Тэмбр ‘акустычная афарбоўка гуку’ (ТСБМ), тэ́мбар ‘тс’ (Некр. і Байк.). Відаць, праз польск. tembr ‘тс’, што з франц. timbre (ЕСУМ, 5, 542: непасрэдна з французскай мовы).
Тэміе́жнік ‘прыгнятальнік’ (Сл. ПЗБ), тэміе́жыті ‘знішчаць, высякаць’ (там жа), ст.-бел. тямяжити ‘прыгнятаць’ (1598 г., ГСБМ). З польск. ciemiężca ‘тс’ з падляшскай фанетыкай і заменай арыгінальнага суфікса на рэгулярны для беларускай мовы суфікс ‑нік са значэннем ‘асоба мужчынскага полу па роду дзейнасці ці па схільнасці да чаго-небудзь’ або ўтвораны непасрэдна ад запазычанага дзеяслова. З польск. ciemiężyć ‘прыгнятаць, прыціскаць’, што да прасл. *temati ‘прыціскаць, душыць’ (Борысь, 80), гл. тамі́ць. ЕСУМ (5, 544) для адпаведнага запазычанага ўкр. темя́жити дапускае сувязь з тімʼя ‘цемя’.
Тэмп 1 ‘ступень хуткасці, развіцця’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.), те́мпо ‘тс’ (Вруб.). Еўрапеізм, пранікненне праз рускую мову (темп), дзе з XVIII ст. выводзіцца з ням. Tempo ці непасрэдна з італ. tempo < лац. tempus ‘тс’ (Фасмер, 4, 41; Арол, 5, 59); беластоцкае слова праз польск. tempo ‘тс’ таго ж паходжання.
Тэмп 2 ‘гатунак бульбы’ (Брасл. сл.), тэ́мпа ‘тс’ (слонім., Расл. св.). Ад рэгіянальных варыянтаў назваў гатунку, першапачаткова тэмп (БелСЭ, 2, 464), гл. тэмп 1.
Тэ́мпера ‘фарба, расцёртая на яечным жаўтку’ (ТСБМ). З рус. те́мпера ‘тс’, якое, у сваю чаргу, з італ. tempera.
Тэмпера́мент ‘тып псіхічнай дзейнасці’ (ТСБМ), тэмпэра́мент ‘тс’ (Некр. і Байк., Пятр.), ст.-бел. тэмпэраментъ ‘тс’ (1616 г., ГСБМ). Са ст.-польск. temperament ‘тс’, якое, у сваю чаргу, з лац. temperament ‘незалежныя суадносіны частак’ (Булыка, Лекс. запазыч., 128).
Тэмперату́ра ‘цеплавая характарыстыка’ (ТСБМ), ‘гарачка, павышаная тэмпература’ (смарг., Сл. ПЗБ), тэмпэрату́ра ‘тс’ (Некр. і Байк., Ласт.). З рус. температу́ра ‘тс’ ці польск. temperatura ‘тс’, што, у сваю чаргу, з лац. temperatura ‘стан’. Сюды ж тэмперату́рыць ‘мець павышаную тэмпературу’ (віл., Сл. ПЗБ).
Тэ́нар ‘высокі тэмбр мужчынскага голасу’ (ТСБМ, Пятр.), тэно́р ‘тс’ (Некр. і Байк.). Хутчэй за ўсё, праз польскую мову, дзе tenor ‘самы высокі мужчынскі голас’, якое з італ. tenore ‘тс’. Форма з канцавым націскам з франц. tenor, якое таксама з італьянкай мовы (Арол, 4, 60), што ад лац. tenēre ‘тэнар; трымаць’, бо высокі голас «трымае» мелодыю (Фасмер, 4, 42).
Тэ́ндаль ‘гультаявата дзяцюк’ (слуц., Жыв. сл., 65). Экспрэсіўнае ўтварэнне гукапераймальнага пахожання, параўн. тындаль, гл.
Тэндэ́нцыя ‘напрамак развіцця, накіраванасць’ (ТСБМ, Пятр.), ‘імкненне, нахіл’ (Некр. і Байк.). Еўрапеізм, з лац. tendēns ‘накіраванасць’ праз ням. Tendenz або франц. tendense ‘тс’. Магчыма, у беларускую прыйшло праз рускую, дзе адаптаванае з XIII ст. тенде́нция ‘тс’ (Арол, 4, 60).
Тэ́ндэр ‘прычэп да паравоза’; ‘конкурсная форма правядзення таргоў’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Праз рус. те́ндер, дзе з англ. tender ‘тс’, ‘заяўка на падрад’ (Арол, 4, 60).