Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

По́мач, по́мыч, по́мац, по́машч, по́муч ’дапамога’ (ТСБМ, Янк. БП, Др.-Падб., Гарэц., Шат., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс., ТС, Юрч. СНЛ). Укр. по́міч, рус. помощь, по́мочь, польск., н.-луж., в.-луж., чэш., славац. pomoc, славен. pomóč, серб.-харв. по̏моћ, балг. помощ, ст.-слав. помошть. Прасл. *pomokъtь < *pomogъtь < *mogъtь < *mogti. Гл. магчы. Форма на ‑ц запазычана з польскай, а на ‑шч — з царкоўнаславянскай праз рускую мову.

По́мачка ’мачанка’ (Сцяшк. Сл.), ’вада для змочвання пальцаў праллі’ (Варл.). Рус. пом ачка ’соус’, помаку́шка ’рэдкая страва з канопляў, у якую макал і хлеб’. Да па‑ і макацъ (гл.).

По́меж ’поруч, побач’ (ТСБМ), ’побач, праз мяжу’ (ЖНС), ’паміж’ (Бяльк.), поміж ’паміж’ (ТС). Польск. pomiędzy ’паміж’, między ’тс’, славац. pomedzi ’паміж’, pomedzie ’мяжа’. Ад по- і меж (гл.). Параўн. поме́жнік (гл. памежнік) ’сусед па палетку’ (ТС). Гл. яшчэ мяжа.

По́мні ’штаны’ (Сл. Брэс.). Да польск. spodnie ’тс’; відаць, адбыўся шэраг фанетычных змен: прыпадабненне сподні > спанні, як у спадніца > спанніца (ДАБМ), далей зноў распадабненне, але з іншым месцам утварэння помні > помні.

По́мнік ’помнік’ (ТСБМ). Польск. pomnik, чэш., славац. pomník ’тс’. Аддзеяслоўны назоўнік ад помніць (гл.), як цягнуць > цягнік (гл.). Хутчэй за ўсё, запазычана з польск. pomnik, што пашырыўся ў XIX ст. як калька з ням. Denkmal ’тс’, адсюль і чэш. pomník (Банькоўскі, 2, 694, насуперак Орлась, JP, 76, 4–5, 299–302), што, магчыма, паўплывала і на ўтварэнне рус. памятник ’тс’ (Кохман, Sprawozd. Opol. TPN, wydz. 2 В, 24, 25–27), параўн. паралельнае ужыванне ў Міцкевіча pomnik, pamiętnik, monument ’тс’.

По́мніць ’памятаць’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк.), помліць, помняць, поўніць ’тс’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. помнити (Сл. Скар.). Рус. по́мнить, польск. pomnieć ’тс’. Прасл. *po‑mьněti (Махэк, 490) < *mьněti/*mьniti ’думаць, меркаваць’, гл. памяць. Станкевіч (Зб. тв., 1, 59) лічыць, што па-беларуску мае быць по́мнець, што неабавязкова, паколькі магчыма і ўтварэнне *po‑mьniti ’тс’, параўн. літ. miñti ’помніць’ і minéti ’прыпамінаць, успамінаць’.

По́мны ’памятны’ (Сцяшк. Сл.). Магчыма, з польск. pomny ’тс’; Банькоўскі (2, 694) лічыць польск. pomny, niepomny, wiekopomny штучнымі паэтычнымі ўтварэннямі.

По́мпа1 ’прыстасаванне для пампавання; насос’ (ТСБМ, Касп., Сл. ПЗБ). З польск. pompa ’тс’ < франц. pompe ’тс’, якое, магчыма, з ісп., партуг. bomba ’тс’, гукапераймальнае (БЕР, 5, 513), лац. bombus ’гудзенне, шум’ < грэч. βόμβοξ ’тс’, параўн. бомба (гл.).

По́мпа2 ’паказная пышнасць’ (ТСБМ), ’пыха, гонар’ (Нас.). З польск. (Булыка, Запазыч.) або непасрэдна з лац. pompa ’урачыстае шэсце; пышнасць’ < грэч. πομπή ’пасылка, суправаджэнне, урачыстае шэсце’ ад πομπεύω ’суправаджаць, урачыста несці, важна ісці’.

По́мста ’адплата за зло’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Сл. ПЗБ, Яруш., Бяльк.), помства ’тс’ (Мядзв., Касп.). Укр. по́мста, польск., славац. pomsta, чэш. pomsta, msta ’тс’. Форма помсты ’помслівы’ (ТС), відаць, ад по́мстны ’тс’ (Варл.) з выпадзеннем суфіксальнага ‑н‑. Да мста (гл.).

По́мут ’каламутнасць’ (Нас.). Бязафіксны назоўнік ад памуціць ’зрабіць мутным’ (ТСБМ). Да мут (гл.).