Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

*Рэ́жаць, рэ́жэць ’пясчанае поле’ (ЛА, 2). Няма пэўнасці, што слушна вызначана семантыка: жоўты пясок, што там будэ, ек там самэй рэжэць. Адзінкавая фіксацыя, усе астатнія назвы тым ці іншым чынам звязаныя з лексемай пясок. Можна дапусціць уплыў рэжа ’дзёран; дзірван’ (гл. рэж).

Рэ́жка ’металічная рашотка’, ’краты’ (смал., КЭС). Рус. курск. ре́жка ’лёгкі плот, палісаднік’. Да рэдкі (гл.).

Рэжонэ́ ’непрыемнасці, небяспека’ (Сцяшк. Сл.). З ілюстрацыі (чаго ты лезяш на рэжонэ) відавочна ўжыванне фразеалагізма лезці на ражон ’рабіць што-небудзь рызыкоўнае’, да таго ж рэжонэ — гэта форма множнага ліку ад ражон (гл.).

Рэ́жчык ’бандарская прылада, якой робяць выразы ў клёпках’ (Нар. сл.). Да рэзаць (гл.).

Рэ́жчыкі ’бульбянік, аладка з варанай бульбы’ (Ян.). Рабіліся з рэзанай бульбы. Да рэзаць (гл.).

Рэ́жык ’сцізорык’ (Сцяшк. Сл.), рэжыкі ’нажніцы’ (Сл. Гродз., Сл. рэг. лекс.). Да рэзаць (гл.).

Рэ́жыха крынічная ’буйміна; жыруха; ражуха крынічная’ (Cardamine amara L.)’ (Касп.). Рус. режу́ха, польск. rzeżucha ’буйміна’, чэш. řeřicha ’крэс-салата’, славац. roripa ’жарушнік, (Rorippa)’, літ. rėžiùkas ’кустоўнік’. Даль лічыць, што рус. режуха скажонае жеруха (Даль, 3, 1764), гл. далей жарушнік.

Рэз1 ’месца разрэзу; разрэз’ (ТСБМ, Мат. Гом., Сцяшк. МГ), рэ́зік ’тс’ (Юрч. СНЛ), ’адзін праход пілой’ (ТС), рэзь ’месца распілоўкі’ (Мат. Гом.). Сюды ж рэ́за, ры́за, рі́зка ’пілавінне’ (ЛА, 1). Укр. різ, рус. рез, польск. rzez, в.-луж. rěz, чэш. řez, славац. rez, славен. réz, серб.-харв. ре̑з, макед. рез, балг. ряз. Прасл. *rězъ. Бязафікснае ўтварэнне ад рэзаць (гл.).

Рэз2 ’паласа зямлі, надзел, ніва’ (Байк. і Некр., Касп., Нас., Хрэст. дыял., Шат., Шатал., Яшк., Выг.), рыз, ры́ска, рэ́ска ’зямельны надзел у 5–10 сотак’ (Выг.), ’даўняя мера зямельнай плошчы (8 дзесяцін, 10 га)’ (ТС), рэс, нарэ́з ’паласа ворнай зямлі’ (ЛА, 2). Бязафікснае ўтварэнне ад рэзаць (гл.), параўн. яшчэ секъ ’адзінка колькасці мяса’ (Ст.-бел. лекс.). Няма падстаў лічыць лексічным літуанізмам, як прапануе Лаўчутэ (Лаўчутэ, Балтизмы, 72), а таксама нельга пагадзіцца з Дайлідэнасам, які лічыць гэтую форму семантычным літуанізмам (Бел. мова, вып. 15, 80). Гл. яшчэ рэзас.

Рэз3 ’забой скаціны’ (Банк, і Некр., Нас., Гарэц.). Рус. ре́зка ’тс’, польск. дыял. rzeź ’тс’, в.-луж. rěz ’разрэз; забой скаціны; лязо; пілавінне’. Ад рэзаць (гл.).

Рэз4 ’дарога (за прысядзібным полем)’ (Мат. Гом.), рэ́за ’глухія, пустэльныя і гразкія месцы’ (Яшк.). Укр.-палес. мікратапонім: луг Рэ́зки. Магчымае развіццё семантыкі ’надзел’ < ’надзел, адрэзаны ў аддаленым месцы’ < ’глухое месца’. Да рэз2 (гл.). Але калі ўзяць пад увагу рус. цвяр. ре́зы ’участак зямлі, з якога зразаецца пад ворыва зацвярдзелы верхні пласт’, тады да рэж (гл.).

Рэ́занка ’бульба (рэзаная, насенная)’ (Мат. Гом.; маст., Сл. ПЗБ, ТС), рэ́зынка ’тс’ (Яўс.), рэ́занка, рэ́занчык ’адзін кавалачак пакрышанай бульбы’ (Вешт.), рэ́занка ’рэзь у жываце’ (Нар. словатв., Нас.), ’хустка без махроў’ (ПСл), ’хустка (паўшарсцяная)’ (Мат. Гом.), різанка, рызанка ’невялікая галаўная хустка’ (Сакал.), рэза́нка, рэза́нчык ’адрэзаны кавалак сала’ (ТС), сюды ж рэзанік ’звараная неабіраная перарэзаная бульбіна’ (Нар. словатв.), рэзанікі ’тс’ (ТС, Шатал.), рэзакі́, рэзанкі́, рэзуны́, рэзу́нкі (Вешт. яшчэ назва палавінкі), рэзаны́ ’тс’ (ТС), рэзьнікі ’тс’ (ваўк., Сл. ПЗБ); рэзанкі ’бульбяны суп’ (ЛА, 4, ПСл), рэзкі ’тс’ (ЖНС), рэзанка, рэзкі́ ’тс’ (ТС). Параўн. славац. rezance ’локшыны’, серб. і харв. реза́нцы ’тс’. Ад рэзаць (гл.).

Рэ́занне ’парэзаны лесаматэрыял, дровы’ (Юрч. СНЛ), ’сварка’ (Жд. 2). Славацк. rezina ’пілавінне’. Ад рэзаць (гл.).