Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тылылы́ — пра балбатню: пыча́лі ны пяць часоў тылылы́ (мсцісл., Нар. лекс.), звычайна ў спалучэнні біць тылылы́ ‘гультаяваць, займацца нявартаснымі справамі’ (Янк. БФ, Сержп. Прык.). Параўн. укр. тили‑ли́, тілі‑лі́ позняе гукаперайманне з частковай рэдуплікацыяй (Смаль-Стоцкі, Приміт., 59). Звычайна ў музычных прыпевах; рус. дыял. талалы́‑балалы́ і пад. (Фасмер, 4, 14; ЕСУМ, 5, 507). Гл. талала, тылі-тылі.

Тылыска́ць ‘тузаць, цягаць’, тыласну́ць ‘тузануць, пацягнуць рыўком’ (Бяльк.). Гл. таласкаць.

Тыль ‘прачуханец’: даў тылі, як заяц кабыле (Вушац. сл.). Няясна. Дэфармаванае тыле ‘столькі’ (гл.)? Параўн. ст.-бел. тыле ‘тс’ (XVI ст., ГСБМ), укр. тиль‑тиль ‘ледзь-ледзь’.

Тыльё ‘тупы бок касы’ (Чуд.), ‘тыльная частка нажа’ (ТС), тыллё ‘лязо нажа’ (Касп., Мат. Маг.) — адносна апошняга Станкевіч мяркуе, што гэта старана, процілеглая лязу (Стан., 1173), аднак фіксацыя ў розных населеных пунктах пярэчыць гэтаму меркаванню. Да тыл (гл.); змена семантыкі, магчыма, звязана з мясцовай трансфармацыяй зыходнага слова ў дыял. тул, гл. Сюды ж памянш.-ласк. ты́льечко ‘паркан’ (Доўн.-Зап., Пін.), параўн. тыльна сцяна ‘глухая сцяна з цэлых бярвёнаў, прасла’ (ЛА, 4), магчыма, першапачаткова ад тын, гл.

Ты́лька ‘толькі’: тылька асталося тры зелечка (там., Д.-Хадак.), тылько, ты́лькі ‘толькі’ (воран., гродз., беласт., кам., драг., Сл. ПЗБ), ‘толькі што, нядаўна’ (воран., астрав., там жа), ст.-бел. тылько, тылко, тилко ‘не больш як’, ‘выключна, адзіна’, ‘толькі’ (1501 г., ГСБМ). Апошнія лічацца запазычанымі са ст.-польск. tylko (Булыка, Лекс. запазыч., 201; Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 5, 154).

Ты́лькнуць (ты́лькнуты) ‘выканаць малую частку належнай работы’ (драг., З нар. сл.). Аднакратны дзеяслоў ад мясцовага ты́лькі ‘толькі’ (Клундук), параўн. ст.-бел. тылко, тылько ‘не больш як, усяго’ (ГСБМ). Гл. наступнае слова.

Ты́льма ‘нядаўна’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. польск. tylma, tylmo ‘чуць, ледзве не’ (Варш. сл.). Няясна; магчыма, ад зыходнага тыле ‘столькі, толькі’ (гл.), ускладненага ўзмацняльнай часціцай *‑ma (*‑mi), як у *tolьma/*tolьmi ‘вельмі шмат’, *kolьma/*kolьmi ‘як многа’, *velьma/*velьmi/*velьmo ‘вельмі’, *vьsьma ‘надта, дужа’ і інш. (ESSJ SG, 1, 320–322).

Тыльма́ ‘бабка ў каня (якую на зіму каню абразаюць)’ (ТС). Няясна.

Ты́льнік ‘кароткая дошка, якой закрываюць уваход у вулей з тылу’ (дзятл., Жыв. сл.). Да тыльны, тыл (гл.), сюды ж, відаць, ты́льня ‘прыбудоўка да сяней’ (ЛМТ).

Ты́льчыць ‘уціскаць, усаджваць’ (Бяльк.); сюды ж, магчыма, і ты́льчыць ‘прасці’ (Касп.). Няясна; фармальна можа быць звязана з тылькнуць, гл.

Тыль-мыль — пра няпэўную або невыразную гаворку: тыль‑мыль — і стаў саўсім другея вузлы вязаць (памяняў думку) (маг., Наша слова, 1992, 26 лют.). Гукапераймальны імітатыў, параўн. тык-мык, гл.