Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Балдэ́с ’дурны, нерастаропны чалавек; вісус, гультай’ (Бяльк.), ’аболтус’ (Гарэц., Касп.). Бясспрэчна, кантамінаванае слова, параўн. балда́ і балбе́с.

Балебу́шачкі ’варэнікі з мясам’ (Мат. Гродз.), балэбу́шачка ’варэнік з мясам’ (Сцяшк. МГ). Таго ж паходжання, што і бала́буха, бала́бу́шка (гл.), г. зн. ад асновы балаб‑, якая часта выступае ў назвах круглых прадметаў і яды з цеста. Змена формы балаб‑ > балеб‑, мабыць, з’яўляецца вынікам дысіміляцыі (а — а > а — е).

Бале́й ’больш’ (Др.-Падб.). Дыялектная форма ўсх.-слав. bolʼe ’больш’ або bolʼeje. Падрабязней гл. пад бо́льшы.

Бале́сць ’хвароба’ (Касп., Шат.). Рус. бо́ле́сть, укр. бо́лість ’тс’, польск. boleść, чэш. bolest і г. д. Слав. bolestь ’хвароба, боль’ (ад bolěti, bolь). Сюды і бале́сны (БРС), бале́сці (мн.) ’хвароба, хваравітасць’ (Сцяц.). Параўн. Слаўскі, 1, 40.

Бале́т. Рус. бале́т, укр. бале́т. Першакрыніца запазычання — італ. balletto (ад ballo ’баль’). Мовы-пасрэднікі: франц. ballet або ням. Ballett. Гл. Фасмер, 1, 115 (іначай Шанскі, 1, Б, 23).

Бале́ць. Рус. боле́ть, укр. болі́ти, польск. boleć, чэш. boleti, серб.-харв. бо̀љети і г. д. Прасл. bolěti, bolějǫ ’хварэць, балець’. Словы без пэўнай этымалогіі. Знаходзяць роднаснасць з ст.-в.-ням. balo ’зло’, ст.-ісл. bǫl, ст.-англ. bealu, гоц. balwjan ’мучыць’. Фасмер, 1, 191; Файст., 79. Агляд іншых версій гл. Фасмер, 1, 191; Слаўскі, 1, 40.

Ба́лечка ’бэлька’ (Нас.), ’брусок рамкі ў вулеі’ (Анох.). Бясспрэчнае вытворнае ад ба́лька, ба́лка ’бэлька, брус’ (гл.), але лексікалізаванае і тэрміналагізаванае.

Бале́я ’балея, вядро і г. д.’ (Нас., Шат., Касп., БРС, Мат. Гродз., Янк. Мат., Сцяшк., Др.-Падб.), балі́я́ (зах.-палес., Бесар., Сцяшк. МГ). Рус. дыял. ба́лья, бале́я́, укр. ба́лія. Праз польск. balja, balija, baleja ’тс’ з ням. дыял. Balje (ням. літаратурнае Balge) < гал. < франц. baille ’бак, чан’. Гл. Пауль, Wörterb., 66; Брукнер, 12; Бернекер, 41; Рыхардт, Poln., 32; Кюнэ, Poln., 43; параўн. і Мацэнаўэр, Cizí sl., 103. Балея таксама ’яма круглай формы, у якой здабывалі жалеза, соль’ (Яшкін, 20).

Ба́лё (дзіцяч.) ’абаранак’ (палес., Клім.), ба́ля (дзіцяч.) ’тс’ (Бяльк., Шат.). Як і ўсе дзіцячыя словы, магчыма, гукапераймальнага характару. Параўн., аднак, і аснову бал‑ (балаб‑), што сустракаецца ў назвах розных вырабаў з цеста. Але хутчэй за ўсё звязана з рус. ба́ля ’ягня, авечка’. Як семантычную паралель параўн. бел. бара́нік ’абаранак, крэндзель’, рус. бара́нок ’тс’, бара́н печыва’, бара́нка ’булка’. Гэта, можа, сведчыць у пэўным сэнсе супраць агульнапрынятай (гл. Фасмер, 1, 124) этымалогіі рус. бара́нка, бел. абара́нак, укр. оба́рінок (< ob‑variti). Параўн. і ўкр. ба́льо (дзіцяч.) ’падарунак, гасцінец’.

Балёва́ць, балява́ць банкетаваць’. Гл. баль.