Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Рэ́зас ’надзел; загон’ (ЛА, 3; воран., Сл. ПЗБ). З літ. rėžis ’тс’ (Сл. ПЗБ, 4, 329). Форма з ‑з‑, хутчэй за ўсё, пад уплывам бел. рэз, нарэ́з (гл. рэз2). Фіксацыя адзінкавая, таму выклікае здзіўленне сцвярджэнне Дайлідэнаса, што “былая лексема резъ у форме резас бытуе да цяперашняга часу ў беларускіх паўночна-заходніх гаворках” (Бел. мова, вып. 15, 80–81).

Рэ́заць ’чым-небудзь вострым раздзяляць на часткі’ (ТСБМ, Бяльк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, ТС, Ян.), ’пілаваць’ (ТСБМ, Бяльк., ЛА, 1, Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Сцяшк. МГ, ТС), ’жаць’ (Сл. ПЗБ) ’забіваць’ (ТСБМ, Мат. Гом., Сл. ПЗБ, ТС), ’муліць’ (Бяльк.), ’балець’ (Жд. 3, Сл. ПЗБ) ’кусаць, грызці’ (Бяльк., ТС), ’есці’ (Мат. Гом., ТС, Шатал.), ’ампутаваць’ (Ян.), ’дакараць’ (Мат. Гом., Ян.), ’падмываць (бераг)’ (Мат. Гом.), ’бойка іграць на муз. інструменце’ (ТС), сюды ж рэ́зацца ’нападаць; сварыцца’ (Сл. ПЗБ), ’рэзацца; сварыцца’ (Юрч.), ’гуляць азартна ў карты’ (Бяльк.), разані́на ’лаянка’ (міёр., Нар. словатв.). Укр. різати, рус. резать, польск. rzezać, н.-луж. rězaś, в.-луж. rězać, чэш. řezati, славац. rezať, славен. rezati, серб. і харв. ре̏зати, макед. реже, балг. режа, ст.-сл. рѣѕати. Прасл. *rězati. Роднасн. літ. rėžti ’рэзаць’ (Фасмер, 3, 461; Чарных, 2, 107; Рэйзак, 556; Махэк₂, 531; Сной, 536).

Рэза́чка ’дызентэрыя’ (ПСл, Сл. Эп.-Шып., ТС), ’боль у жываце’ (Арх. Федар.), ’ліха, халера’ (Нар. словатв.). Гл. разачка.

Рэ́звы, рі́звый ’хуткі ў рабоце’ (ЛА, 3), рэ́зву ’бойкі, смелы’ (ТС). Укр. різвий, рус. резвый, польск. rzeźwy. Прасл. дыял. *rězvъ ’рэзкі, энергічны’, несумніўна, звязана з *rězati (гл. рэзаць); у аснове, магчыма, больш ранні прыметнік *rězъ ’рэзкі’, роднасны літ. raižús ’рэзкі’; наяўнасць ‑vъ звязана з прыналежнасцю прыметніка да асновы на ‑ŭ‑ (Борысь, 534–535).

Рэ́згіны ’прыстасаванне насіць сена, салому, зробленае з вяровачнай сеткі, нацягнутай на сагнутыя пруткі, дужкі’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), рэ́дзгіні (З нар. сл., Сл. ПЗБ, Сцяшк. МГ), рэ́звіны (Нас., Юрч., Ян.), рэ́згіні (Сцяшк. МГ), рэ́зьвіны (Бяльк., Нар. сл., Сл. ПЗБ, Янк. Мат.), рэ́зкі (Шатал.), рэ́зьгіны (Касп., Шат., Янк. Мат.), рэ́зіні, рэ́зьбіны, ре́звілі, рэ́звы, рэцькавіны, рэ́ськіны, рэ́цкліны, рэ́цкі (ДАБМ, камет. 826), рэ́згінь (Маш.), разгі́ны (Сл. ПЗБ), рэзгіны ’воз з шырокімі драбінамі для перавозкі сена, саломы’ (Сл. ПЗБ), ’вязанка’ (Яруш. 45). Сюды ж рэ́згіна ’ануча’ (Сл. Гродз., Сл. рэг. лекс.). З літ. rêzginės ’тс’ ад rèzgti ’плесці’ (Фасмер, 3, 461; Лаўчутэ, Балтизмы, 22).

Рэзеда́ ’Reseda L.’ (Кіс. 110; ТСБМ). З рус. резеда ’тс’ < франц. réséda < лац. resēda, якое ўзводзяць да лац. resēdāre ’лячыць’ (Фасмер, 3, 462).

Рэзе́рв ’запас чаго-небудзь’ (ТСБМ). З рус. резерв ’тс’ < франц. réserve ’тс’ (Фасмер, 3, 462).

Рэзе́рва ’паласа адчужэння каля чыгункі, шашы’ (Яшк.). З польск. rezerwa < ням. Reserve ’запас, рэзерв’ (Фасмер, 3, 462; Рэйзак, 540).

Рэзідэ́нт ’дыпламатычны прадстаўнік; грамадзянін якой-небудзь краіны, які пастаянна пражывае ў замежнай дзяржаве; тайны прадстаўнік разведкі, які дзейнічае на тэрыторыі іншай дзяржавы’ (ТСБМ). Паўторнае запазыч. з рус. резидент ’тс’. Ст.-бел. резыдентъ ’упаўнаважаны прадстаўнік’ < ст.-польск. rezydent < лац. residēns, ‑ntis (Булыка, Лекс. запазыч., 24).

Рэзідэ́нцыя ’месца, дзе пастаянна знаходзіцца ўрад, або асобы, якія займаюць высокія адміністрацыйныя пасады’ (ТСБМ). Ст.-бел. резыденцыя ’месца пастаяннага знаходжання прадстаўніка ўлады’ < ст.-польск. rezydencyja < с.-вяк.-лац. residentia (Булыка, Лекс. запазыч., 33).