чны, сэрца (гл.), таму што гэтыя расліны ўжываюцца ў народнай медыцыне пры хваробах сэрца (гл., напрыклад, Махэк₂, 572). Аналагічна і ў іншых славянскіх мовах, параўн. рус. серде́чник ’палявая гарчыца Cardamine pratensis L.’, чэш. srdečník ’розныя расліны, якія ужываюцца пры хваробах сэрца’, серб.-харв. ср̏дачица ’род раслін Leonurus’ і г. д.

Са́ржа ’тканіна для падкладкі з дыяганальным перапляценнем нітак’ (ТСБМ). Праз рус. са́ржа ’тс’ (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 79) з франц. sarge або італ. sargia ад лац. sērica ’шоўк’, гл. Міклашыч, 288; Праабражэнскі, 2, 253; Фасмер, 3, 562.

Саржа́тка ’тоўстая іголка’ (Сцяшк. Сл.). Гл. шаршатка.

Са́рма ’неахайная жанчына’ (Сл. рэг. лекс.). Няясна.

Са́рна ’горная каза з невялікімі рагамі’ (ТСБМ, Гар., Др.-Падб., Банк і Некр., Янк. БП, Бес.). Рус. зах. сарна́ ’тс’, укр. са́рна (побач з серна) ’тс’. Запазычанне з польск. sarna ’тс’ (гл. Фасмер, 3, 563) > праслав. *sьrna (Брукнер, 482). Апошняе роднаснае лат. sirna ’сарна, казуля’, ст.-прус. sirvis ’алень’, лац. cervus ’алень’, cornu ’рог’, авесц. srvā ’рог, ногаць’, гоц. haúrn ’рог’. Падрабязна гл. Фасмер, 3, 609.

Саро́ка1 ’птушка сямейства крумкачовых з доўгім хвастом і чорным з белым апярэннем’. Укр., рус. соро́ка, ц.-слав. сврака, польск., в.-луж., н.-луж. sroka, славін. sãrka, палаб. svorkó, чэш., славац. straka, серб.-харв. свра̏ка, славен. sráka, балг., макед. свра́ка. Прасл. *sorka і *svorka. Бліжэйшыя адпаведнікі ў літ. šárka ’сарока’, ст.-прус. sarke, ст.-інд. çari, çārikā ’майна’ (Траўтман, 419; Торб’ернсан, Liquid, 1, 30; 2, 62). Слав. ‑v‑ тлумачаць як вынік уплыву ц.-слав. свръчата і роднасных, напр. рус. сверчок і г. д.; гл. Праабражэнскі, 1, 358. Форму *sorka параўноўваюць яшчэ з лац. cornīx ’варона’, corvus ’крумкач’, грэч. χόραξ ’крумкач’, гл. Фасмер, 3, 723. Сной₁, 599 узводзіць назву птушкі да і.-е. кораня *kʼer‑ ’чорны’; гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 2, 1350; Борысь, 573; БЕР, 6, 564.

Саро́ка2 ’жаночая шапачка ў выглядзе какошніка’ (Анім.), ’стужка (вузенькая рабенькая лентачка’ (пух., Сл. ПЗБ). Рус. дыял. соро́ка ’від жаночай шапачкі’, укр. палес. соро́ка ’жаночы галаўны ўбор у выглядзе цюбецейкі’. Ад сарока1 у выніку падабенства з хвастом сарокі і пёстрай расфарбоўкай пер’яў (Кіпарскі, Gemeinslaw, 101; Торб’ёрнсан, Liquid, 1, 37; 2, 63; Фасмер, 3, 723.

Саро́ка3 ’спецыяльны спосаб укарочвання «перадоўкі» (кароткай вяроўкі, якая канцамі прывязваецца да пярэдняй часткі воза) пры накладванні яе на жэрдку ў час укладвання снапоў’ (Шат.). Відавочна, ад сарока1 (гл.) у выніку падабенства з хвастом сарокі.

Саро́ка4 ’аладка’ (Сл. Брэс., Мат. Гом.). Ад саракі (гл.), таму што ў гэты дзень пячэцца рознае печыва (звычайна ў колькасці 40) для сустрэчы птушак, вясны.

*Сарокі, соро́кі (жытк., Нар. сл.) ’злучаныя парамі накрыж кароткія жэрдкі, якімі прыціскаюць салому ці кастрыцу на вільчыку’. Да сарока1 (гл.), у выніку падабенства да сарочага хваста.

Сарома́ха ’расамаха’ (ТС). Укр. дыял. сорома́ха ’тс’. Магчымы рэлікт; Трубачоў (гл. у артыкуле расамаха), напр., бел. і укр.росомаха лічыць вынікам табуістычнай замены *соромаха ад слав. *sormaxa. Падрабязней гл. расамаха.