Скандава́ць, скандзі́раваць ‘выкрыкваць, выдзяляючы склады ці словы’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.). З польск. scandować ‘тс’ або з ням. scandieren праз рус. скандировать ‘тс’; параўн. і старое рус. скандова́ть ‘тс’. Крыніца слова ў лац. scandere ‘паднімаць, павышаць (голас)’.
Скацё зборн. ‘каровы’ (мядз., Сл. ПЗБ). Ад скот, скаціна (гл.) з суф. зборнасці ‑jo, аднак на Лагойшчыне гэтая форма была ўспрынята як назоўнік н. р. skació ‘адна штука статка’, пры skaciaty ‘статак’ (Варл.). Параўн. таксама аднаўленне значэння зборнасці ў скаце́ж, скаце́жка ‘тс’ (Ласт.).
Скло́ка ‘сварка, непрыязныя адносіны’ (ТСБМ), ‘калатня, гармідар; віхор, ураган’ (Ласт.), ‘моцны вецер з дажджом’: нахопітца склока да й пакруціць, паломіць усе збожэ (Сержп.). Параўн. укр. скло́ка ‘сварка’ (з рус., гл. ЕСУМ, 5, 276), рус. скло́ка ‘тс’, якое Якабсон (IJSLP, 1959, 1–2, 270) узводзіць да клок (гл.), параўн. таксама клаката́ць ‘сварыцца’ (Мат. Гом.), гл.; сюды ж склы́ка ‘лаянка, варожасць’ (Касп., Мат. Гом.), ‘сваркі, калатня’ (Растарг.), якое Трубачоў (Дополн., 3, 642) лічыць экспрэсіўным пераўтварэннем склока; хутчэй да клы́чыць ‘шкуматаць, блытаць; дражніць (злаваць)’, гл. Фасмер (3, 642) рус. склы́ка разглядае як дэрыват ад клык (гл.). Першасным значэннем трэба прызнаць ‘блытаць, круціць’, параўн. клочча ‘адходы пры апрацоўцы льну’ (гл.), рус. скло́чить ‘склычыць, пераблытаць’ (Ласт.).
*Скрэбтаві́нне, скрыбтовы́нне ‘аскрэбкі (звычайна з кораняплодаў)’ (Клім.). Да інтэнсіўнай формы ад скрабаць (гл.) — скрабата́ць ‘скрэбці’ (Ласт., Сцяшк. Сл.), скработі́ты ‘скрабці, шастаць’ (Сл. Брэс.), параўн. укр. скребта́ти ‘тс’, з суф. ‑вінн(е), які ўтварае назвы адходаў пры адпаведных дзеясловах (Сцяцко, Афікс. наз., 22). Гл. наступнае слова.
Скарпіён ‘ядавіты павук’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ст.-бел. скоропей ‘тс’. Карскі (1, 257) прыводзіць склонавую форму слова з т. зв. другім поўнагалоссем ст.-бел. скоропіѧмъ (XVI ст.), для якой падае рэканструяваную аснову *skъr̥p‑. Запазычана з ст.-слав. скоръпии, што з грэч. σκορπίος ‘тс’ (Фасмер 3, 654). Сучаснае беларускае слова, відаць, з рускай мовы.
Сканда́л ‘непрыстойная падзея’, ‘сварка з крыкам, бойкай’ (ТСБМ, Ласт., Др.-Падб.). Запазычанне з заходнееўрапейскіх моў, параўн. ням. Skandal, франц. scandale, якія ад лац. scandalum ‘непрыстойнасць, непрыстойныя паводзіны’, магчыма, праз рускае ці польскае пасрэдніцтва. Ст.-слав. сканъдалъ, сканъдѣлъ ‘пастка, сетка’, ‘спакуса’, ц.-слав. скандалъ ‘спакуса’ непасрэдна з грэч. σκάνδαλον ‘пастка’ (Праабражэнскі, 2, 294; Фасмер 3, 632; ЕСУМ, 5, 264).
Ско́лькі 1 ‘плямы тлушчу ў варыве’: жырные сколькі (Куч.). Гл. скалка 2.
Ско́лькі 2 ‘колькі’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Байк. і Некр., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), сколь ‘тс’ (ТС). Гл. колькі. Сюды ж ско́люзна экспр. ‘колькі’ ад асновы *skolʼ‑ (параўн. рус. сколь ‘як многа’) і суф. ‑уз‑, які выражае значэнне вялікай колькасці, адсюль сколю́знасць ‘багацце’ (Мат. Гом.).
Скок — дзеянне паводле дзеяслова скакаць (гл.) (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр.), дыял. таксама скік (гл.), скок, ско́кі ‘танцы’ (ТСБМ, Ласт., Гарэц., Касп., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), таксама і скакі, гл. Укр. скок, скік, рус. скок, бранск. ‘скокі, танцы’, ст.-рус. скокъ ‘скакун’, польск., в.-луж., н.-луж. skok, чэш., славац. skok ‘скок’, серб.-харв. ско̑к ‘скок; вадапад’, славен. skòk ‘скок’, балг. скок ‘скок; вадапад’, макед. скок ‘скок’. Прасл. *skokъ, якое мае паралелі ў літ. šókti ‘скакаць; танцаваць’, лат. sâkt ‘пачынаць’, ст.-в.-ням. giscëhan ‘здарацца’ і інш.; гл. Фасмер, 3, 645 з літ-рай. Борысь (552) параўноўвае яшчэ з літ. kuokìnė ‘вячоркі са скокамі’ < kuokas (старое) ‘скок; скокі’, skúoc ‘гоп!’ і ўзводзіць да і.-е. *(s)kōk‑ ‘хутка рухацца ўгару’ ад і.-е. *kāk‑/ḱāk‑; гл. яшчэ БЕР (6, 766–767), дзе мяркуецца пра і.-е. корань *(s)kek‑. Гл. скочыць.
Скака́ць ‘падскокваць’, ‘танцаваць’, ‘хутка бегчы’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Касп., Бяльк., Шымк. Собр., Пятк. 2, Сл. ПЗБ, ТС), параўн. укр. скака́ти, рус. скака́ть, польск. skakać, чэш. skákati, славац. skákať, серб.-харв. ска́кати, ска̑че̑м, славен. skákati, балг. ска́кам, макед. скака, ст.-слав. скакати. Прасл. *skakati. Ітэратыў да скочыць < скок (гл.); Фасмер, 3, 630; Махэк₂, 547; БЕР, 6, 716; Борысь, 550.
Скра́вак ‘акравак, беражок’ (Ласт.), ‘абрэзак’ (віл., Сл. ПЗБ; Сцяшк.), ‘скосак’ (Мат. Гом.), ‘малы кусочак хлеба’ (навагр., Нар. сл.). Параўн. польск. skrawek ‘тс’, якое ад skraw ‘асколак, трэска’ < skrawać (Варш. сл.). Слова чаргаваннем галосных звязана з кро́іць, кро́ю (гл.), аналагічна да польск. stawać : stojać, napować : napajać і г. д. (Брукнер, 268), што можа сведчыць пра запазычанне. Аднак значэнне ‘малы кавалачак хлеба’ збліжае слова з акрае́ц, акра́йчык ‘тс’, скра́йка ‘тс’. Гл. скрайчык.