Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ляшчот ’шарпак, верхні цвёрды слой снегу, замёрзлага пасля адлігі’ (стол., ЛАПП). Паўн.-слав. утварэнне з суфіксам ‑ъtъ ад ляшчаць, якое да ляск (гл.) < lesk‑/lešč. Гукапераймальнае (Бернекер, 1, 702; Фасмер, 2, 552).

Ляшчотка ’трашчотка’ (Гарэц.), ’раздвоеная на адным канцы палоска кары, якая ўжываецца для біцця ў гульні’ (Нас.), ’аплявуха’ (Шат.). Да ляскаць, лёскат (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко (Афікс. наз., 62).

Ляшчоткі ’абцугі’ (Сцяшк.), ’ціскі для выціскання воску, сыру’ (Сержп. Борт., Сл. ПЗБ), ’раздвоеная з аднаго канца дошчачка для заціску чаго-небудзь’, ’лубкі, у якія забінтоўваецца вывіхнуты сустаў, увязваецца зламаная канечнасць’ (КЭС, лаг.; ТСБМ, Сл. ПЗБ). Укр. леще́ти, ле́щата, рус. ле́щедь, лещадь, польск. leszczotka, leszczoty, чэш. lešta. Да прасл. паўн. lešč‑etь (lešč‑et‑ъka), leščeta, якія з lešciti/leskati ’расшчапляць, удараць, ляпаць’. Яны адносяцца да этымалагічнага гнязда з коранем lešč‑/lest‑ > ляшча́ць (гл.) (Слаўскі, 4, 174–176; Фасмер, 2, 491; Куркіна, Этимология–74, 47–51). Брукнер (KZ, 46, 210–211) прымае версію з адпаўшым пачатковым гукам (параўн. бел. кляшчоткі ’ляшчоткі’, польск. oklascki, okleszczyny ’планкі для звязвання паламанай канечнасці’ і інш.). Бернекер (1, 702) адносіць лексему да лёскать ’ляпаць, шчоўкаць, грукаць’.

Ляшчэвіна, ляшчэўнік, ляшчы́на, лешчы́на, лехчы́на, лішчэна, ляшчы́ннік, ляшчы́ніна, ляшчэўніна ’арэшнік звычайны, Corylus avellana L.’ (Мядзв., Касп., Гарэц., Федар. 6, ТСБМ, Бяльк.; міёр., Нар. словатв., Сл. ПЗБ). Да леска1 (гл.).

Ля́шыць, ляшы́ць ’разбіваць участак зямлі на палосы’, ’пазначаць, ставіць тычкі, вешкі за сейбітам на загоне’ (Нас., Сцяшк., Бяльк., Гарэц., Юрч., Касп., Мат. Маг., Сл. ПЗБ, Янк. Мат., Нар. лекс., Нар. словатв.), ’праганяць барозны па засеяным полі для спуску вады’ (КЭС, лаг.). Да ляха́2 (гл.). Сюды ж ляшэннік ’той, хто лешыць’ (зэльв., Нар. словатв.; Юрч.).