Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Прышчэ́п, прышчэ́па, прышч́эпка ’расліна, якой перасаджаны орган іншай расліны; прышчэпленая расліна’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Варл.), прышчэ́пак, прышчэ́па ’чаранок, які прышчапляецца да расліны’ (Нік. Очерки; Гарэц., ТСБМ), прышчэ́пка ’дзеянне паводле дзеяслова прышчапі́ць 2; прышчэпачны прэпарат’. Рус. прище́п, прище́па, укр. прище́па ’тс’. Аддзеяслоўныя дэрываты ад прышчапіць.

Прышчэ́ць ’моцна ірдзець’ (Шат.). Гл. пры́шчыць, пры́сак.

Прышы́бці ’забіць’ (узд., Жд. 2), прышы́бнуць перан. ’прыгнясці’ (паст., Сл. ПЗБ), прышыбну́ць ’ашукаць, абмануць’ (Бяльк.), прышыба́ць ’хутка дабірацца’ (Мат. Гом.). Гл. шыбаць, шыбава́ць.

Прышыкава́ць ’падрыхтаваць’ (Мат. Гом.; іўеў., Сл. ПЗБ), прышыховаты ’тс’ (драг., Сл. ПЗБ), прышыкаваны ’падрыхтаваны, згатаваны’ (Мат. Гом.), прышыхоўваць ’рыхтаваць’ (ТС). Гл. шыкаваць, шыкаваць.

Прышы́цца ’прыладзіцца’ (ТС). Да шы́цца, шыць (гл.); параўн. укр. приши́тися ’прышыцца, прымацавацца’, рус. маск. приши́ться ’далучыцца да некага з карыслівай мэтай, прымазацца’.

Прышэ́лец ’прышлы, чужы, нетутэйшы чалавек’ (ТСБМ), прышле́ц ’тс’ (Нас., Др.-Падб.). Укр. прише́лець, пришле́ць ’тс’, рус. прише́лец, пришлец ’тс’. Першае ўтворана ад асновы прошл. часу (прышо́ў) з суф. ‑елец (аб суфіксацыі гл. Сцяцко, Афікс. наз., 49), другое ад пры́шлы (гл.) з суф. ‑ец.

Прышэ́сце 1 ’прыход, з’яўленне’ (ТСБМ), прышэ́сця, прычэ́сція, прышэ́ствія ’здарэнне’ (іўеў., в.-дзв., паст., Сл. ПЗБ). Запазычанне са ст.-слав., ц.-слав. пришьствиѥ, рус. пришествие ’тс’. Гл. яшчэ шэ́сце.

Прышэ́ўнік ’пінжак з даматканага сукна’ (паст., Сл. ПЗБ). Параўн. рус. дыял. пришевпи ’надточка, надстаўка ў адзенні’. Да прышываць; гл. шыць.

Прыюці́ць ’даць прытулак’, прыючы́цца ’знайсці прытулак’ (лід., Сл. ПЗБ). Сюды ж аддзеяслоўны назоўнік прыю́т ’дзяржаўны дом для дзяцей-сірот і састарэлых’ (Янк. 1), ’дзіцячы дом’ (Ян.), ’у дарэвалюцыйнай Расіі дабрачынная ўстанова для выхавання беспрытульных дзяцей’ (пруж., Сл. ПЗБ), прыю́тны ’ветлівы’ (Ян.), прыю́тный, прыю́тлывый ’той, хто лёгка ўваходзіць у кантакт з людзьмі; кампанейскі’ (бяроз., ЛА, 3), прыю́тый ’мілы, прыгожы, прытульны’ (Бяльк.). Назоўнік прыют і дзеяслоў прыюціць, несумненна, запазычаны з рус. приют ’прытулак’, приюти́ть ’даць прытулак’ (параўн. ЕСУМ, 4, 586). Што да прыметнікаў, то яны могуць узыходзіць непасрэдна да *jutiti sę ’змяшчацца ў невялікай прасторы’, г. зн. ’быць блізкім адзін да аднаго’, што, паводле Трубачова, можа ўзыходзіць да і.-е. *ieu̯‑t‑, параўн. ст.-інд. yū̆tí‑ ’змяшэнне, сумесь’ (ЭССЯ, 8, 199).

Пры́язнь ’сяброўства; сяброўская прыхільнасць’ (Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб., Янк. БП), ст.-бел. приязнь ’тс’ (Альтбаўэр); сюды ж прыя́знасць ’уласціваць прыязнага; сяброўскія, добразычлівыя адносіны’ (ТСБМ), прыя́зны ’прасякнуты сяброўскімі адносінамі, дружалюбнасцю, даверам; добразычлівы, спагадлівы; які выказвае дружалюбнасць, добразычлівасць, прыязнасць’ (ТСБМ; бабр., маг., Шн. 2; Гарэц., Ласт., Байк. і Некр.), прыя́зніцца ’моцна сябраваць’ (Нас.), прыя́злівасць ’сяброўская прыхільнасць’, прыя́злівы ’які выказвае прыязнасць’, прыя́зліва ’па-сяброўску’ (Нас.), ’прыязна, прыхільна’ (Бяльк.). Рус., укр. при́язнь ’тс’, польск. przyjaźń ’сяброўства’, н.-луж. pśijazń ’ласкавасць, міласць’, в.-луж. přijazny ’міласцівы, добразычлівы’, чэш. přízeń ’добразычлівасць; роднасць’, славац. priazeń ’прыязнасць, добразычлівасць’, славен. prijázen ’мілы, ветлівы’. Прасл. *prijaznь ’добразычлівасць, ветлівасць’, *prijaznъ ’добразычлівы, ветлівы’, утвораны ад *prijati (гл. прыяць) з суф. ‑znь (гл. Слаўскі, SP, 1, 119); гл. яшчэ Фасмер, 3, 369; Махэк₂, 495; Голуб-Копечны, 302; Брукнер, 445; Банькоўскі, 2, 935; Сной₂, 575). Прыя́знасць і прыя́злівы ў беларускай могуць быць запазычаннямі з польск. przyjazność і przyjazliwy; паводле Булахава (Развіццё, 12), апошняе слова — калька з рускай, што цяжка давесці.