Пераплаў ’параход’ (Ян.). Пад уплывам народнай этымалогіі з парстлаў ’параход’, якое утварылася на базе параход шляхам замены хадзіць на плаваць, плысці (гл.), параўн., магчыма, штучна створанае вадаплаў ’параход’ (Ласт.), а таксама в.-луж. preplaw ’пераправа праз раку’.
Прыймя́ ’прыназоўнік’ (Гарэц., Ласт., Байк. і Некр.). Позняе прыставачна-бяссуфікснае ўтварэнне ад імя́ (гл.). Параўн. такога ж кшталту лінгвістычны тэрмін займя́ ’займеннік’. Не выключаны ўплыў польск. przyimek ’займеннік’, які, паводле Банькоўскага (2, 935), з’яўляецца “скарочаным наватворам” *przyimionek.
Руба́цца ’біцца сякерай’ (ТС), руба́ць ’сячы, цяць’ (Ласт.). Укр. руба́ти, руба́тися ’сячы, сячыся, рубацца’, польск. rąbać ’сячы’, чэш. rubati, славац. rubať ’сячы’. З прасл. *rǫbati (sę) з тым жа коранем *rǫb‑, што і ў руб, рубіць (гл.).
Схе́ма ’спрошчаны чарцёж, агульны план, накід’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), схэ́ма ’тс’ (Ласт.). Запазычана праз польскае пасрэдніцтва або непасрэдна з лац. schema ’выгляд, знешнасць, фігура’, што паходзіць з грэч. σχῆμα ’тс’ (Фасмер, 3, 815; ЕСУМ, 5, 490).
Сюсю́каць ’размаўляючы, замяняць шыпячыя гукі свісцячымі’; ’размаўляць па-дзіцячаму’ (ТСБМ, Ласт.), ’гаварыць шэптам; змаўляцца’ (Яўс.), сюсю́кацца ’гусці (пра пчол)’ (лід., Сл. ПЗБ). Укр. сюсю́кати ’тс’, ’гаварыць з прысвістам, падобна дзіцяці’, рус. сюсю́кать ’тс’. Гукапераймальнае (Фасмер, 3, 823).
Распа́зіць ’разабраць, разняць, ускрыць’ (чавус., Ласт.), роспазова́ць ’разняць, рассячы ці распілаваць калоду ўдоўж’ (ТС). Да паз (гл.), параўн. рус. пск., асташ. распази́ть ’разабраць, распластаць (рыбу)’, смал. ’падзяліць на часткі, палавіны’, што, відаць, сведчыць аб агульнай усходнеславянскай дыялектнай інавацыі.
Скандава́ць, скандзі́раваць ‘выкрыкваць, выдзяляючы склады ці словы’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.). З польск. scandować ‘тс’ або з ням. scandieren праз рус. скандировать ‘тс’; параўн. і старое рус. скандова́ть ‘тс’. Крыніца слова ў лац. scandere ‘паднімаць, павышаць (голас)’.
Су́калень ’птушка вераценік’ (Інстр. 2, Ласт.). Да сукаць, сукала, гл. матывацыйную сувязь іншай назвы з верацяно. Хутчэй за ўсё, гукапераймальнай мутацыйнага паходжання (перадае скрып матавіла). Неверагодна збліжэнне з кал у Фасмера (3, 798). Гл. Антропаў, Назв. птиц, 368.
Ся́ўрана ’суха і ветрана (пра надвор’е)’, ся́ўрыць ’сушыць на сцюдзёным ветры’ (Ласт.), сяўрёнка ’мяса, вытрыманае на халодных веснавых вятрах’, сяўрёный ’высіверачы (пра кумпяк, каўбасы, мяса)’ (віц., Нар. лекс.). Да север, сівер (гл.), параўн. рус. северя́к ’сцюдзёны паўночны вецер’.
Смех ‘праяўленне весялосці, радасці і пад.’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), ‘тс’ і ‘жарт, забава’ (Яўс.), смеў (сьмеў) ‘тс’, мн. л. сме́вы: смевы ды перасьмеўкі (Ласт.). Параўн. укр. сміх, рус. смех, польск. śmiech, в.-луж., н.-луж. směch, чэш. smích, славац. smiech, серб.-харв. сми̏јех, славен. smẹ̑h, балг. смях, макед. смев, ст.-слав. смѣхъ. Прасл. *směchъ утворана з дапамогай суф. ‑chъ ад *smьjati sę ‘смяяцца’; гл. Слаўскі, SP, 1, 70; узыходзіць да і.-е. *smoi̯sos ‘тс’ (Фасмер, 3, 684 з літ-рай; Сной₁, 584; Борысь, 617). Формы з в (ў) у выніку фанетычных змен. Гл. смяяцца.