Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Прые́мны ’які прыносіць задавальненне, радасць; прывабны’ (ТСБМ), прыёмны ’ветлівы; удзячны’ (Ян.), прые́мны, ’той, хто лёгка ўваходзіць у кантакт з людзьмі; кампанейскі’ (гродз., ЛА, 3), прыямне́йшы ’больш прыемны’ (дзятл., Сл. ПЗБ), прыёмны ’ветлівы; гасцінны’ (Сл. ПЗБ, ТС); таксама цікавыя прінёмчасты, прынёмцыстый ’тс’ (віц., гарад., ЛА, 3) з другасным узнаўленнем гістарычнага суф. ‑н‑, які асэнсоўваецца як пачатак займеннікавага кораня. Узыходзіць да прасл. *prijьmьnъjь, прэфіксальнага ўтварэння ад *jьmьnъjь з рэалізацыяй у заходніх і ўсходніх славян (ЭССЯ, 8, 230; параўн. Слаўскі, 1, 561 і SEK, 1, 346). Інакш ЕСУМ (2, 296), дзе ўсе вытворныя разам з зыходнымі формамі адносяцца да прасл. *imati. Польск. przyjemny ’прыемны’, чэш. příjemný, славац. príjemny, рус. дыял. прии́мный ’гасцінны, той, хто з ахвотай, ласкава, сардэчна прымае’, укр. приємний ’прыемны’, прийо́мний ’гасцінны’. Паводле Векслера (Гіст., 209), форма прые́мны запазычана з польск. przyjemny ’тс’, а лексема прыёмны — з рус. приёмный (там жа, 190); інакш Станкевіч (Зб. тв., 2, 156), які разглядае іх у агульным радзе з узае́мны, яе́чня, Трае́цкі, што проціпастаўляюцца рус. взаи́мный, яи́чница, Тро́ицкий. Гл. таксама пра бел. непрые́мны Унбегаўн, RÉS, 1929, 1–2, 19.

Прыём ’прыстанішча, прыстанак’ (Ян.), таксама прыймо́ ’прыём’ (Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб.). Сюды ж вытворнае прыёмыш ’прыёмны сын або прыёмная дачка’ (ТСБМ) і яго дэрывацыйны варыянт пры́мыш ’прыёмыш; прымак’ (Нас.). Бяссуфікснае ад прыйма́ць/прым́аць (гл.).

Прыжа́ляць ’крыху падгарэць на гарачай печы, ляжанцы (пра адзенне, тканіну)’ (дзярж., Нар. сл.). Прэфіксальнае ўтварэнне ад жа́лець ’тлець’ (гл.; таксама жу́ляць, жу́раць), для якога, відаць, можна прапанаваць прасл. *žalěti, параўн. таксама каш. žaleć ’тлець’ (на апошняе, як і на ст.-польск. žal ’працэс гарэння’, звярнуў увагу яшчэ Ільінскі; гл. Бярнштэйн, Чередования, 12). Такім чынам, ёсць падставы рэканструяваць пару *žalěti/*žalь, адпаведную *žariti/*žarъ. Абедзве пары суадносяцца з і.-е. сінанімічнымі каранямі *g​ụher‑/g​ụhel; параўн. яшчэ і.-е. *g(e)u‑lo‑ ’жар; тлеючае вуголле’, добра адлюстраванае ў германскіх мовах (Покарны, 1, 399, 495; Супрун, Зб. Геаргіеву, 268–272). Параўн. таксама балг. дыял. прижулям ’(пра сонца) прыпячы, напячы’, якое, згодна з БЕР, 5, 710, ад жуля ’пячы, шчымець’, што, магчыма, звязана з зыходнай формай.

Прыжану́ць ’прыгнаць’ (Ян.). Прэфіксальнае ўтварэнне ад незафіксаванага *жану́ць/*жэну́ць/*жыну́ць, форма якога звязана з прасл. *ženǫ (1 ас. адз. л. цяп. час) ад *gъnati (гл. ЭССЯ, 7, 196–197). Падаецца, аднак, што з улікам ст.-бел. приженути ’прыгнаць; спешна прыехаць’, а таксама рус. наўг. прижа́нуть ’наблізіць усутыч’, прижену́ть ’падсунуць да нечага’ з вельмі блізкай семантыкай, з’яўляецца магчымасць для рэканструкцыі інфінітыўнага карэляту *ženǫti.

Пры́жар ’пах гарэлага, прыжаранага; чад’ (стаўб., Жыв. сл.; гродз., Жыв. НС). Бяссуфікснае ўтварэнне ад прыжа́рыць, гл. жарыць, жар.

Прыжа́хаць (прыжа́хыць, пріжа́хыць) ’хутка прыбегчы’ (Бяльк.). Прэфіксальнае ўтварэнне ад жа́хыць ’хутка бегаць’ (Бяльк.). Параўн. з блізкай семантыкай укр. дыял. жахну́ти ’кінуцца’, жє́кнути ’імкліва кінуцца на каго-небудзь’ (Жэлях.). Разам з жа́хнуць ’гучна ўдарыць, бахнуць; з сілай кінуць, паваліць’, рус. жа́хнуть ’ударыць, выцяць’, укр. жа́хнути ’тс’ з’яўляюцца, відаць, экспрэсіўнымі ўтварэннямі (так і ЕСУМ, 2, 189, але без уліку беларускіх адпаведнікаў). Гл. жах.

Прыжда́ць ’дажыць да таго часу, пакуль здзейсніцца якое-небудзь жаданне, ажыццявіцца жаданае; дачакацца’ (ТСБМ, Бір. дыс., Вяр.), прыжда́ты, пріжда́цца ’тс’ (Бяльк.; кам., Жыв. НС). Прэфіксальнае ўтварэнне да слаба зафіксаванага ждаць (гл.) < прасл.*žьdati.

Пры́жкі ’які здольны скакаць’ (ТС). Да пры́гаць (гл.); сюды ж вытворнае ад яго пры́жыць ’спружыніць’ (там жа), хаця адносіны паміж імі могуць быць і адваротнымі (што, праўда, не падаецца абавязковым).

Пры́жма, мн. л. пры́жмы ’паплёт (у страсе паверх саломы)’ (слаўг., чэрык., ЛА, 4). Прыставачна-суфіксальнае ўтварэнне ад слаба зафіксаванага (вынік выціскання групай з коранем ціс(н)‑) жаць, жму ’ціснуць’ (гл.) < прасл. *žęti, *žьmǫ. Параўн. рус. разан., калуж., арханг. прижи́м ’тонкая жэрдка, якой прыціскаюць, замацоўваюць саламяную страху’.

Прыжмо́ ’каласкі жыта, падсмажаныя на агні’ (Нар. Гом.). Суфіксальнае ўтварэнне ад пры́жыць 1 ’пражыць, смажыць’ (гл.). Гл. таксама пражмо́.