Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Рэ́кнуць ’сказаць, абазвацца, падаць голас, загаварыць’ (ТСБМ, Жыв. НС, Нар. сл., Нар. словатв., Шат.), ’сказаць, папрасіць’ (Сл. ПЗБ), рэ́катэ ’доўга, заікаючыся расказваць’ (ЖНС). Польск. rzeknąć, палаб. rict, н.-луж. rjaknuś, в.-луж. rjeknyć, чэш. řeknouti, славацк. riebiuť ’тс’, серб. і харв. рѐкнути ’сказаць’, балг. река. Прасл. *reknǫti, *rekti. Роднаснымі звычайна лічацца літ. rė́koti, rẽkti ’крычаць’, лат. rēkt ’раўці, рыкаць’ (Махэк₂, 532; Бязлай, 3, 163; Чарных, 2, 109; Сной, 529).

Рэкра́цыя перан. іран. ’важны ўчынак’ (Сл. ПЗБ). Ад рэкра́цыя ’забава, адпачынак’ (гл. яшчэ рэграцыя), якое набыло супрацьлеглае значэнне ў іранічным кантэксце (параўн. ужыванне малайчына пры асуджэнні).

Рэ́крут ’салдат-навабранец’ (ТСБМ), рэ́крут, не́крут (Др.-Падб.). З польск. rekrut ’навабранец’ < ням. Rekrut ’тс’ < rekrutieren ’набіраць, вербаваць’ < фр. recruter ’тс’ (Брукнер, 457; Махэк₂, 512).

Рэкрэа́цыя ’перапынак паміж урокамі’ (ТСБМ). Ст.-бел. рекреяция (рекрацыя) ’адпачынак, забава’ < ст.-польск. rekreacyja < лац. rĕcreātio ’аднаўленне (сіл); ачуньванне’ < rĕcreo ’аднаўляю, умацоўваю’ (Булыка, Лекс. запазыч., 118).

Рэ́ктар ’кіраўнік вышэйшай навучальнай установы’ (ТСБМ). Ст.-бел. ректоръ ’кіраўнік школы’, ’ксёндз філіяльнага касцёла’ < ст.-польск. rektor ’тс’ < лац. rēctor ’кіраўнік’ (Булыка, Лекс. запазыч., 188).

Рэ́кша ’сіваваронка, Coracias garrulus L.’ (Нікан.). Укр. ра́кша, рус. ра́кша, ро́кша ’тс’, звязана з гукапераймальным коранем слоў рокота́ть, регота́ть (Фасмер, 3, 439), насуперак Праабражэнскаму, які выводзіць з *кракша ад кракаць (2, 179).

Рэ́лі ’арэлі’ (Бяльк.), рэ́ля ’гушкалка’ (Мат. Гом.); рэ́лі ’шыбеніца’ (Дабр., Этн.). Укр. ре́ля ’гушкалка’, рус. ре́ли ’арэлі’. Да ст.-рус. рѣль ’перакладзіна; насціл з бярвенцаў’, ст.-бел. рель ’перакладзіна; шыбеніца; насціл’. Гл. далей арэлі.

Рэлігія (ТСБМ). Ст.-бел. реликгия ’рэлігія’ < ст.-польск. religija < лац. rĕlĭgio ’рэлігійнасць; святыня’ (Булыка, Лекс. запазыч., 180). Паводле Брукнера, religja ’шанаванне’ < re‑lego < alegō ’дбаю’ (Брукнер, 456).

Рэліквія ’прадмет рэлігійнага пакланення’ (ТСБМ). Ст.-бел. реликвия ’мошчы святых’ < ст.-польск. relikvija < лац. reliquiae ’рэшткі; парэшткі’ (Булыка, Лекс. запазыч., 180).

Рэлкі ’каласнікі’ (Малч., 38). Гл. арэлі.